Ніякай крытычнай масы!
Як стала
вядома праваабаронцам, вечарам 29 красавіка было затрымана не менш за шэсць
раварыстаў-удзельнікаў "Крытычнай масы".
Каля 35 чалавек сабралася сёння каля Опернага тэатру, каб праехаць па горадзе на роварах і заявіць пра правы раварыстаў на дарозе. Таксама на месцы збора былі заўважаны 10 супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным, чатыры АМАПаўцы. За падзеямі сачыў назіральнік ад Беларускага Хельсінкскага камітэту Кірыл Кажэнаў, які ехаў па ходніках у канцы калоны.
Каля стэлы канец калоны раварыстаў падрэзаў бардовы мікрааўтобус, адтуль выскачылі супрацоўнікі АМАПу, якія затрымалі шэсць чалавек, у тым ліку і назіральніка БХК. Маладых людзей закінулі ў аўтобус тварам у падлогу, наносілі ім удары ў жывот і па тварах. Зверху на затрыманых закінулі ровары і адвезлі ў Цэнтральны РУУС. Магчыма затрымана большая колькасць удзельнікаў "Крытычнай масы".
У РУУС інфармацыю пра затрыманні не падцвярджаюць. Вядома, што адзін з затрыманых грамадзянін Расійскай Федэрацыі Пахомаў Дзмітрый. Таксама сярод затрыманых Аляксей Адамовіч, Стас Барэцкі, Аляксей Круглакоў.
"Такога ніколі не было дагэтуль. Самае жорсткае прэсаванне было перад выбарамі: пару ДАІшнікаў, мікрааўтобус з АМАПам. А сёння проста жэсць нейкая, паляванне!" — кажа адзін з удзельнікаў велапрабега.
Назіральнікі, якія прысутнічаюць каля РУУС, бачылі праз вакно, як хлопцаў па чарзе падводзілі да стала і давалі распісацца ў паперах. Потым усіх затрыманых паставілі тварам да сцяны, а ў гэты час да будынка пад'ехаў бардовы мікрааўтобус, у якім прывезлі хлопцаў.
spring96.org