Непатапляльны Сямашка ды пуга для беларусаў

Дэпутаты шукаюць новыя спосабы атакі на грамадзянскую супольнасць. Менавіта так многія расцанілі ўнясенне ў Палату прадстаўнікоў законапраекта, які ўзмоцніць адказнасць за прапаганду нацызму і экстрэмізму. І калі з нацызмам усё больш-менш зразумела, з экстрэмізмам — не.

b9264008071ad9650e6beba914af78f4_l.jpg

Уладзімір Сямашка, які адпачываў ад дзяржаўнай службы апошнія два месяцы, прызначаны амбасадарам Беларусі ў Расіі. Хтосьці можа палічыць, што быць амбасадарам, маючы досвед працы міністрам энергетыкі ды намеснікам прэм’ер-міністра, — гэта не ўзровень. Калі б гаворка ішла пра якую-небудзь іншую краіну, накшталт Аргенціны ці Швейцарыі, гэта было б праўдай. Але ж калі гаворка пра Расію — цяжка знайсці больш дасведчанага чалавека за Уладзіміра Сямашку. Менавіта ён вёў усе складаныя перамовы з Расіяй па пытаннях паставак нафты і газу.

Пошук новага амбасадара вёўся доўга і дбайна — месца пуставала больш за два месяцы. Кажуць, у верасні Лукашэнку прапаноўвалі некалькі кандыдатур, але ён раскрытыкаваў прапановы і загадаў шукаць далей. Відаць, нікога лепшага не знайшлі і вырашылі звярнуцца да праверанага Сямашкі, якому пасля жнівеньскага звальнення з пасады віцэ-прэм’ера многія прарочылі правесці старасць у якасці звычайнага пенсіянера.

Аднак такімі кадрамі не раскідваюцца — гэта стала відавочна на тэрміновай нарадзе, якую ў верасні пасля вяртання з Сочы правёў Аляксандр Лукашэнка. Тады ў выходны дзень было склікана амаль 20 топ-чыноўнікаў, а пільныя журналісты разгледзелі на фотаздымках з нарады і Уладзіміра Сямашку, які ў той час не займаў ніякай афіцыйнай пасады. Сам Сямашка ўхваліў сваё прызначэнне амбасадарам — маўляў, не магу сядзець без працы, хоць зубастыя каментатары пачалі сумнявацца, што ў Сямашкі хопіць сілаў і здароўя на такую адказную дзейнасць — усё ж праз год ён будзе адзначаць 70-гадовы юбілей. Зрэшты, яго жаданне і здароўе абсалютна не важныя, калі краіна жыве па прынцыпе «дзяржаўная патрэба».

Пакуль чыноўнікі шукалі лепшага кандыдата для адбівання эканамічных атак з боку «брацкай» Расіі, дэпутаты шукалі новыя спосабы для атакі на грамадзянскую супольнасць. Менавіта так многія расцанілі ўнясенне ў Палату прадстаўнікоў законапраекта, які ўзмоцніць адказнасць за прапаганду нацызму і экстрэмізму. І калі з нацызмам усё больш-менш зразумела, з экстрэмізмам — не.

Калі дэпутаты ўхваляць законапраект, то ў артыкул 17.10 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях будзе ўведзеная адказнасць за прапаганду, публічную дэманстрацыю, выраб і распаўсюджванне сімволікі і атрыбутыкі экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацый. Акрамя таго, прадугледжана пакаранне за набыццё ў мэтах распаўсюджвання альбо захоўванне такой сімволікі. Пералік экстрэмісцкіх або тэрарыстычных арганізацый будзе апублікаваны пазней.

Вось тут сапраўдная інтрыга — каго ж залічаць да такіх арганізацый? Калі арыентавацца на тое, каго рэгулярна называюць адмарозкамі ды экстрэмістамі ў дзяржаўных СМІ, — найбольшая верагод­насць, што экстрэмістамі назавуць анархістаў ды нацыянальна арыентаваныя моладзевыя арганізацыі накшталт «Маладога Фронту». А там ужо і да штрафаў за нацыянальныя сцягі недалёка. Хаця, мажліва, грамадзянская супольнасць і дарма панікуе, але прабачым ім — з нашымі «клапатлівымі» дэпутатамі заўжды лепш перастрахавацца.

Не менш цікавай выглядае спроба паставіць пад кантроль прадукцыю замежных СМІ — для гэтага па працэдуры, зацверджанай урадам, адмысловая камісія на чале з першым намеснікам міністра інфармацыі Паўлам Лёгкім будзе праводзіць адмысловую экспертызу. Камісія будзе правяраць, ці не прапагандуюць медыя наркотыкі, вайну, экстрэмісцкую дзейнасць. Навошта, калі падобная прапаганда і так забаронена? Ці будзе лічыцца прапагандай вайны, напрыклад, сюжэт пра беларускіх добраахвотнікаў на Данбасе, выпушчаны Белсатам ці «Радыё Свабода»? Відавочна ж, пад каго рыюць.

Пра клопат дэпутатаў, дарэчы, — гэта не іронія, як можна было падумаць. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка днямі адкрыў у Віцебску новыя яслі-сад. І ўрачыста абвясціў, што цяпер дэпутаты разглядаюць бюджэт на 2019 год і плануюць выдзеліць на развіццё сацыяльнай сферы на 10–12% больш, чым у папярэднім годзе. Ну ці не клопат гэта пра беларускі народ? Праўда, адкуль возьмуцца сродкі на гэтыя абяцаныя 10–12% — пакуль што няясна. Можа, увядуць новы падатак? Нам не ўпершыню. А яшчэ можна паабяцаць, а пасля забраць (напрыклад, унесці папраўкі ў праект бюджэту) — і гэта нам не ўпершыню.

Верагодна, тая «палітычная вакханалія», як выказаўся Аляксандр Лукашэнка, ужо пачалася — з абяцанкамі-цацанкамі і пернікамі. Пуга, мяркую, таксама не прымусіць сябе чакаць.