«Не займайцеся ашуканствам!» — Лукашэнка ўчыніў разнос чыноўнікам у Ваўкавыску
Аляксандар Лукашэнка незадаволены развіццём Гродненскай вобласці і чакае істотнага змянення сітуацыі ў рэгіёне.
«Мяне турбуе, што ў такім моцным рэгіёне, як Гарадзеншчына, па выніках першага паўгоддзя ня выкананыя пяць з васьмі ключавых паказнікаў эфэктыўнасці працы», — сказаў Аляксандар Лукашэнка на нарадзе па сацыяльна-эканамічным разьвіцці Гродненскай вобласці, якая адбылася ў Ваўкавыскім райвыканкаме, перадае БЕЛТА.
Лукашэнка падкрэсліў, што паколькі прагнозныя паказнікі не выконваюцца, то паўстае пытанне аб адпаведнасці некаторых кіраўнікоў пасадам, якія яны займаюць. Паводле яго словаў, кадравыя памылкі трэба выпраўляць.
Старшыня Камітэту дзяржкантролю Леанід Анфімаў распавёў Лукашэнку, што многія пытанні ў рэгіёнах не вырашаюцца з-за таго, што мясцовыя органы ўлады не паведамляюць пра іх ураду краіны, які застаецца недасведчаным у існых праблемах.
«Ёсць такія пытаньні, якія трэба вырашаць на ўзроўні міністэрстваў і ўраду, — сказаў Лукашэнка. — Я ведаю гэтую праблему, яна ёсьць: губернатары не паставілі жорстка пытанні ва ўрадзе, але ва ўрадзе і радыя, што перад імі жорстка не паставілі пытанне».
Ён падкрэсліў: «За гэта будзе сур’ёзнае спагнанне. Калі губернатар не вядзе дыялог з урадам, значыць, будзе новы губернатар. Калі ўрад не разумее мясцовыя органы ўлады, значыць, будзе новы ўрад».
«Сутнасць маёй паездкі — не займайцеся ашуканствам!» — падкрэсліў Лукашэнка.
Паводле «Радыё Свабода»