Нашто Мадура Беларусі?

З улікам сітуацыі, якая склалася ў Венесуэле і вакол яе, візіт Нікаласа Мадуры ў Мінск, на першы погляд, абсалютна не мае сэнсу. Можна дапусціць, што ініцыятарам візіту Мадуры быў беларускі бок. У нас шмат пісалі пра праблемы сумеснай кампаніі «Петралера БелаВенесалана»...

Фота minci.gob.ve

Фота minci.gob.ve

Мадура прыедзе сёння ў Беларусь у статусе адзінага ў свеце дзяржаўнага лідара, які вітаў рэферэндум у Каталоніі і нават назваў прэм’ера Іспаніі Марыяна Рахоя «дыктатарам». Цяжка сказаць, нашто Каракасу спатрэбіліся незалежная Каталонія. Хутчэй, гэта добрая нагода, каб патроліць Мадрыд, які актыўна лабіруе ўвядзенне санкцый з боку ЕС адносна Венесуэлы.

Пра санкцыі супраць Мадуры пачалі шмат казаць пасля таго, як улетку той разагнаў непадкантрольны парламент, замяніўшы яго лаяльнай Канстытуцыйнай асамблеяй. Разгон дэпутатаў не абышоўся без новай серыі вулічнага супрацьстаяння і хвалі арыштаў.

Шмат прэтэнзій да кіраўніцтва Венесуэлы і ў праваабарончых структур. У Венесуэле на сённяшні дзень больш за 400 палітзняволеных. Значная частка з іх утрымліваецца ў месцы пад назвай «Магіла» — турме, што знаходзіцца пад зямлёй. Зняволеныя там пазбаўленыя магчымасці бачыць сонечнае святло і дыхаць свежым паветрам.

Выбрыкі Мадуры выклікалі незадаволенне нават з боку саюзных Каракасу левых рэжымаў Лацінскай Амерыкі. Што ўжо казаць пра Вашынгтон, дзе заўжды разглядалі феномен чавістаў як выклік. У Злучаных Штатах нават дапусцілі магчымасць вайсковай інтэрвенцыі ў Венесуэлу, аднак да адпраўкі марскіх пехацінцаў наўрад ці дойдзе. Санкцыі, якія зараз абмяркоўваюцца ў Аб’яднанні амерыканскіх дзяржаў, будуць эканамічнымі. Яны працягнуцца да таго часу, пакуль Мадура не верне ўладу парламенту. Дарэчы, агрэсіўныя пасажы Белага дому, наадварот, трошкі ўзнялі рэйтынг Мадуры, які грае на антыамерыканскіх забабонах.

Так ці інакш, візіт у Беларусь наўрад ці дапаможа Мадуры палепшыць свой імідж на міжнароднай арэне. Не кажучы ўжо пра тое, што ён якімсьці чынам паўплывае на курс глабальных акцёраў, такіх, як ЗША і ЕС.

Фота: прэс-служба кіраўніка Беларусі

Фота: прэс-служба кіраўніка Беларусі

Таксама незразумелы візіт венесуэльскага гаранта ў кантэксце актуальнай унутранай палітычнай сітуацыі ў Венесуэле. Пакуль Мадура адкрывае манументы ў Мінску, на радзіме дасягнула кульмінацыі кампаніі па выбарах губернатараў 24 з 25 рэгіёнаў. Выбары, якія адбудуцца 15 кастрычніка, па сутнасці з’яўляюцца галасаваннем наконт апошніх акцый улады — у тым ліку роспуску парламента. Акрамя таго, выбары губернатараў — гэта рэпетыцыя глабальнай падзеі, якая вызначыць лёс краіны: выбары прэзідэнта павінны адбыцца ў наступным годзе.

Гледзячы па венесуэльскіх навінах, губернатарскія выбары праходзяць у атмасферы, якую цяжка назваць нармальнай. Напрыклад, 3 кастрычніка ўрад абвінаваціў апазіцыйную партыю «Народная воля» ў падрыхтоўцы дыверсій для дэстабілізацыі абстаноўку. У прыватнасці, нібыта апаненты Мадуры хацелі пакінуць без электрычнасці адзін са сталічных муніцыпалітэтаў.

Паводле апытанняў, у апазіцыі ёсць шанцы 15 кастрычніка атрымаць большасць галасоў у рэгіёнах. За яе гатовыя галасаваць прыкладна 40 працэнтаў, у той час як за чавістаў — каля 22 працэнтаў. Цяжка сказаць, як гэты трэнд могуць змяніць братэрскія абдымкі Мадуры і Лукашэнкі.

Рызыкамі прайграць губернатарскія выбары і трапіць пад санкцыі праблемы Мадуры не абмяжоўваюцца. Ключавое пытанне: што рабіць з эканомікай? Менавіта гіперінфляцыя, дэфіцыт прадуктаў і лекаў штурхаюць людзей у шэрагі апазіцыі. Прычым варушыцца Каракасу трэба тэрмінова: уладальнікі дзяржаблігацый Венесуэлы павінны былі атрымаць чарговыя працэнты 15 верасня, але грошы ў тэрмін не паступілі. Цяпер да 15 кастрычніка ўрад Венесуэлы павінен альбо знайсці грошы, альбо абвясціць дэфолт.

І тут паездка ў Беларусь таксама нічога не вырашае. Таваразварот Беларусі і Венесуэлы істотна прасеў пасля прыходу Мадуры да ўлады. Калі ў 2010 годзе ён складаў 1,2 мільярда долараў, то да 2014-га скараціўся ў сем разоў. Знайсці статыстыку за 2016 год не атрымалася, аднак няма сумневаў, што аб’ём узаемнага гандлю дакладна не вырас.

Можна дапусціць, што ініцыятарам візіту Мадуры быў беларускі бок. У нашай прэсе пісалі пра праблемы сумеснай кампаніі «Петралера БелаВенесалана», якая займаецца распрацоўкай венесуэльскіх радовішчаў нафты і газу. Як кулуарна прызнаваліся яе супрацоўнікі, візіт венесуэльскага кіраўніка ў Беларусь можа рэанімаваць дзейнасць кампаніі.

Акрамя таго, на памяці кожнага, хто цікавіцца ўзаемаадносінамі дзвюх краін, яшчэ застаўся эпізод з танкерам нафты, які Лукашэнка прыгнаў з Венесуэлы, каб давесці Маскве, што існуе альтэрнатыва расійскаму «чорнаму золату». Праўда, сёння падобныя атракцыёны танней і хутчэй рабіць з дапамогай Ірана, дый, кажуць, што за той танкер беларускі бок не разлічыўся…

Нарэшце, у Мінска таксама ёсць іміджавыя праблемы. Нельга ж лідару беларускай дзяржавы ўвесь час сустракацца з расійскімі губернатарамі і экс-зоркамі Галівуду. А тут якраз Мадура сабраўся ў Маскву, адкуль да Мінску — гадзіна лёту. Дарэчы, гэта другі афіцыйны візіт венесуэльскага гаранта ў Беларусь, першы быў улетку 2013-га.