Мядзведзеў звязаў землятрус у Алматы з пастановай №666 Савміна Беларусі... Як?

Падчас пасяджэння міжурадавай камісіі Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) ў Алматы адбыўся невялікі землятрус. Ён стаў нагодай для нетрывіяльнага выказвання расійскага прэм'ера Дзмітрыя Мядзведзева, паведамляе РБК.

фота Delfi

фота Delfi

«Паважаныя калегі, мы з вамі падпісалі ўсе дакументы. Наша сённяшняя сустрэча прайшла ў цёплай абстаноўцы, суправаджалася нязначным землятрусам. Як справядліва мае калегі кажуць, землятрус адбыўся ў момант разгляду пастановы нумар 666 Савета міністраў Рэспублікі Беларусь. Гэта для ўсіх для нас урок, а для Рэспублікі Беларусь — знак, сігнал Божы», — сказаў кіраўнік расійскага ўраду.
Мядзведзеў удакладніў, што гаворка ідзе пра пастанову, якая ўводзіць абмежаванні для міжгранічнага перамяшчэння тавараў.
«Мой беларускі калега досыць пераканаўча тлумачыў, для чаго такія рашэнні былі прынятыя: каб усякую дрэнь на рынак не цягнулі. І гэта ўсё правільна, але, з іншага боку, гэта абмежаванне», — дадаў расійскі прэм'ер.
Землятрус у Алматы адбыўся ў пятніцу, 2 лютага, каля 12:20 паводле мінскага часу. Яго магнітуда склала 3,7 бала. 


Еўрарадыё