Місія невыканальная. Новы міністр не прарубіць «акно ў Еўропу»

Максім Рыжанкоў не надзене вышыванку перад замежнымі пасламі. І не таму, што густ не той. Часы не тыя.

_mid__mzs__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

«Страсянуць МЗС» загадаў Аляксандр Лукашэнка новаму міністру замежных спраў Максіму Рыжанкову. Учора кіраўнік зрабіў каскад прызначэнняў, напэўна трымаючы ў галаве прэзідэнцкія выбары 2025 года (прагучала, што вертыкалі трэба «выстаяць у гэтай шалёнай барацьбе»). Аднак усю палітыку вызначае сам Лукашэнка. І калі ён спрэс спаліў масты ў адносінах з Захадам, намёртва прывязаў краіну да Масквы, то ніякі Рыжанкоў тут не дапаможа.

«Вы — чалавек жорсткі, патрабавальны. МЗС трэба прыводзіць у пачуцці. Кажу адкрытай мовай: страсянуць МЗС трэба, каб яно пачало працаваць», — сказаў Лукашэнка новаму кіраўніку знешнепалітычнага ведамства.

Так, на дыпламатычным фронце асабліва няма чым пахваліцца. Але чаму? Ці таму, што ў гэтым ведамстве проста разленаваліся?

Вядома, падзеі 2020 года нанеслі МЗС кадравыя страты. Адтуль сышлі профі, якіх абурыла задушэнне пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. Але галоўная бяда ў іншым, піша Аляксандр Класкоўскі на «Позірку».

Тут дарэчы надзяваць не вышыванку, а фрэнч

Алейнік прабыў міністрам усяго паўтара года. На пенсію яму ранавата (59 гадоў). Так што кіраўнік відавочна быў незадаволены гэтым міністрам. Рыжанкову 52, ён у свой час доўга працаваў у сістэме МЗС. Кажуць, чалавек і сапраўды валявы, строгі. Але цудаў на новай пасадзе таксама не зробіць.

Цудамі дыпламатычнай эквілібрыстыкі бліскаў у свой час цяпер нябожчык Уладзімір Макей, які быў кіраўніком ведамства ў 2012-2022 гадах. Ён, з аднаго боку, запэўніваў Маскву ў адданасці, абмяркоўваў з калегам Сяргеем Лаўровым «інтэграцыйнае ўзаемадзеянне», а з іншага — змог забяспечыць даволі доўгую «адлігу» ў адносінах Мінска з Захадам.


Глядзіце таксама

Так, Макей быў моцным прафесіяналам. Але яго дасягненні на ніве шматвектарнасці сталі магчымымі толькі таму, што сам Лукашэнка, ратуючы сваю ўладу ад крамлёўскага нахрапу, даваў адмашку, адкрываў прастору для геапалітычных манеўраў.

Маскоўскія вялікадзяржаўнікі абураліся падступствам «бацькі», які, маўляў, доіць Расію і ў той жа час заігрывае з праклятым Захадам. І сапраўды, «малодшы брат» да пары да часу спрытна лавіраваў, трымаў геапалітычны шпагат.

У 2015-м ён прымаў у сваім палацы канцлерку ФРГ Ангелу Меркель і французскага прэзідэнта Франсуа Аланда на саміце «нармандскай чацвёркі». Так, чарнавую аргпрацу правялі дыпламаты, але ў прынцыпе тая зорная гадзіна замежнай палітыкі Мінска стала магчымай таму, што Лукашэнка адмежаваўся ад анэксіі Крыма.

У 2019-м у Мінск прылятаў тагачасны дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джон Болтан, у лютым 2020-га — амерыканскі дзяржсакратар Майк Пампеа.

Вядома, і ў гэтых выпадках дыпламатыя пастаралася. Але, у прынцыпе, прарыў у адносінах з Вашынгтонам тлумачыўся тым, што сам Лукашэнка ўзбрыкнуў, стаў адбівацца ад «дарожных карт» інтэграцыі з РФ, якія пагражалі моцна зрэзаць суверэнітэт. Правадыр рэжыму тады загадаў, напрыклад, дыверсіфікаваць закупкі нафты, і Амерыка нават паспела адправіць пару танкераў.

Макей жа быў толькі таленавітым выканаўцам гэтай стратэгіі геапалітычнага манеўравання. Дэманструючы нейкае дыстанцыяванне рэжыму ад Масквы, «мяккую беларусізацыю», міністр фарсіў перад заходнімі дыпламатамі ў вышыванцы.

Рыжанкоў не надзене цяпер вышыванку — і не таму, што густ іншы, а таму, што часы іншыя. Тут дарэчы надзяваць фрэнч.

Дзве ракавыя адсечкі: 2020-ты і 2022-гі

Двума момантамі злому беларускай знешняй палітыкі сталі разгром пратэстаў 2020 года і дапамога Крамлю ў шырокамаштабным уварванні ва Украіну ў 2022-м. Спачатку Лукашэнка зноў настроіў супраць сябе Захад брутальнымі рэпрэсіямі, потым — дабіў «заходні вектар» саўдзелам у агрэсіі.

І той жа Макей, які раней славіўся ў некаторых заходніх колах сістэмным лібералам, быў вымушаны паўстаць у абліччы ястраба. Менавіта ён у 2021-м абвясціў аб будучай татальнай зачыстцы грамадзянскай супольнасці. А потым знішчыў рэшткі рэпутацыі тым, што за некалькі дзён да ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну з беларускай тэрыторыі запэўніваў: ды яны ўсе адсюль з'едуць пасля вучэнняў дадому.


Глядзіце таксама

Калі прызначалі міністрам Алейніка, сёй-той з аглядальнікаў адзначаў, што ў таго салідны досвед працы дыпламатам менавіта на Захадзе, у прыватнасці — паслом у Брытаніі. Маўляў, Лукашэнка, мабыць, вырашыў неяк склейваць адносіны з дэмакратычным светам.

Аднак гэтыя здагадкі не апраўдаліся. Наадварот, «жалезная заслона» на межах з суседнімі краінамі ЕС можа цяпер канчаткова апусціцца. Днямі Алейнік паспеў заявіць, што Беларусь гатовая абмяркоўваць з Польшчай бяспеку на мяжы. Але і тут МЗС не скокне вышэй за пояс.

Бо гэта сам правадыр рэжыму пасля падзей 2020 года ў адплату за санкцыі развязаў супраць ЕС гібрыдную вайну пры дапамозе плыні «нелегалаў». Прычым сярод экспертаў распаўсюджана меркаванне, што цяпер працэсам дырыжуе Масква. Так што вялікае пытанне, наколькі кіраўнік Беларусі ў гэтым сюжэце самастойны.

«Далёкая дуга» ўсім добрая, ды крываватая

Ставячы задачы перад Рыжанковым, Лукашэнка рабіў упор на Расію, Кітай, Індыю, агулам «далёкую дугу». Гэта вымушаная пераарыентацыя праз сварку з Захадам, пад ціскам санкцый.

Пры гэтым на нарадзе ў красавіку Лукашэнка прызнаў, што «не выкананыя планы экспарту ў дружалюбныя краіны далёкай дугі». Яны, можа, і дружалюбныя (часта таму, што там таксама з дэмакратыяй туга), але ёсць іншыя закавыкі.

Па-першае, за морам цяля — паўрубля, ды сто перавозу. Карацей, лагістыка дарагая. Па-другое, іншыя сябры з глабальнага Поўдня бедныя, як царкоўныя мышы. Дакладней, кіраўнікі там сябе не крыўдзяць, але народы гібеюць у галечы. Сякі-такі схематоз з такімі дзеячамі наладзіць можна, але для сваёй краіны шмат не нагандлюеш.


Глядзіце таксама

Як бачым, і з тымі партнёрамі, на якіх цяпер робіцца стаўка ў піку «калектыўнаму Захаду», праблем вышэй за дах. І нават магутны Кітай, адносінамі з якім так ганарыцца беларускі правадыр, цяпер хмурыць бровы, заклапочаны захаваннем свайго транзіту праз Беларусь у Еўропу.

А калісьці сама Беларусь з выгадай прадавала ў Стары свет нафтапрадукты і іншы тавар. Усё было зручна, пад бокам. Гэта ж трэба было так рассабачыцца!

Цяпер вось прапаганда Лукашэнкі трубіць, што хутка Минск паўнапраўна ўступіць у ШАС. Але ў асноўным гэта толькі падстава папіярыцца, вялікіх грошай на гэтым членстве краіна не зрубіць.

З маскоўскай каляіны ўжо не выскачыць

Ды і на расійскім рынку ўсё не так проста. У прыватнасці, з некаторых ніш выціскаюць тыя ж кітайцы. А галоўная праблема ў тым, што сама празмерная завязка на РФ як у эканоміцы, так і ў палітыцы — з'ява нездаровая, шлях у пастку, шкодны поўнай стратай незалежнасці.

Але куды дзявацца? Парадокс у тым, што, разумеючы, наколькі небяспечныя гульні з імперыяй, выдатна вывучыўшы яе нораў, Лукашэнка вымушаны ўсё мацней ціснуцца да Крамля.

Раней у перыяды вострых канфліктаў кіраўнік Беларусі адкрытым тэкстам абвінавачваў Маскву ў вялікадзяржаўнасці, прызнаваў, што «дзікі нахіл» у яе бок — з'ява нездаровая. Усклікаў: хопіць, маўляў, ляцець на адным крыле.


Глядзіце таксама

Крэмль з тых часоў стаў яшчэ агрэсіўней, пачаў проста захопліваць чужыя тэрыторыі. У паняццях Уладзіміра Пуціна беларуская дзяржаўнасць — такое ж непаразуменне, як і ўкраінская, проста ўслых гэта не прагаворваецца.

Аднак Лукашэнка разгойдваць геапалітычныя арэлі ўжо не можа. Тэарэтычна ён, верагодна, і не супраць вярнуцца да лавіравання, славутай шматвектарнасці (хоць і ў лепшыя часы яна была ўмоўнай). Але кіраўнік занадта ўграз у маскоўскай каляіне, якую канчаткова абраў дзеля выратавання сваёй улады хоць бы ва ўсечаным, сатэлітным фармаце.

Так што колькі ні ператрасай кадры ў МЗС, знешняя палітыка застанецца шалёна дэфармаванай з-за самой спецыфікі рэжыму, яго эвалюцыі ў бок васалітэту і таталітарызму. Дыпламатычнаму ведамству наканавана боўтацца на мелі.