Котаў: Расія працягвае ціснуць на Мінск, патрабуючы выканання дамоваў па трансферы ўлады
Лукашэнка ў чарговы раз правёў шэраг кадравых прызначэнняў. Аднак гэтым разам перастаноўка чыноўнікаў выклікала значна больш пытанняў, чым у папярэднія. У каманду дыктатара вяртаецца Наталля Пяткевіч, пра якую даўно не чулі.
Некаторыя асаблівасці апошніх зменаў у дзяржапараце «Пугач» абмеркаваў з палітолагам, былым супрацоўнікам Адміністрацыі прэзідэнта, кіраўніком міжнароднага дэпартамента фонду спартыўнай салідарнасці Анатолем Котавым.
— Я мяркую, што наклаліся планавыя штатныя змены на пазапланавыя, — кажа Анатоль Котаў. — Да гэтага праводзілася нібыта паступовая кадравая замена ідэалагічнай вертыкалі, прызначылі новых міністра інфармацыі, міністра працы і гэтак далей. Але апошнія прызначэння падобныя на аўральныя.
Папярэднічалі ім два моманты. У знешняй палітыцы, я схільны лічыць, апошняй кропляй стала польска-кітайская гісторыя, у выніку чаго з'явілася рэакцыя Кітая на сітуацыю на беларуска-польскай мяжы.
Але і да гэтага, трэба адзначыць, ніякіх сур'ёзных поспехаў не адзначалася. Усе гэтыя замяшчэння Еўропы Афрыкай не прынеслі чаканых дывідэндаў.
На самай справе гэта магло б стаць перспектыўным напрамкам, але каб з Афрыкі нешта адчувальнае ў фінансавым плане атрымаць, туды трэба вельмі шмат укласці. Не з беларускім падыходам, які азначае прывезці два трактары, часам непрацуючых, а наўзамен хацець хутка і шмат зарабіць.
Паглядзіце, колькі ўкладаюць у Афрыку тыя ж Кітай і Расія, колькі яны ім прапануюць усялякіх «плюшак», каб супрацоўніцтва было эфектыўным. Беларусь там не канкурэнт.
Другі момант — унутраная ідэалогія. Не выключаю, што вяртанне ў абойму Наталлі Пяткевіч можа быць адным з вынікаў візіту Лаўрова. Расія працягвае ціснуць на Мінск, патрабуючы выканання старых дамоўленасцяў па трансферы ўлады, які ідзе зусім не тымі тэмпамі, на якія яна разлічвала.
— Вы хочаце сказаць, што Пуцін усё ж такі хоча пазбавіцца ад Лукашэнкі? Але навошта яму гэта цяпер, калі яны ўжо як бы прыцерліся адзін да аднаго ў новых умовах?
— Лукашэнка — нязручны партнёр. Ён толькі з выгляду гатовы ўсё рабіць, а па факце пастаянна гандлюецца, енчыць, рэгулярна падстаўляе Пуціна.
— У Крамля ёсць кандыдатуры яму на змену?
— А тут не патрэбны хтосьці адзін канкрэтны, ён наўрад ці зможа ўтрымаць сітуацыю ўнутры краіны. Патрэбныя інстытуты, надзеленыя паўнамоцтвамі, якія змогуць замяніць калектыўна. Адсюль і задумваліся ўсе гэтыя калектыўны Савет Бяспекі, УНС. Кіраваць такім «кішэнным» органам прасцей.
— Але ўсё гэта задумвалася да казахстанскіх падзей.
— Казахстанская гісторыя астудзіла Лукашэнку да гэтай ідэі, але не Расію. Для яе па-ранейшаму калектыўны орган у гэтай сітуацыі можа стаць значна больш прадказальным і надзейным партнёрам.
Вазьміце, напрыклад, тую ж палату беларускіх дэпутатаў. Кантраляваць іх усіх разам Крамлю абыйдзецца танней.
— Але Беларусь прэзідэнцкая рэспубліка?
— Трансфер улады, калі памятаеце, меркаваў пераразмеркаванне паўнамоцтваў.
— Лукашэнка іх і пераразмеркаваў — паміж сабой і сабой ва УНС.
— Думаю, гэта якраз і ёсць тая нязручнасць, якая не была прадугледжаная першапачаткова. Лукашэнка артачыцца. Дапусцім, увесці ва Украіну нашы войскі Пуцін так і не можа.
І гэта не адзіная закавыка. Цяжкасці ёсць і з інфраструктурнымі праектамі, і з вяртаннем даўгоў. Кожны раз, калі прыходзіць тэрмін вяртання крэдытаў, усё зводзіцца да выпрошвання чарговай адтэрміноўкі плацяжоў. І такіх даўгоў ужо вельмі шмат.
І гаворка не толькі пра абстрактны расійскі бюджэт, але і, магчыма, пра інтарэсы асобных персон, якія набылі тыя ж беларускія еўрабонды за мільёны долараў, будучы ўпэўненымі, што гуляюць у бяспройгрышную латарэю. Але Беларусь не вяртае ні капейкі нікому, нават рускім. Хто ведае, ці могуць быць сярод гэтых людзей набліжаныя да вяршыні ўлады?
У любым выпадку, на маю думку, Пуцін хоча трансферу ў Беларусі. Ён хоча атрымаць кіраваную структуру.
І Лукашэнка гэта, зразумела, разумее. Як і тое, што ў выніку гэтага трансферу можа застацца нават не без адпаведнай пасады. Тут ужо пытанне аб бяспецы, яго асабістай і сям'і.
Вось для таго, што зламаць гэты сцэнар, ён, верагодна, хоча правесці маючыя адбыцца выбары так, каб сказаць, маўляў, я б і хацеў, але народ не адпускае.
Таму і з'явілася Наталля Пяткевіч, якой трэба стварыць такую каманду, якая нібыта не павінна праваліць наступную электаральную кампанію, як у 2020 годзе. Гэта значыць каманду трэба мяняць.
— Ці пагражае нешта Эйсмант з Качанавай?
— Адназначна ступень іх уплыву будзе змяншацца. Не выключана, што камусьці прыйдзецца пасунуцца.
Калі казаць у цэлым пра ідэалагічную лінію, можна прагназаваць сур'ёзныя кадравыя змены, перш за ўсё па лініі прэс-службы і так званага пула журналістаў. Бачанне Пяткевіч даволі моцна адрозніваецца ад бачання і стылю Эйсмант. Пяткевіч усё ж такі клапоціцца пра эстэтычны бок пытання, там і іншая адукацыя, і іншы ўзровень інтэлекту.
Практыка апошніх гадоў паказвае: тое, што Эйсмант здаецца вясёлым, пацешным і дасціпным, на самай справе аказваецца адштурхваючым і зневажальным. Яна яшчэ з часоў кавіду прапускала ў трансляцыю многае, што, насуперак задумцы, па выніку стала мемамі, тыя ж прыніжальныя каментары пра кавід, напрыклад.
Эйсмант з Качанавай старанна ляпілі вобраз гэткага прывабнага «кашуля-хлопца». Але гэты вобраз прывёў да страты даверу ва ўсёй інтэлігенцыі і сярэдняга класа. Стыль Эйсмант-Качанавай — агратрэш, які цяпер валіць з усіх шчылін, ад дзяржаўных мерапрыемстваў да эстрады.
— А стыль Пяткевіч па гэтай градацыі які?
— Яна з агратрэшу будзе спрабаваць зрабіць агралоск. Гэта як у тым кіно, можа быць Містэр фёст, а можа быць Містэр сэканд.
Думаю, і вобраз самога Лукашэнкі будуць карэктаваць у бок гэткага мудрага старога кіраўніка.
— Цікава, а Умка застанецца ў гэтым вобразе?
— Мяркую, што і яго не будуць так выпінаць. Будуць больш дбайна кантраляваць тое, што выходзіць у эфір пасля нейкіх закрытых нарад. Напрыклад, хтосьці з народных адэптаў Лукашэнкі, на якіх і было разлічана, падумаў пасля яго фразы пра злодзеяў і габрэяў: малайчына, як ён іх прыклаў. А ў выніку на коне апынуліся адносіны з Ізраілем. Гэта значыць Пяткевіч падобнае будзе цэнзураваць.
— Калі вярнуцца да першага моманту, пра які вы казалі, да замежнай палітыкі — які сэнс быў мяняць Алейніка, калі палітыку змяніць у прынцыпе немагчыма?
— Чаму ж, ёсць шэраг фактараў, якія б маглі ўсё змяніць. Пра іх Лукашэнку выдатна вядома.
Чаму замянілі Алейніка? Як ужо сказаў, адсутнасць вынікаў на так званай «далёкай дузе». Канешне, ад яго чакалі большага і па еўрапейскім кірунку. Вядома, што Алейнік таленавіты ў плане закулісных перамоў.
У той жа час памылкова было меркаваць, што Алейнік — гэта праеўрапейскі курс, сапраўды таксама памылкова сцвярджаць, што Рыжанкоў — гэта прарасійскі курс. Гэта курс так ці інакш «пралукашэнкаўскі». Проста ў Алейніка было больш магчымасцяў для нефармальнай, скажам, кулуарнай дыпламатыі ў Еўропе. А ў Рыжанкова больш запалу, каб выконваць любыя даручэнні Лукашэнкі.
— А чаго ён можа цяпер хацець?
— Лукашэнку патрэбны нейкі баланс на Захадзе, што ў бягучых умовах зрабіць будзе вельмі складана.
Зразумела, што Захад менш хвалююць унутраныя праблемы беларускай грамадзянскай супольнасці, затое іх моцна турбуе дапамога і саўдзел афіцыйнага Мінска ў вайне супраць Украіны і мігранцкі крызіс.
І тут пытанне ўжо не ў тым, чаго хоча Лукашэнка. А ў тым, што, калі ён хоча выжыць у існуючай абстаноўцы і неяк балансаваць, яму прыйдзецца рухацца ў кірунку, процілеглым таму, які ён абраў да гэтага.