Мінлясгас: у Курапатах знеслі толькі незаконныя крыжы
Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі адказала на калектыўны
зварот адносна крыжалому ў Курапатах. Пад петыцыяй з патрабаваннем
растлумачыць падставы зносу крыжоў і спыніць гэтыя дзеянні падпісаліся
больш за 2400 чалавек, піша Белсат.
У міністэрстве паведамілі, што з 4 да 9 красавіка ва ўрочышчы Бараўлянскі лясгас праводзіў «планавыя працы добраўпарадкавання ляснога фонду». У прыватнасці, супрацоўнікі арганізацыі ўсталявалі агароджу на мяжы ахоўнай зоны ды дэмантавалі крыжы.
«Быў учынены дэмантаж выключна незаконна ўсталяваных збудаванняў (крыжоў). Разам з тым, усе збудаванні, усталяваныя з выкананнем заканадаўства, захаваныя», — гаворыцца ў адказе.
Як адзначыў міністр Віталь Дрожа, працы ў Курапатах праводзіліся на падставе Праекту зоны аховы ўрочышча і пастановы Савету міністраў ад 17 верасня 2018 года № 675, а таксама ў межах праекту добраўпарадкавання, заказчыкам якога выступае Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.
Нагадаем, што пытанне зносу ў Курапатах падчас паслання 19 красавіка пракаментаваў Аляксандр Лукашэнка. «Дзесьці крыжы знеслі – няма большай у вас праблемы. Разбярыцеся, хто гэтыя крыжы ставіў і хто ім дазваляў», – заявіў ён.
Пры гэтым крыжалом адбыўся менавіта праз месяц пасля таго, як Лукашэнка заявіў пра сваю незадаволенасць курапацкімі крыжамі.