Міколу Дзядка будуць судзіць за пост у фэйсбуку
Журналіста «Новага Часу» і актывіста анархісцкага руху Мікалая Дзядка абвінавачваюць у «распаўсюдзе экстрэмісцкай прадукцыі».
Аб гэтым паведаміў сам Мікола на сваёй старонцы ў Фэйсбуку і заклікаў жадаючых прыйсці падтрымаць яго ў суд.
"Бязмежжа ГУБАЗіКа спыніць тут і зараз мы не можам. Але можам, прынамсі, асвяціць і выцягнуць на паверхню", — піша былы палітвязень.
Пратакол на Міколу Дзядка за карцінку ў Фэйсбуку быў складзены яшчэ ў лістападзе. Пасля справа паступіла ў суд, але была вернутая на даследванне ў Фрунзенскі РУУС.
Сам Мікола ў каментары НЧ адзначыў, што лічыць наяўнасць спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў атакай на свабоду слова
— Я катэгарычна супраць таго, каб забараняць пэўныя сімвалы ці выказванні. Мы бачым, што варта, нават пад добрай нагодай, накшталт барацьбы з нацызмам, нешта забараніць, як дзяржава пачынае выкарыстоўваць гэты інструмент для расправы з іншадумцамі. Гэта само па сабе абсурд — караць чалавека за пост у сацыяльных сетках, а ў маім выпадку, яшчэ і за пост, у якім я крытыкую нацызм.
У ГУБАЗіКу цэлае антыэкстрэмісцкае падраздзяленне сядзіць і мусіць неяк апраўдваць сваё існаванне. Вось яны і палююць на карцінкі ў Фэйсбуку — за нашыя грошы.
Антыэкстрэмісцкае заканадаўства само па сабе рэпрэсіўнае і несправядлівае і мусіць быць адмененае. Я не лічу дзяржаву ў праве вырашаць, што мне глядзець, чытаць і посціць. Я яе такім правам не надзяляў.
Суд над Міколам Дзядком адбудзецца 27 снежня ў 10.00 у судзе Фрунзенскага раёну Мінска.
Нагадаем, што ў гэты ж дзень, 27 снежня, у 14:30 у судзе Савецкага раёна Мінска пройдзе разгляд справы па іску Леаніда Зайдэса да газеты «Новы Час» і Дзяніса Івашына за артыкулы пра забудову ў Курапатах.