Мікалай Статкевіч ужо этапаваны ў турму №4 у Магілёве

Мікалай Статкевіч этапаваны ў турму №4 у Могилеве.Там палітвязень павінен знаходзіцца да канца тэрміну — 1 год, 7 месяцаў і 15 дзён.



stat_viaz.jpg

Пра гэта паведаміла Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча, кандыдата ў прэзідэнты Беларусі на мінулых выбарах, гаворыцца на сайце statkevich.org.

«Сёння я датэлефанавалася ў калонію, дзе мне пацвердзілі, што Мікалай Статкевіч этапаваны ў турму №4 у Магілёве. Прайшло крыху больш за 3,5 месяцаў з тых часоў, як ён пакінуў гэтую ўстанову. І зараз зноў у яе вярнуўся. Пра дату этапу мне гаварыць у калоніі адмовіліся, але, мяркую, гэта адбылося ў той жа дзень, калі адбыўся суд, дакладней, у ноч з 4-га на 5-е мая. Бо, наколькі мне вядома, у іх этапы па панядзелках. Ды й спяшаліся жа завяршыць суд у адзін дзень не дарма. Мабыць, і сабрацца толкам не далі, бо Мікалай знаходзіўся ў памяшканні камернага тыпу, а рэчы яго — у атрадзе. І тут дэжа вю. Гэтак жа, у тэрміновым парадку, не даўшы сабрацца, яго этапавалі ў 2012 годзе», — распавяла Марына Адамовіч.

Тым часам ЕС адрэагаваў на перавод Статкевіча з калоніі ў турму.

Рашэнне суда перавесці былога кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Мікалая Статкевіча для далейшага адбыцця пакарання ў турму з папраўчай калоніі за парушэнне правілаў знаходжання ў зняволенні выклікае шкадаванне, гаворыцца ў заяве афіцыйнага прадстаўніка Еўрапейскай знешнепалітычнай службы (ЕВС).

«Значэнне вызвалення ўсіх палітычных зняволеных застаецца вырашальным для перспектывы паляпшэння адносін ЕС-Беларусь», — адзначаецца ў камюніке ЕВС, распаўсюджанага ў сераду ў Брусэлі, перадае Інтэрфакс.

Мікалай Статкевіч — адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, які да гэтага часу знаходзіцца ў зняволенні. У маі 2011-га года ён быў асуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Статкевіча палітычным зняволеным.

Першапачаткова асуджаны палітык адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі № 17, аднак у студзені 2012-га яму зрабілі больш жорсткімі ўмовы ўтрымання і перавялі ў магілёўскую турму № 4 на тры гады. Па заканчэнні гэтага тэрміну, 12 студзеня гэтага года, Статкевіча вярнулі ў шклоўскую калонію, дзе ў першыя ж два дні ў дачыненні да палітыка склалі два рапарты аб парушэнні правілаў унутранага распарадку. За наступны тыдзень такіх рапартаў склалося аж восем.

Зараз напісаць Мікалаю Статкевічу можна па «старым— новым» адрасе:

212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99а, СТ-4, каранцін.