Міхалевіч: Тэкст, які потым зачытаў Раманчук, яны рыхтавалі для мяне, «хлопчыка ў акулярах»

Кандыдат у прэзідэнты ў 2010 годзе Алесь Міхалевіч распавёў Віталю Цыганкову на Радыё «Свабода», чаму для яго быў поўным шокам ягоны арышт, што ён пісаў у падпісцы пра супрацоўніцтва з КДБ, як яму ўдалося ўцячы ў Чэхію і чаму ён не збіраецца займацца ў Беларусі бізнэсам.



ales_bio_round.jpg

11 кастрычніка ў Беларусі пройдуць пятыя ў гісторыі краіны прэзідэнцкія выбары. Свабода працягвае цыкл інтэрвію з былымі кандыдатамі ў прэзідэнты Беларусі. Ва ўсіх калісьці зарэгістраваных кандыдатаў мы пытаемся, што яны цяпер кажуць пра свой удзел у выбарах, што думаюць пра сёлетнюю кампанію і што думаюць наконт таго, якім шляхам у Беларусь прыйдуць перамены. На выбарах 2010 году, паводле афіцыйных дадзеных, Алесь Міхалевіч набраў 1,02 % галасоў.

«У мяне ўзнікла класічнае пытанне ахвяраў сталінскага рэжыму — «А мяне за што?»

— Чаму вы вырашылі браць удзел у выбарах 2010 году? На што спадзяваліся? Памятаю нашы размовы тады, і мяне здзівіла, што вы былі рэальна даволі аптымістычна настроены — наконт лібералізацыі і працягу сваёй палітычнай кар’еры.

— На той момант у мяне была моцная каманда, у тым ліку каманда экспертаў. Я ведаў, што я буду адзін зь нешматлікіх кандыдатаў, які прадставіць дэталёва распрацаваную праграму і які здолее паказаць пазітыўную альтэрнатыву, не толькі крытыкуючы ўладу. Хачу заўважыць, што я падчас кампаніі хіба ніводнага кепскага слова пра дзейнага прэзідэнта не сказаў.

Я сустракаўся з супрацоўнікамі выканкамаў, наведваў райаддзелы міліцыі, проста прыходзіў і хадзіў па кабінэтах, размаўляў з чыноўнікамі. Таму магу сказаць, што сваіх мэтаў я дасягнуў — паказаў, што ёсць людзі, якія думаюць пра Беларусь, маюць праграму, і гэтая праграма можа быць адэкватнай і не папулісцкай.

— А што канкрэтна вы хацелі паказаць гэтымі сустрэчамі з чыноўнікамі?

— Я хацеў паказаць, што не трэба баяцца тых зменаў, якія прыйдуць. Гэтыя змены могуць быць мірнымі і на карысць усім. Напрыклад, вядома, што і міліцыя, і войска фінансуецца з падаткаў і залежыць ад агульнага ўзроўню эканомікі. Я проста ім паказаў, што зменіцца сытуацыя і яны ўсё роўна будуць запатрабаваныя, і ніхто з імі не будзе развітвацца.

— Нагадайце, ці вы сапраўды адзіны апазіцыйны кандыдат у 2010 годзе, які не заклікаў прыйсці на Плошчу?

— Так, я не заклікаў на Плошчу ў сваім тэлевізійным выступе. Але на маім сайце з майго дазволу быў размешчаны тэкст, у якім грамадзянам прапаноўвалася самім прыняць рашэнне, калі яны захочуць на Плошчу прыйсці. Гэта было звязана з тым, што бліжэй да даты галасавання я ўбачыў, што сістэма фальсіфікацыяў не мяняецца.

— З улікам вашай даволі памяркоўнай выбарчай кампаніі ці было для вас шокам тое, што адбылося ў ноч на 20 снежня асабіста з вамі?

— Безумоўна, гэта было шокам, я гэтага не чакаў. Калі мне пачалі выломваць дзверы, я быў проста да гэтага маральна не падрыхтаваны. Так, я толькі што вярнуўся з Плошчы і бачыў разбітыя галовы, я завозіў актывістаў свайго штабу ў шпіталь. Але пры гэтым — я не быў сярод тых кандыдатаў, якія выступалі на Плошчы, мяне не абралі ў Камітэт нацыянальнага выратавання, складзены з кандыдатаў. Таму натуральна, што ў мяне ўзьнікла класічнае пытанне ахвяраў сталінскага рэжыму — «А мяне за што?».

Але паколькі я на той момант ужо шмат разоў і затрымліваўся, і сядзеў на сутках, і праходзіў па розных справах — я быў псіхалагічна падрыхтаваны да арышту.

«Яны палічылі, што мая памяркоўная выбарчая кампанія — гэта праект нейкіх спецслужбаў»

— Паводле некаторых звестак, вам «шылі» сувязі з замежнымі выведкамі, ледзь не рабілі замежным шпіёнам?

— Пачалося ўсё з таго, што мне далі тэкст, які я мусіў зачытаць для тэлебачання — і сказалі, што я адразу пасля гэтага свабодны. Гэта быў тэкст, які пасля зачытаў Яраслаў Раманчук. Як я разумею, пісаўся ён для мяне, памяркоўнага «хлопчыка ў акулярах», і яны былі абсалютна ўпэўненыя, што я гэты тэкст зачытаю. Калі я адмовіўся, мне сказалі — ну, тады вам давядзецца пасядзець. Ну, і аказалася, што КДБ даўно меў на мяне вялікую тэчку, яны адсочвалі маю грамадзкую і палітычную дзейнасць, мае сувязі з замежнікамі. І паколькі я валодаю замежнымі мовамі, у тым ліку ангельскай, паколькі ў мяне шмат знаёмых і сяброў у ЗША ды іншых краінах — то фактычна ў нейкі момант мяне пачалі падазраваць у шпіянажы.

Яны палічылі, што мая памяркоўная выбарчая кампанія была працай на тое, каб забраць электарат у Лукашэнкі. Для іх гэта азначала, што гэта праект нейкіх спэцслужбаў, які створаны, каб не крытыкаваць Аляксандра Рыгоравіча, а адчапіць частку электарату ад яго. На іх думку, такі геніяльны праект мог нарадзіцца толькі ў нетрах спецслужбаў. І мне нават назвалі, прызнання ў супрацы з якімі спецслужбамі ад мяне чакаюць. Мне назвалі амерыканцаў, немцаў і палякаў.

— Далей вы выйшлі пад падпіску аб нявыездзе і праз тыдзень зрабілі гучную заяву пра катаванні, якія чыняцца над вязнямі ізалятара Камітэту дзяржаўнай бяспекі. Таксама вы заявілі, што былі адпушчаны толькі пасьля таго, як была дадзена падпіска пра супрацоўніцтва з КДБ, і публічна разарвалі гэтае супрацоўніцтва. Што было ў гэтай падпісцы? Чаго ад вас прасілі — можа, не ў самой распісцы, а ў нейкіх размовах?

— Трэба сказаць, што ніякай канкрэтнай паперы я не разрываў. Я разарваў супрацоўніцтва. Ясна, няма ніякай дамовы з двух бакоў зь пячаткай ад КДБ. Ёсць заява — «я, імя, прозвішча, добраахвотна абавязваюся супрацоўнічаць, аказваць дапамогу і прымаю аператыўны псеўданім».

Я быў «агент Гаўрыла» і павінен быў менавіта ў такой якасьці пісаць свае даносы. Але паколькі я ніводнага даносу так і не напісаў, то ў гэтай тэчцы «агента Гаўрылы» нічога, акрамя той паперы, няма.

«Падпісаць любую паперу, а потым выйсці і ўсім распавесці»

— Калі вы вырашылі за кратамі пайсці на такі крок, то вы ўжо разлічылі свае далейшыя дзеянні — выходзіце на волю і паведамляеце ўсім пра гэта?

— Натуральна, бо я шмат разоў сустракаўся з былымі дысідэнтамі з Чэхіі, Польшчы, Усходняй Нямеччыны. І мне былі вядомыя розныя спосабы адносінаў са спецслужбамі. І адзін з іх — падпісаць любую паперу, а потым выйсці і ўсім распавесці. Звычайна з такімі людзьмі супрацоўнікі органаў ужо не сустракаюцца, бо разумеюць, што пра любую наступную сустрэчу яны таксама ўсім распавядуць. Я лічу гэта вельмі эфэктыўным механізмам.

— Далей вам удалося ўцячы з Мінску ў Чэхію. Гледзячы на гэтыя падзеі з вышыні чатырох гадоў, якія прайшлі з таго часу, ці вы лічыце, што вы ўцяклі дзякуючы толькі вашым сябрам, ці КДБ «дазволіў» вам уцячы? Можа, як у свой час Віннікавай, вам проста дазволілі знікнуць з краіны?

— Думаю, што КДБ не ведаў, што я ўцякаю з краіны. І адзін, і другі свой мабільны тэлефон я пакінуў у Мінску, і яны ведалі квадрат, у якім я знаходжуся. Гэты квадрат супадаў з кватэрай маёй сястры, і менавіта таму пасля майго ад’езду яны прыйшлі туды, сказаўшы, што яна адзіны нармальны чалавек у маёй сям’і. На што сястра адказала, што нармальных у іхнім разуменні ў нас у сям’і ніколі не было, і яна такой не з'яўляецца. Але, думаю, варта запытацца ў КДБ. Сказаць з упэўненасцю, што тут згулялі толькі мае геніяльныя планы і верныя сябры — я не магу. За мной не было ўвесь час вонкавага назірання — яны былі ўпэўненыя, што адсочваньня мабільнага тэлефона дастаткова.

— Калі казаць пра цяперашнюю выбарчую кампанію, то тое, як вы ў 2010-м спрабавалі заняць нейкую нішу памяркоўнай апазіцыі — гэта чымсьці нагадвае Тацяну Караткевіч у цяперашняй кампаніі. Як бы вы ацанілі дзеянні яе і яе каманды?

— Вельмі шмат з таго, што сёння робіць Тацяна Караткевіч, адпавядае таму, што рабілася мной у 2010 годзе. Увогуле, я лічу, што беларусам пасуе нерадыкальная падача інфармацыі. Беларусы як народ — вельмі інтэлігентныя людзі і не прагнуць сварак. Калі недзе на поўдні ці ў Расіі ад палітыкаў чакаюць, каб яны палівалі вадой адзін аднаго, паказвалі нейкі канфлікт — то беларусы спрабуюць вырашаць усё бесканфліктна, праз дамовы і супольную працу.

 

«Займацца бізнэсам у Беларусі — справа больш небяспечная, чым займацца палітыкай»

— Вы заявілі, што пакуль не будзеце ў Беларусі браць актыўны ўдзел у палітычным жыцці. Але, прызнаюся, многія вам не вераць. Кажуць, Міхалевіч настолькі хітры і спрытны, што такога не можа быць…

— Зразумела, амбіцыі ў мяне застаюцца. Але пытанне, у якой галіне чалавек можа свае амбіцыі рэалізаваць. Напрыклад, мне ў Чэхіі вельмі падабалася, што я магу спакойна працаваць у бізнэс-структурах, і ніхто мяне адтуль не звальняе за тое, што я актывіст БНФ. Калі б у мяне была магчымасць выяжджаць за мяжу — то зусім не факт, што я б хацеў прысвячаць сябе грамадска-палітычнаму жыццю.

Але на сёння я знаходжуся пад падпіскай аб нявыездзе. Займацца бізнэсам у Беларусі — справа больш небяспечная, чым займацца палітыкай. Бо за бізнэс могуць пасадзіць на даўжэйшы тэрмін, і ніякія памілаванні і гуманітарныя довады дзейнічаць нея будуць: скажуць, скраў — і ўсё тут. Таму ў Беларусі для мяне любая праца ў бізнэсе закрытая. Таму я б хацеў, каб была магчымасць рэалізоўвацца не толькі ў палітычнай сферы.

— На вашу думку, як у Беларусь могуць прыйсці перамены — у стратэгічным сэнсе?

— Скажу тое, што я казаў і падчас сваёй прэзідэнцкай кампаніі. Я за эвалюцыйную мадэрнізацыю і рэформы. І мне вельмі хочацца, каб большасць гэтых рэформаў былі зробленыя яшчэ пры сённяшняй уладзе. Калі не, дык каб гэтая ўлада мірна перадала ўладу наступным людзям, якія больш разумеюць і не баяцца рэформаў. Мне б вельмі хацелася, каб адбылося менавіта так — бо, як і большасць беларусаў, я вельмі баюся ўкраінскага сцэнару.

Радыё «Свабода»