Меркель папрасіла Пуціна паўплываць на Лукашэнку — Венедыктаў
Канцлерка ФРГ Ангела Меркель спрабавала пераканаць прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна паўплываць на Аляксандра Лукашэнку, заявіў галоўны рэдактар расійскай радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венедыктаў.
Паводле яго слоў, беларускае пытанне ўздымалася падчас сустрэчы Меркель і Пуціна ў Маскве 20 жніўня.
«Вядома, Беларусь была, і, вядома, яны занялі кардынальна супрацьлеглыя пазіцыі, і, вядома я нават не сумняюся, што Меркель папрасіла Пуціна паўплываць на Лукашэнку, перш за ўсё ў частцы выпускання палітвязняў», — сказаў Венедыктаў.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што абмеркаванне Беларусі на сустрэчы — гэта не «здагадка», а «веданне».
А тое, што гэтае пытанне па выніках сустрэчы не прагучала публічна, Венедыктаў патлумачыў так: «Ну, проста на фоне Навальнага, Украіны, Афганістана, "Паўночнага патока" — напэўна, гэта не прагучала».
Пра тое, што беларускае пытанне гучала на сустрэчы нямецкай канцлеркі і расійскага прэзідэнта, было вядома практычна адразу па завяршэнні перамоў. Пуцін на прэс-канферэнцыі расказаў, што гэтую тэму падняла Меркель. Але пры гэтым ён адзначыў, што, на думку ў Масквы, «супярэчнасці ўнутры беларускага грамадства могуць быць вырашаныя толькі ў рамках канстытуцыйна-прававога поля і выключна самімі беларусамі без вонкавага ўмяшання». Са свайго боку, Ангела Меркель распавяла, што ўздымала пытанне аб мігрантах на літоўска-беларускай мяжы. Яна асудзіла «прымяненне ў якасці гібрыднай зброі людзей, якія цярпяць бедства».
«Еўрарадыё»