Малаколькасны пратэст толькі ўзмоцніць апатыю людзей
У асяродку дэмакратычнай апазіцыі ідзе актыўнае абмеркаванне ацэнкі парламенцкай кампаніі і яе магчымых вынікаў.
Экс-кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч разам з прафсаюзным лідарам Генадзем Фядынічам ужо заклікаюць прыхільнікаў выйсці 12 верасня на акцыі пратэсту.
У апазіцыі пакуль няма адназначнай пазіцыі аб мэтазгоднасці вулічных акцый.
“Няўдалы заклік выйсці на вуліцу можа прывесці да яшчэ большай апатыі, — перакананы намеснік старшыні Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч. — Мы бачым тысячы і дзясяткі тысяч людзей, якія гатовы падтрымаць альтэрнатыву. Але самі гэтыя людзі на сённяшні дзень яшчэ баяцца пераходзіць да актыўных дзеянняў і выходзіць на несанкцыянаваныя акцыі. Калі на акцыю выйдзе няшмат людзей, калі на нейкай канкрэтнай плошчы збярэцца невялікая купка прыхільнікаў пераменаў — гэта толькі ўзмацніць апатыю людзей і няверу ў тое, што можна нешта змяніць”.
“Альтэрнатывай можа стацца актыўная кампанія інфармавання аб сапраўдных выніках выбараў,” — дадаў Юрась Губарэвіч.
Палітык мяркуе, што апазіцыя мае зараз рабіць асноўную стаўку на працу з насельніцтвам і назіранне за выбарамі. Губарэвіч перакананы, што кансалідаваная дзейнасць апазіцыйных структур пасля выбараў будзе больш эфектыўнай за малаколькасны пратэст.
Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя