Вейшнорыя: смех скрозь слёзы

Мы вагаліся, ці даваць гэтыя развагі на суд чытачоў. Тое-сёе падалося альбо прыцягнутым за вушы альбо проста перабольшаным, асабліва тое, што тычыцца праекту Літваніі. Але, магчыма, для кагосьці гэта меркаванне падасца вельмі блізкім, сугучным уласным думкам і перасцярогам. Таму чакаем вашых водгукаў.

2_vajsznoryja_1.jpg

Вейшнорскія жаўнеры ўздымаюць нацыянальны сцяг (фотакалаж з інтэрнэту)


«Вейшнорыя» — гэта чарговая назва крамлёўскага праекту захопу Беларусі. Праект — адзін, назвы — розныя. Я не веру ў супадзенні, асабліва калі іх больш за адно. У выпадку з Вейшнорыяй супадзенняў — процьма.


Напачатку, як вядома, было слова. Варта ж памятаць і пра тое, што слову наступнічала дзея. А таму пагуляліся — дый годзе. Варта ўсё назваць сваімі імёнамі. І хай пасля прачытання гэтых развагаў хтосьці назаве аўтара фэйсбучным сектантам на ўзроўні экспертаў з «Одноклассников» (а то і горш), галоўнае — каб прачыталі. Усё ж пад бокам у нас вайна, а войскі агрэсара ўжо і на нашай тэрыторыі.

Карысныя ідыёты

Быць названым карысным ідыётам не хоча ніхто. Між тым, гэты панятак мае не столькі абразлівы кантэкст, колькі функцыянальны. Па-сутнасці, гэта тэрмін з лексікону спецслужбаў. Далёка не заўжды варта нейкія правакацыі, канфлікты, інтрыгі здзяйсняць уласнаручна. Часам значна прасцей і эфектыўней выкарыстаць дзеля гэтага «карысных ідыётаў» — людзей, чые шчырыя памкненні ды погляды супадаюць з легендай-прыкрыццём правакацыі: папросту ініцыюй ды падштурхні ў патрэбным табе кірунку, а далей яно закруціцца самастойна, пакінуўшы табе неаспрэчнае алібі недатычнасці.
У выпадку з «Вейшнорыяй» нескладана было спрагназаваць тую хвалю адначасовага абурэння дый смеху з кпінамі, якую ў беларускім грамадстве выклікала агучванне сцэнару вучэнняў «Захад–2017».
Абурэнне выкліканае тым, што ці не ўпершыню частку беларускіх грамадзянаў афіцыйна залічылі да ворагаў дзяржавы (калі не браць у разлік выказванні кіраўніка дзяржавы пра «пятую калону»), а частку Беларусі выкінулі па-за дзяржаўныя межы ды абвясцілі яе агрэсарам. Безумоўна, гэта абраза і правакацыя. І на гэта трэба рэагаваць.


1_vajsznoryja.jpg

Першы намеснік міністра абароны Беларусі Алег Белаконеў прэзентуе сцэнар вучэнняў "Захад-2017" (Мінск, 29 жніўня 2017 г.)


Між тым спробы рэагаваць на абразу і правакацыю літаральна ўмомант патанулі ў шквале кпінаў, мемаў і тролінгу. Літаральна ўмомант былі створаныя віртуальныя дзяржаўныя інстытуцыі Вейшнорыі, абраныя герб і сцяг, а таксама гімн і адміністрацыйнае дзяленне новай дзяржавы, тысячы ахвотнікаў запісваюцца ў чаргу на атрыманне пашпарта вейшнорца, прапісваецца абгрунтаванне адасаблення Вейшнорыі ад астатняй Беларусі… Па-сутнасці, сямімільнымі крокамі ствараецца падмурак для замацавання ў свядомасці беларусаў магчымасці ў нашай краіне сепаратызму (сёння — пад вейшнорскім сцягам, а заўтра — пад якім?)

У профілі найбольш актыўнага прасоўвальніка ідэяў Вейшнорыі ў твітары "МЗС Вейшнорыі" найперш звяртаюць на сябе ўвагу даты: профіль створаны 30 жніўня 2017 г. і ўжо 31 жніўня (праіснаваў роўна адзін дзень) прыпыніў сваю дзейнасць. Для правакацыі рукамі карысных ідыётаў часам дастаткова адно штуршка ў патрэбным кірунку...

У профілі найбольш актыўнага прасоўвальніка ідэяў Вейшнорыі ў твітары "МЗС Вейшнорыі" найперш звяртаюць на сябе ўвагу даты: профіль створаны 30 жніўня 2017 г. і ўжо 31 жніўня (праіснаваў роўна адзін дзень) прыпыніў сваю дзейнасць. Для правакацыі рукамі карысных ідыётаў часам дастаткова адно штуршка ў патрэбным кірунку...


Зразумець гэткую рэакцыю можна. Агульная стома ад рэжыму Лукашэнкі і прага да хоць нейкай альтэрнатывы, шматгадовы няўдзел у дзяржавабудаўніцтве, непрыманне ўсё большай русіфікацыі Беларусі — усё гэта падштурхоўвае беларускіх пасіянарыяў, шчырых і адданых беларускіх патрыётаў да ўдзелу ў прапанаванай гульні ў сваю сапраўдную рэспубліку мрояў — Вейшнорыю.

 

3_vajsznoryja.jpg

Пашпарт вейшнорца, на атрыманне якога ў інтэрнэце ўжо запісаліся тысячы чалавек


Вось толькі адкуль быў першы штуршок да яе? Хто першы агучыў ідэю Вейшнорыі? Сапраўдныя «айцы-заснавальнікі» Вейшнорыі зусім не шчырыя беларускія патрыёты, а… аўтары расійска-беларускіх вучэнняў «Захад–2017». Дый чаму сярод сеткавых апалагетаў Вейшнорыі так шмат расійскіх профіляў? Супадзенне?

Дзеля справядлівасці, я таксама стаўся ў пэўнай ступені карысным ідыётам. У маёй стужцы цягам аднаго дня (30 жніўня) таксама з’явіліся чатыры публікацыі, вытрыманыя ў атмасферы агульнага захаплення гульнёй у новую дзяржаву. Публікацыі выдаляць не буду — як сведчанне і напамін таго, што статкаваму ачмурэнню і эйфарыі цяжка супрацьстаяць свядома і што нават найбольш пільным не варта разнявольвацца.


Літванія, Вейшнорыя, Наваросія


А вось і профіль аўтаркі каменту — нейкай Паліны Антанюк з расійскага Мурманску, профіль літаральна забіты перапостамі пра Вейшнорыю

А вось і профіль аўтаркі каменту — нейкай Паліны Антанюк з расійскага Мурманску, профіль літаральна забіты перапостамі пра Вейшнорыю


Дарэчы, стварэнне віртуальных дзяржаваў — прыдумка не новая. Усялякага кшталту народныя рэспублікі, Наваросіі ды аўтаноміі папярэднічалі, бадай, усім тэрытарыяльным канфліктам, распачатым Расіяй цягам апошніх дзесяцігоддзяў, ды з’явіліся найперш у анлайн-прасторы, падрыхтаваўшы глебу для ўтварэння сепаратызму ў прасторы рэальнай. Далёка хадзіць не трэба, зірнуўшы зноўку ж культываванне ідэяў Наваросіі ці створаную анлайн Данецкую Народную Рэспубліку.

У Беларусі спробаў раздзьмуць агонь сепаратызму ў постсавецкі перыяд Расія рабіла прынамсі некалькі. Бадай, найбольш яскравыя — паляшуцкі рух «Етвязь» (1990-я гг.) і палоналітвінскі рух «Літванія» (2000-я гг.).
Апошнім займаліся Віктар Нагнібяда і Віктар Юцкевіч, што мроілі пра стварэнне асобнай «літвінскай нацыі», мовы (зусім не беларускай) ды сваёй псеўдадзяржавы. З іх ініцыятывы на пачатку 2000-х быў праведзены нават устаноўчы сход, што меўся замацаваць «абвяшчэнне нацыі». У якасці асноўнага палітычнага курсу арганізатары адкрыта называлі адасабленне Заходняй Беларусі ў асобную дзяржаву альбо далучэнне да Польшчы. Пры гэтым рэшта дзяржавы, паводле аўтараў «Літваніі» папросту абавязаная была далучыцца да Расіі.

Пазней быў створаны сайт Літваніі (па-руску, хто б сумняваўся), суполкі ў сацыяльных сетках. Літаральна праз пару месяцаў Нагнібяда і Юцкевіч хацелі заснаваць і зарэгістраваць у Польшчы партыю літвінаў, праз якую планавалі ўздымаць пытанне адасаблення заходніх рэгіёнаў Беларусі і магчымага іх далучэння да Польшчы.Назіраючы ж гэтымі днямі за «вейшнорскай» хваляй ды патугамі ператварыць Вейшнорыю ў хай пакуль што і толькі віртуальную, але цалкам самастойную дзяржаву з усімі атрыбутамі (у тым ліку мовай, гісторыяй, уласнай палітыкай), а таксама з пакуль што асцярожнай агрэсіяй у бок усяго беларускага, цяжка ўстрымацца ад правядзення паралеляў паміж Літваніяй і Вейшнорыяй. Пры гэтым, паралеляў настолькі шмат, што выпадае гаварыць менавіта пра адзіны праект, які паслядоўна рэалізоўваецца пад рознымі назвамі.
Адрозненне ж праекту «Вейшнорыя», скажам, ад праекту «Данецкай Народнай Рэспублікі» ў кірунку гетаізацыі. Ва Украіне крамлёўцы стваралі гета менавіта для прарасійскіх украінцаў расійскага паходжання, якія кампактна пражываюць па паўднёвым усходзе краіны. У выпадку ж з «Вейшнорыяй» гета ствараецца, наадварот, для ўсіх «нярускіх» (як у выпадку іншага крамлёўскага сепаратысцкага праекту ва Украіне «Карпацкая Русь»).

 

Пасля таго як Нагнібяда і Юцкевіч адначна зніклі (гэтаксама нечакана, як і з’явіліся), усе сляды праекту "Літванія" ў інтэрнэце былі старанна зачышчаныя, уласна сайт "Литвании" быў выдалены. Між тым што-нішто ўсё-ткі засталося на форумах ды ў кэшы...

Пасля таго як Нагнібяда і Юцкевіч адначна зніклі (гэтаксама нечакана, як і з’явіліся), усе сляды праекту "Літванія" ў інтэрнэце былі старанна зачышчаныя, уласна сайт "Литвании" быў выдалены. Між тым што-нішто ўсё-ткі засталося на форумах ды ў кэшы...


Эфект лыжкі лайна

Як вядома, лыжка лайна ў бочцы мёду няўхільна ператварае апошнюю ў бочку лайна. Крамлёўскія сепаратысцкія праекты ад пачатку не мелі значнай падтрымкі сярод мясцовага нерасійскага насельніцтва. Зрэшты, гэткая падтрымка хоць і магла стаць прыемным бонусам для аўтараў і рэалізатараў сепаратысцкіх праектаў, аднак найперш мела зусім іншую мэту — падрыхтоўка глебы для расійскай акупацыі.

Гэтак, у 2010 годзе крымская партыя «Русское единство» (заснаваная ў 2008-м пад назвай «Авангард») на выбарах у Вярхоўны савет украінскай аўтаноміі набрала ўсяго 4,02%, атрымаўшы 3 са 100 мандатаў. Яшчэ праз два гады нават гэткая мізэрная падтрымка ў межах статыстычнае памылкі сышла на нішто: аніводзін з кандыдатаў ад «Русского единства», выстаўленых на чатырох акругах у часе парламенцкіх выбарах, не перамог.

І гэта — у Крыме, пра нібыта татальную прарасійскасць якога апошнім часам чулі нават глухія! Між тым, менавіта гэтая партыя, якая не карысталася папулярнасцю нават сярод найбольш прарасійскіх жыхароў паўвыспы, адыграла адну з галоўных роляў у акупацыі Крыма, а маргінал Аксёнаў па мянушцы «Гоблін» умомант узляцеў на вяршыні крамлёўскай прапаганды.

Менавіта таму не варта заўчасна выдыхаць з палёгкай, назіраючы, як «галоўны беларускі казак» Мікалай Улаховіч атрымаў у часе апошніх прэзідэнцкіх выбараў усяго толькі 1,67% галасоў. Калі рух вейшнорцаў усё ж такі пусціць карэнне ў беларускую глебу, то, відавочна, вышэй за межы маргінальнага «фрык-руху» ён не скокне. Аднак прыклад крымскага «Гобліна»-Аксёнава сведчыць: для падрыхтоўкі глебы пад расійскую акупацыю шмат не трэба.

Пры гэтым, можна прагназаваць, што, як і Аксёнаў ды Улаховіч, уступаць у канфрантацыю з дзейснымі ўладамі Беларусі «лідары» вейшнорцаў таксама не будуць. Мэта падобных крамлёўскіх праектаў, паўтаруся, не пабудова сапраўднай новай дзяржавы, а толькі задзел на будучую расійскую акупацыю.

Падзел беларусаў

Беларусы ўсцяж застаюцца дастаткова маналітнай нацыяй: пры наяўнасці розных і нават супрацьлеглых палітычных і геапалітычных сімпатыяў, аднак, у краіне адсутнічае выразна прарасійскі рэгіён альбо значная тэрыторыя, кампактна заселеная этнічнымі рускімі. Калі ж чагосьці няма, то яго можна паспрабаваць стварыць штучна.

Маючы за аснову тэзу «беларусы і рускія — адзіны рускі народ», крамлёўская прапаганда намагаецца падзяліць беларусаў не паводле лініі «беларусы vs рускія», але паводле лініі «беларусы vs беларускія беларусы». Іншыя акрэсленні апошніх: свядомыя, змагары, ліцвіны, «тру-беларусы», бээнэфаўцы, а зараз — і вейшнорцы.Падобныя працэсы, дарэчы, адбываліся і ва Украіне, дзе крамлёўская прапаганда старанна ўмацоўвала падзел украінцаў на ўкраінцаў трох гатункаў (самыя «трушныя» ўкраінцы першага гатунку — Заходняя Украіна, другі гатунак — у цэнтральнай Украіне, трэці гатунак — усходнія ды паўднёвыя ўкраінцы).

Мапа электаральнай падтрымкі кандыдатаў у прэзідэнты Украіны Віктара Юшчанкі і Віктара Януковіча (2004)

Мапа электаральнай падтрымкі кандыдатаў у прэзідэнты Украіны Віктара Юшчанкі і Віктара Януковіча (2004)


Падзел нацыі паводле гатункаў забівае адразу двух зайцаў:

Па-першае, тым, каму «пашчасціла» трапіць у найвышэйшую катэгорыю, падаграецца пыха: маўляў, мы і сапраўды лепшыя за тых горшых, тыя горшыя — несапраўдныя, а таму няма чаго за іх трымацца, хай ідуць лесам у сваю Расію, а мы будзем ці асобна жыць, ці наагул пойдзем пад Польшчу, бо там нас чакаюць як частку «сапраўднай Заходняе цывілізацыі».

Па-другое, тым, каму «не пашчасціла», і трапілі яны ў найніжэйшую катэгорыю, навязваецца комплекс непаўнавартасці ды крыўда на першых: маўляў, задзяўблі яны сваёй фанабэрыяй, нічога не робяць, а мы іх кормім, пойдзем да Расіі, якая нас любіць і чакае.

Гэткія ўлёткі ад імя прыхільнікаў "Памаранчавай рэвалюцыі" Віктара Юшчанкі распаўсюджвалі сярод простых украінцаў структуры ягонага суперніка Віктара Януковіча (2004)

Гэткія ўлёткі ад імя прыхільнікаў "Памаранчавай рэвалюцыі" Віктара Юшчанкі распаўсюджвалі сярод простых украінцаў структуры ягонага суперніка Віктара Януковіча (2004)


Таксама чыняцца спробы падзяліць беларусаў не толькі паводле моўна-культурнай, але і паводле рэлігійнай прыналежнасці. Гэтак крамлёўская і мясцовая каланіяльная прапаганда ўсяляк намагаецца вымалеваць вобраз ворага з беларускіх каталікоў.

Маўляў, значная частка беларускіх каталікоў — прадстаўнікі польскай нацыянальнай меншасці, то бок аўтаматычна «небеларусы», «нянашыя».

Каталікі асацыююцца з Заходняй цывілізацыяй, якую адэпты «русского мира» лічаць варожай сабе. Адпаведна, беларускія каталікі ў вачах «русского мира» — альбо варожыя агенты, альбо здраднікі, што яшчэ горш.

Пераважная колькасць каталікоў аддаюць перавагу беларускай (нярускай) мове і культуры ды нярускаму вектару развіцця Беларусі — пра гэта сведчаць перапісы насельніцтва ды прэзідэнцкія выбары.

19_vajsznoryja.jpg

У дадатак. Акрамя дэмаралізацыі і раз’яднання нацыі, падзел беларусаў мае на мэце і стварэнне адмысловага «гета» для тых беларусаў, якія здольныя на збройны супраціў Расіі ў выпадку захопу Беларусі апошняй, а таксама складання яшчэ аднаго «расстрэльнага спісу» тых, хто падпадае ў тым ліку і пад фізічную ліквідацыю ў першыя ж дні акупацыі.

Знешнепалітычны эфект

Вядомы факт: адным з галоўных ачагоў патэнцыйнай геапалітычнай напружанасці на глебе міжэтнічных і міжнацыянальных канфліктаў у Савецкім Саюзе разглядалася — нароўні з Каўказам — і беларуска-літоўска-польскае памежжа. Так, тая самая «Вейшнорыя». Супадзенне?

Як і ў выпадку з Украінай, якую крамлёўцы прапаноўвалі па кавалках разабраць ці не ўсім дзяржавам-суседкам, асноўны падзел Беларусі, паводле задумы, мае адбыцца паміж Расіяй (большая частка Беларусі) і Польшчай (Заходняя Беларусь), у дадатак, магчыма, нешта атрымаюць сабе і літоўцы. Гэткім чынам, Вейшнорыя мае адысці палякам ды літоўцам у якасці геапалітычнага падарунку ды залагоджвання.

Падобныя прапановы падзелу Беларусі з боку расійскіх прапагандыстаў, зрэшты, ужо неаднойчы агучваліся. Як і ў выпадку з Украінай, калі ў часе ваеннай эскалацыі на Данбасе з падобнымі прапановамі да Польшчы звяртаўся шэраг расійскіх адыёзных палітыкаў і прапагандыстаў.

Адна з мапаў крамлёўскіх прапагандыстаў з прапанаванымі перадзеламі Беларусі і Украіны

Адна з мапаў крамлёўскіх прапагандыстаў з прапанаванымі перадзеламі Беларусі і Украіны


Пры гэтым — і тут няма ілюзіяў — размаітых «ватнікаў» ды іншых апалагетаў Расіі на тэрыторыі «Вейшнорыі» таксама багата. А таму аддадзеная палякам ды літоўцам тэрыторыя аўтаматычна ператвараецца ў сепаратысцкія гнайнікі — толькі ўжо прарасійскія, агмень дэстабілізацыі сітуацыі ў рэгіёне. Масавыя пратэсты, сабатаж, тэракты, незаконныя ўзброеныя фармаванні — усё гэта мае ператварыць тэрыторыі Вейшнорыі ды прылеглых Вясбарыі ды Лубеніі (як Польшчу і Літву назвалі ў легендзе вучэнняў «Захад–2017») у «шэрую зону», якая ў перспектыве дае Расіі кантроль над «Сувалкскім калідорам» ды наземнае злучэнне з Калінінградзкай вобласцю РФ без наўпроставага ваеннага супрацьстаяння з NATO.

Мапа сцэнару вучэнняў "Захад-2017"

Мапа сцэнару вучэнняў "Захад-2017"


Дарэчы, звяртае ўвагу на сябе і тое, што межы «Вейшнорыі» не супадаюць з межамі Заходняй Беларусі. Гэткае несупадзенне вынікае з таго, што Заходняя Беларусь не ўяўляе з сябе ані гістарычнага, ані моўна-культурнага, ані этнічнага маналіту, які можна было б супрацьпаставіць астатняй Беларусі. У адрозненні ад Паўночна-Заходняй часткі краіны (з больш-менш кампактным каталіцкім і польскім насельніцтвам), Паўднёва-Заходняя частка Беларусі праваслаўная ды зазнала значныя ўкраінскія ўплывы.

А таму Берасцейшчына хоць і ўваходзіць у панятак «крэсаў», мае, аднак, патэнцыял ператварэння ў геапалітычны козыр у гульні не толькі ды не столькі з Польшчай, колькі з Украінай. Гаворка пра згаданы вышэй сепаратысцкі паляшуцкі рух Міколы Шэляговіча «Етвязь» напрыканцы 1980-х — пачатку 1990-х гг., які даводзіў небеларускасць Палесся, найперш Берасцейшчыны з ухілам у тэзу «Берасцейшчына — гэта Украіна». Між тым, сувязяў з Масквой ды крамлёўскую дапамогу яго ініцыятыве Шэляговіч таксама асабліва не хаваў.

Што рабіць?

Трымацца Беларусі — адзінай і непадзельнай. І разбудоўваць менавіта Беларусь — усім, незалежна ад палітычных перакананняў, рэгіянальных ды геапалітычных сімпатыяў і г.д. Здушваць на корані якія-колечы сепаратысцкія праекты — неістотна, пад якім сцягам ды рыторыкай яны прапаноўваюцца.

І не забываць: вораг ужо ў нашым — беларускім — доме. Вораг, гатовы ваяваць, рабаваць і забіваць нас з вамі. Усіх — незалежна ад нашых палітычных перакананняў, рэгіянальных ды геапалітычных сімпатыяў.

Вейшнорыя павінна памерці. Жыве Беларусь!