«Коммерсантъ» пра Беларусь: Краіна мае ўсе шанцы стаць банкрутам
Пакуль беларускае Міністэрства замежных спраў папракае «калектыўны Захад» ва ўвядзенні санкцый «у дзень памяці і смутку», менавіта 22 чэрвеня расійская газета «Коммерсантъ» апублікавала адразу два артыкулы на тэму санкцыйных абмежаванняў. І тон гэтых публікацый далёкі ад дружалюбнага.
У артыкуле «Сяброўства з Лукашэнкам давяло да санкцый» гаворыцца пра праблемы, з якім сутыкнуўся Міхаіл Гуцэрыеў:
— Бізнесмен, які займае 60 радок у айчынным рэйтынгу «Forbes», трапіў у чорны спіс за блізкасць да Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер мільярдэру абмежаваны ўезд на тэрыторыю ЕС, еўрапейскія банкі не змогуць яго абслугоўваць і замарозяць усе асабістыя актывы. Але, як сцвярджаюць суразмоўцы «Коммерсантъ», праблемы могуць паўстаць не толькі персанальна ў Гуцэрыева, але і ў звязаных з ім расійскіх кампаній.
Выданне падкрэслівае, што «бізнесмен інвеставаў у Беларусь мільярды долараў». І задаецца пытаннем: ці акупяцца пад санкцыямі гэтыя ўкладанні?
У іншым артыкуле аглядальнік «Коммерсанта» Дзмітрый Дрызе фармулюе шэраг непрыемных пытанняў і высноў.
— Можна прама сказаць, што краіна мае ўсе шанцы стаць банкрутам, пры тым што эканамічнае становішча рэспублікі і так далёкае ад ідэалу. І вырашыць пытанне мірам, ні ў чым не саступаючы, мабыць, ужо наўрад ці атрымаецца.
На яго думку, адзін з нямногіх варыянтаў у афіцыйнага Мінска — «цалкам пакласціся на саюзніка». Але і гэты варыянт пад вялікім пытаннем:
— На сёння не вельмі зразумела, ці здольная Расія фізічна ўзяць на буксір Беларусь, якая тоне. Тым больш, агульнавядомы факт — калі краіна пад міжнароднымі санкцыямі, значыць, любыя кантакты з такім партнёрам выклікаюць вялікія праблемы. Гэта да пытання, ці ёсць спадзеў, што Кітай, арабскі свет ці Турцыя дапамогуць. Можа быць, вядома, але ў каго ўзнікае жаданне рызыкаваць, тым больш у пандэмію?
Аглядальнік «Коммерсанта» нагадвае пра нядаўні візіт Уладзіміра Макея ў Маскву, дзе яму «фактычна нагадалі пра канстытуцыйную рэформу і агульнанацыянальны дыялог з канструктыўнай апазіцыяй».
Дрызе паказвае таксама на сімвалічны момант: Пуцін мог, але не прыехаў 22 чэрвеня ў Брэст. А тут яшчэ напярэдадні «беларускае пытанне» абмяркоўвалася з прэзідэнтам ЗША. А крыху пазней і санкцыі падаспелі.
— Выснова напрошваецца сама сабой: цягнуць з канстытуцыйнай рэформай, мабыць, сапраўды не выпадае, на што саюзнік у чарговы раз недвухсэнсоўна намякае. Прычым яна сапраўды павінна прывесці да рэальнай змены ўлады: у адваротным выпадку санкцыі будуць і далей узмацняцца, беларускі крызіс — пашырацца і Расію гэта непазбежна закране. Уласна, гэта адзінае выйсце, — сцвярджае аглядальнік «Коммерсанта».
Ці здольны на такі крок Лукашэнка?
— Пытанне складанае. Здаецца, што час упушчаны, тым больш, што не вельмі верыцца, што Лукашэнка гатовы сур’ёзна куды-небудзь сыходзіць. Як бы там ні было, падобна, што Масква відавочна не ў захапленні ад перспектывы несці дадатковы цяжар у выглядзе падтрымкі ўсё больш неадназначнага саюзніка. Асабліва цяпер, калі ёсць рэальны шанец наладзіць адносіны з Захадам, — рэзюмуе Дзмітрый Дрызе.