«Колькасць людзей на вуліцах забяспечвае жыццё палітвязням»

Расейскі пісьменнік і публіцыст Віктар Шэндэровіч у інтэрв'ю Свабодзе — пра эскалацыю гвалту ў Беларусі і пазыцыю Расеі.

partyzanski_marsz_fota_dzmitryja_dzmitryeva__22__logo.jpg

 

Пра венэсуэльскі варыянт

Я думаю, што Лукашэнку абсалютна абыякавы Пуцін. Цяпер ён змагаецца за сваё жыццё. Сам загнаў сябе ў такі кут, калі размова ідзе пра тое, што бяз улады ў яго няма жыцця, прынамсі на свабодзе. Гэта драматычная сітуацыя для Лукашэнкі і трагічная для беларускага народу. Пытанне не ў Лукашэнку, а ў тым, як сітуацыя глядзіцца з гістарычнай дыстанцыі. Відавочна, што цудоўная надзея беларускага грамадзтва на дыялёг з прытомнымі людзьмі вакол Лукашэнкі, у Расеі, правалілася. Найбліжэйшы аналаг — Венэсуэла. Беззаконне ўлады, безуладдзе, гвалт могуць працягвацца гадамі.

Стратэгічна Лукашэнка прайграў, а беларусы перамаглі. Стратэгічна ніякага прэзыдэнта Лукашэнкі няма. Ані юрыдычнай, ані сэнсоўнай легітымнасці няма Адчування «бацькі» хаця б у якой часткі насельніцтва было, а сёння няма ніякага «бацькі». Мадура ў такім жа стане, што не перашкаджае біць, забіваць і заставацца ва ўладзе.

Куды можа ўцячы Лукашэнка

У Растоў, як Януковіч. Можа, у Кітай. Зразумела, што будзе чапляцца за ўладу да апошняга. Нават пуцінскай уладзе можа надакучыць у літаральным сэнсе плаціць за гэтае вар’яцтва. Колькі Расея ўтрымлівае тыранаў ва ўсім свеце, а ў самой краіне не хапае сродкаў на ўласныя шпіталі. Калі гэта надакучыць Пуціну і страты ад Лукашэнкі перавысяць страх Пуціна мець справу з параўнальна незалежнай уладай... Быў варыянт Бабарыкі, але гэты пункт мы праскочылі, два месяцы таму трэба было рабіць. Сёння Беларусі хочацца зусім на свабоду, а не перайсці з-пад улады Лукашэнкі пад уладу Пуціна.

Пра дамоваздольнага чалавека, арыентаванага на Маскву

Эканамічны слабы, залежны, кіраваны Лукашэнка — менавіта гэта трэба Пуціну, а не Расеі і не Беларусі. Будуць адкроеныя вялікія кавалкі беларускай маёмасці. Шантажаваць Лукашэнку Пуціну сёння вельмі лёгка. Другі варыянт — умоўны Бабарыка. Тады няважна, як будзе аформлена, якое месца Лукашэнку знойдуць у мітычнай саюзнай дзяржаве, каб ён пераехаў у Маскву і перастаў бегаць з аўтаматам, каб улада перайшла да дамоваздольнага чалавека, арыентаванага на Маскву бяз жахаў катаванняў і з эканамічным кантролем. Гэта трэба Пуціну, але ён найбольш баіцца, што маятнік праскочыць і будзе незалежная Беларусь, павернутая тварам на Захад.

Чаму працяг пратэсту гарантуе жыцці палітвязням

Я разумею, што, калі пратэст будзе затухаць, гэта будзе азначаць развязанне рук. Колькасць людзей, якія выходзяць на вуліцы беларускіх гарадоў, забяспечвае жыццё палітычным зняволеным. Ён зразумее, што хваля спала, што яму можна ўжо зусім усё. Кроў на ім ужо ёсць, і вялікая кроў, і яна яго не спыніць.

Выбары ЗША адцягнулі ўвагу ад падзеяў у Беларусі. Адышоў фокус увагі. Гэта вельмі добра для Лукашэнкі і вельмі дрэнна для ўсіх нармальных людзей. Адміністрацыя Байдэна будзе ўдзяляць нейкую ўвагу падзеям у Беларусі. Чым больш будзе ўвагі, чым даражэй будзе плаціць Лукашэнка за гвалт; чым больш будзе санкцый, чым больш будзе эканамічных стратаў і асабістай пагрозы, тым большая імавернасць, што хаця б ня будзе крыві.​

Пра сумныя парадоксы працяглага мірнага пратэсту

Важна, каб Лукашэнка разумеў, што будзе цяжка плаціць за гвалт. Чым большы будзе ціск унутры краіны і звонку, чым гэта будзе больш арганізавана, тым большы шанец, што гвалт ня будзе ў зусім крывавую плашчыню пераходзіць. Беларусь не павінна выходзіць з фокусу ўвагі.

У Лукашэнкі разлік на стомленасць. Цяжка, немагчыма выходзіць месяцы запар сотнямі тысяч. У першыя дні можна было змесці ягоную ўладу фізычна. Былі б ахвяры, але не было б Лукашэнкі. Беларусы пайшлі мірным шляхам, не сталі проста зносіць Акрэсціна і Дразды ў першыя дні, калі фізічная, масавая магчымасць і настрой былі. Пытанне адкрытае: калі ў выніку атрымліваецца больш ахвяраў?

Не выключаны сумны парадокс, што мірны пратэст можа прывесці ў выніку да большай колькасці ахвяраў, чым было б у нямірным. Я надзвычай паважаю выбар беларускага народу і, каб ад мяне залежала паслаць людзей на штурм, разумеючы, што нехта загіне... Тут трэба мець іншую волю і ўяўленні пра дабро і зло.


Глядзіце размову цалкам на відэа: