Карбалевіч: Лукашэнка будзе мець магчымасць прадухіліць выкарыстанне ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі
Генеральны сакратар Садружнасці Незалежных Дзяржаў Сяргей Лебедзеў паведаміў, што рашэнне аб прымяненні ядзернай зброі будзе прымацца сумесна. Якую ролю ў прыняцці такога рашэння патэнцыйна можа адыграць Лукашэнка, «Салідарнасць» спытала ў палітолага Валерыя Карбалевіча.
— Спачатку звернемся да таго, хто гэта кажа. Лебедзеў ужо даўно адстаўны палітык. Генеральны сакратар СНД — гэта як адправіць чалавека ў ссылку, даць ганаровую ролю, залаты парашут, — кажа эксперт. — Наўрад ці гэты чалавек удзельнічае ў прыняцці пастаноў і наогул дасведчаны ў нейкіх важных рашэннях Крамля. Таму я б паставіўся да яго заяў як да прыватнага меркавання чалавека, які з'яўляецца нейкім міжнародным чыноўнікам.
Палітолаг мяркуе, што расійскі прэзідэнт наўрад ці хацеў бы ўзгадняць пытанне ўжывання ядзернай зброі з Лукашэнкам.
— Я не думаю, што ён узгадняў з Лукашэнкам пытанне, калі
захопліваў Крым, Данбас, калі пачынаў вайну супраць Украіны год таму, і нават
наўрад ці ўзгадняў выкарыстанне беларускай тэрыторыі для наступу на Кіеў. Ужо
пытанне аб прымяненні ядзернай зброі значна больш стратэгічнае.
Але тут ёсць нюанс. Пуцін абвясціў, што дзесяць беларускіх
самалётаў будуць пераабсталяваны для нясення ядзернай зброі. На гэтых
беларускіх самалётах, можна разумець, будуць беларускія экіпажы. Яны
падпарадкоўваюцца не Пуціну, а Лукашэнку. Тут узнікае пытанне: якім чынам можа
быць выкарыстана ядзерная зброя?
Пуцін казаў, што размяшчэнне ядзернай зброі на тэрыторыі
Беларусі не з'яўляецца парушэннем міжнароднай дамовы аб нераспаўсюджванні
ядзернай зброі, паколькі менавіта Расія кантралюе ўвесь працэс. Але як яна
кантралюе, калі самалёты — беларускія?
Пры гэтым, дадае эксперт, калі беларускі бок не будзе згодны
з ужываннем ядзернай зброі, якая знаходзіцца на яго тэрыторыі, беларускія ўлады
будуць мець магчымасць перашкодзіць гэтаму.
— Скажам, адключыцца электрычнасць на аэрадроме, дзе абсталёўваюцца самалёты, будзе заблакіравана ўзлётна-пасадачная паласа або перакрыта дарога, калі боезарады будуць перавозіць. Пры жаданні, калі ўзнікне востры канфлікт, у беларускага палітычнага кіраўніцтва заўсёды будуць магчымасці для таго, каб неяк гэтаму перашкодзіць.
Я не ўпэўнены, што на паперы будзе зафіксавана рашэнне аб
«двайной кнопцы». Аднак, што тычыцца практычнай сітуацыі, калі беларускае
кіраўніцтва будзе нязгоднае з ужываннем ЯЗ па нейкіх прычынах, то яно мае
нейкія чыста тэхнічныя магчымасці перашкодзіць выкарыстанню ядзернай зброі,
якая знаходзіцца на беларускай тэрыторыі.