Караеў: Ідэалогія да 1947 года была вельмі добрай
Былы міністр унутраных спраў Юрый Караеў, адказны за катаванні беларусаў пасля выбараў 2020 года, распавёў у інтэрв'ю прапагандзе пра «кодэкс гонару камуніста» і «негатыўныя заходнія дэпрэсіўныя ціскі».
Сёння былы кіраўнік рэпрэсіўнага міністэрства з'яўляецца старшынём Беларускай федэрацыі кікбоксінга і тайландскага бокса. Юрый Караеў паразважаў аб ідэалагічным выхаванні маладых беларускіх спартоўцаў.
У інтэрв'ю на СТБ выйшла красамоўная гутарка:
— Чалавек на службе. Наколькі ў вас хапае часу і сіл займацца адразу адначасова такім фронтам прац?
— Гэта пэўная манера зносін. І ўсё. Гэта не фронт прац.
— А што найбольш падабаецца ў зносінах?
— Даведвацца, дзе яны, адкуль, што, як, якім чынам думкі і якая ў іх прафесійная падрыхтоўка, хто ў іх маці, тата. Што яны чытаюць, што яны думаюць. Мне вельмі падабаецца камунікаваць з імі. Асабліва з маладымі.
— А вас хто-небудзь здзівіў за апошні час?
— Мяне яны ўвесь час здзіўляюць.
— А што б вы адзначылі ў гэтых хлопцаў маладых?
— Добрыя ўсе. Ну, схільныя да заходняй дэпрэсіўнай культуры, назавем гэта так.
— Дарэчы, сапраўды, як усцерагчы нашае пакаленне ад вось гэтых негатыўных заходніх дэпрэсіўных ціскаў?
— Вельмі добра атрымлівалася да 1947-га, 1950 года, калі ідэалогія савецкая, няхай яна ў нечым там была, можа быць, нейкая неідэальная, недасканалая, але яна ж заснаваная была на добрым. На добрых пазывах людзей: роўнасць, братэрства, свабода, сумленнасць. Як кажуць, кодэкс гонару камуніста спісаны з біблейскіх запаведзяў. У прынцыпе, тое, што прапаведавалася, было абсалютна правільнае. Там нічога дрэннага не гаварылася.
— Згодна.
— Трэба не шкадаваць грошай на культуру, мастацтва, кіно, літаратуру.
— Нашу, айчынную?
— Нашу, айчынную, — сказаў Караеў.
Якая айчына ў Караева, які паходзіць з Асеціі, можна толькі здагадвацца.