Калякін: У некаторых месцах улады перашкаджаюць фарміраванню ініцыятыўных груп альтэрнатыўным кандыдатам
Каля паўтары тысячы чалавек увойдуць у ініцыятыўную групу па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты лідара Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргея Калякіна на маючых адбыцца 11 кастрычніка выбарах.
Пра гэта ён паведаміў БелаПАН па выніках пленума цэнтральнага камітэта партыі, які адбыўся 12 ліпеня ў Мінску.
Паводле слоў Калякіна, на пасяджэнні былі падведзены вынікі фарміравання ініцыятыўнай групы. "На 11 ліпеня было 1.453 чалавекі, якія ўключаны ў склад групы, сёння на пасяджэнні падаваліся дадатковыя звесткі. Думаю, у канчатковы склад ініцыятыўнай групы ўвойдуць больш як паўтары тысячы чалавек", — сказаў ён.
Калякін паведаміў, што пры фарміраванні ініцыятыўнай групы партыя сутыкалася з пэўнымі праблемамі, а людзі паведамлялі аб іх запалохванні ўладамі.
"У некаторых месцах адзначаецца заўзятасць мясцовых улад, яны папярэджваюць людзей, каб яны не запісваліся ў склад ініцыятыўнай групы, каб не былі заўважаныя ў кампаніях альтэрнатыўных
кандыдатаў. Гэта ўсё адбіваецца на тым, што актыўнасць людзей па ўключэнні ў ініцыятыўную групу не такая высокая. Калі размаўляеш, чалавек пагаджаецца ўступіць у групу. Але калі кажаш, што
трэба запісаць пашпартныя даныя, ён паведамляе, што яго на працы папярэдзілі, і ён уступаць не будзе, таму што могуць быць праблемы", — сказаў ён.
"Разам з жаданнем перамен прысутнічае страх, што яму за гэта нешта будзе. Гэта, на жаль, не вельмі станоўчая з'ява, якая не дапамагае
вядзенню выбарчай кампаніі", — зазначыў Калякін.
Лідар партыі таксама паведаміў, што кіраўнікам яго перадвыбарнага штаба і ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў прызначаны намеснік старшыні партыі Валерый Ухналёў.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН