Калегі ўшануюць Дзмітрыя Завадскага хвілінай памяці
Заўтра спаўняецца 20 гадоў з дня, калі адбылася жахлівая падзея ў сучаснай беларускай журналістыцы, — 7 ліпеня 2000 года знік Дзмітрый Завадскі.
«Прайшло 20 гадоў, а праўды мы не ведаем дагэтуль. Вельмі цяжка і балюча. Няма нават магілы, на якую можна было б прыйсці і ўзгадаць калегу.
У ранейшыя гады 7 ліпеня мы прыходзілі з партрэтамі Дзмітрыя да пад'езда, адкуль ён выйшаў той раніцай. Але сёння гарантаваць бяспеку калег падчас нават маўклівага стаяння з партрэтам немагчыма.
Але памяць немагчыма забіць. Скрасці. Затрымаць, аштрафаваць ці кінуць на суткі.
Таму 7 ліпеня а 12:00 мы заклікаем усіх калег узгадаць Дзмітрыя Завадскага на сваім працоўным месцы хвілінай маўчання.
Мы памятаем!», — піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Вясной 1997 года Дзмітрый Завадскі разам з карэспандэнтам ОРТ Паўлам Шараметам быў арыштаваны і абвінавачаны ў незаконным перасячэнні беларуска-літоўскай мяжы падчас здымак рэпартажу, яго ўмоўна асудзілі на паўтара года пазбаўлення волі.
З кастрычніка 1999 года па травень 2000-га Завадскі працаваў у Чачні, дзе з Шараметам здымаў фільм «Чачэнскі дзённік».
Раніцай 7 ліпеня 2000 года Завадскі выехаў з дому ў Нацыянальны аэрапорт «Мінск» сустракаць Шарамета, які прылятаў з Масквы. З тых часоў аператара ніхто не бачыў. Яго аўтамабіль быў знойдзены ў аэрапорце.
У 2002 годзе Мінскі абласны суд прызнаў вінаватай у выкраданні Завадскага групу былога байца спецпадраздзялення МУС «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча, які сустракаўся з Завадскім ў Чачні.
Два ўдзельнікі гэтай групы, у тым ліку сам Ігнатовіч, асуджаныя на пажыццёвае зняволенне. Абодва яны сябе вінаватымі не прызналі.
Імя Дзмітрыя Завадскага звычайна згадваецца ў адным шэрагу з іншымі гучнымі знікненнямі 1999–2000 гадоў: экс-кіраўніка МУС Юрыя Захаранкі, былога кіраўніка ЦВК Віктара Ганчара і ягонага сябра бізнесоўца Анатоля Красоўскага.