Некалі Лукашэнка сыдзе — і тады шмат што будзе вырашацца
Выглядае, што сённяшняе кіраўніцтва БНФ ужо не хоча асацыявацца толькі з вулічным пратэстам, аўтазакамі ды затрыманнямі. Ці так гэта? Каб разабрацца ў сітуацыі, мы вырашылі пагутарыць з намеснікам старшыні БНФ Аляксеем Янукевічам.
— Ці стаў сёлетні Дзень Волі, які фактычна праходзіў у
двух фарматах — пратэстным і святочным — пэўнай вяхой або пазнакай водападзелу
ў беларускіх дэмакратычных колах?
— Фактычна, падзел апазіцыі на тры асноўныя сегменты існуе ўжо даўно. Першы — гэта нацыянальна-арыентаваная частка, крытэрам поспеху ў якой з’яўляюцца ўласныя інтарэсы беларусаў, абарона незалежнасці ды ўмацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці. Другі сегмент — касмапалітычны, які больш кіруецца моднымі тэндэнцыямі з «Нью-Ёрк Таймс», чым рэаліямі Мінску ці Віцебску, і таму пераважна змагаецца з белымі гетэрасексуальнымі мужчынамі. Ну і, урэшце, трэці —фракцыя, якую можна назваць «рэвалюцыянеры любым коштам», яны ўхіляюцца ад пытанняў, звязаных з вынікамі і каштоўнасцямі, і лічаць, што спачатку, маўляў, валім рэжым, а там паглядзім.
Раней гэты падзел не быў бачны: апазіцыя ды апазіцыя. Зараз ён стаў больш заўважны. Гэта адбылося і 25 сакавіка, і напярэдадні — падчас пасяджэння аргкамітэту па правядзенні Дня Волі. Дзякуючы відэастрыму з пасяджэння людзі на ўласныя вочы пабачылі, як адбываюцца перамовы, хто здольны дамаўляцца, а хто не, хто клапоціцца пра свае амбіцыі, а хто — пра тое, каб справа была зробленая. На сённяшні момант можна пераканаўча казаць: рыса ўрэшце праведзеная.
«Рэвалюцыянеры» спрабуюць сябе запісаць у героі, а ўсіх іншых падаць як здраднікаў, бо ў іхных галовах існуе рамантычная схема змагання з «крывавым рэжымам», аднастайная па форме і безвыніковая па сутнасці, але затое нібыта шчырая… І ўсе задаволеныя: і рэжым, бо захоўваецца статус-кво, і рэвалюцыянеры — бо яны адчуваюць сябе пакутнікамі і недаацэненай элітай народу.
— Тэма пра аб’яднанне апазіцыі наогул яшчэ мае права на жыццё?
— Не хачу выглядаць такім сабе Пазьняком разліву 1990-х, які казаў: «А хто тут апроч нас? Толькі БНФ — і ўсё!». Канешне, было б ідэальна, каб усе змаглі дамовіцца і працаваць у адным кірунку. Іншая справа, што ёсць розныя мэты — гэта факт. Па-другое, ёсць рознае разуменне галоўных небяспекаў для краіны. Па-трэцяе, ёсць амбіцыі, якія ў некаторых пераважваюць здаровы сэнс. Аб’ядноўвацца трэба з грамадствам, як бы банальна гэта ні гучала. Трэба прыслухоўвацца да чаканняў людзей, для якіх мы працуем. Гэта больш важна за настроі і планы суб’ектаў апазіцыі.
У свой час партыя БНФ заявіла, што не магчыма АДС (Аб’яднанне дэмакратычных сілаў. — аўт.) з партыямі, якія арыентуюцца на Маскву. Дзякаваць Богу, разуменне, што падобны водападзел правільны, прыйшло да беларускага грамадства. На жаль, і паважаныя мною асобы, як Павел Севярынец, кажуць яшчэ пра адзінства, што ўсе патрэбныя і г.д. Спадзяюся, што і ён з часам усё зразумее і прыме. Гэта патрэбна для дасягнення нашых мэтаў.
— Якіх?
— Для падвышэння нацыянальнай ідэнтычнасці, умацавання незалежнасці краіны, выхаду на сітуацыю, калі гэтыя з’явы стануць незваротнымі. Трэба думаць пра рэчы, якія можам рабіць ужо зараз, не адкладаючы на заўтра. Інакш — гэта жыццё ў акварыуме, з думкай, маўляў, правядзем свабодныя выбары, здымем Лукашэнку — і вось тады пачнём працаваць па-сапраўднаму. Але гэта трызненні! Так, некалі Лукашэнка сыдзе — і ў гэты момант шмат што будзе вырашацца. Але без той базы, якую мы можам закласці зараз, мы не зможам вырашаць нічога ані сёння, ані ў «сонечным заўтра» без Лукашэнкі.
— Некаторыя вашы апаненты з апазіцыйнага лагеру маюць іншае бачанне…
— Так, ёсць частка апазіцыі, якая ўжо 20 гадоў робіць тое самае, будучы сканцэнтраванай на пратэсце. Не важна, з якой нагоды, не важна, ці шматтысячны, ці маргінальны пратэст. Яны перакананыя, што некалі прыйдзе час, усё ў краіне стане настолькі кепска, што людзі масавы выйдуць на вуліцу — і вось тут побач ёсць яны, «чэмпіёны па пратэсце».
Гэта стратэгія абазначыць пазіцыю, пратэст. Кажу «абазначыць», бо не лічу, што выхад пяці ці дваццаці чалавек — сур’ёзны пратэст.
Гэта нават не дысідэнцтва, а маргінэз! Нам гэтым займацца не цікава. Трэба змяняць грамадства, пашыраць базавыя каштоўнасці, патрэбныя для нармальнага развіцця краіны. Тут няма месца пазёрскаму дысідэнцтву, гэта сістэмная праца. Не памылюся, калі скажу, што на такіх пазіцыях сёння стаяць вельмі розныя людзі. Гэта і Павел Белавус, далёкі ад палітыкі ды апазіцыйнага жыцця. Адначасна — Зміцер Дашкевіч, змагар з вялікім стажам, у якога за спінай не адзін год за кратамі. Заўважце, ён таксама падтрымаў канцэпцыю свята на Дзень Волі, бо такі фармат будзе мець плён, адгукнецца ў сэрцах людзей.
— Што вы адкажыце крытыкам, якія кажуць пра «патанцулькі» ў той час, калі за пару соцень метраў людзей пакуюць у аўтазакі?..
— Мы катэгарычна асуджаем затрыманні людзей, бо Беларусь павінна быць вольнай краінай, дзе людзі маюць мець магчымасць для мірнага пратэсту. Але што канкрэтна прапаноўваюць крытыканы? Трэба было скасаваць мерапрыемства ля Опернага? Ці ўся краіна мелася калектыўна ў аўтазак сесці?.. Не выйшлі і не маглі выйсці тысячы людзей на заклікі БНК. Адразу было зразумела, што гэта будзе 150 чалавек — гэта мяжа амбіцыяў гэтых арганізатараў. Перакананы, што ім проста важна было паказаць, як усё дрэнна, а пасля звінаваціць нас, што слаба за іх перажываем.
— А што, усё добра?
— У нашай краіне шмат чаго не добра і не правільна. Але наша задача як арганізатараў — паказаць грамадству, што ёсць надзея і шырокі далягляд для дзейнасці і руху наперад. Лічу, што дзеля гэтага мы і павінны былі працаваць, не зважаючы ні на што. І мы сваю задачу выканалі.
— Дык а што са скрадзенымі дронамі?
— Няўжо нам варта было скасоўваць шматтысячнае мерапрыемства ля Опернага з-за кепскіх рэчаў, якія мелі месца ў той дзень?.. Думаю, не. Пытанне ж больш грунтоўнае. Ці мы лічым сённяшнюю Беларусь сваёй краінай? Ці гэта чужая краіна, а свая нам некалі зваліцца на галаву? І тут аснова водападзелу — адказ на пытанне: «Ці наша гэта краіна?».
— У параўнанні з Днём Волі сёлетні Чарнобыльскі шлях
выглядаў невыразна… Ці значыць гэта, што пасля 25 сакавіка ўсё вярнулася на
свае месцы і пайшоў адкат?
— На жаль, Чарнобыльскі шлях з гадамі пераўтварыўся ў рытуальную акцыю, якая ўжо не нясе таго значэння, якое несла ў 1990-х: гэта і не даніна памяці ахвярам Чарнобыля, і не радыкальны пратэст, а незразумела што… Таму акцыя малалікая, непапулярная. Магчыма, на добры розум, з часам яна можа набыць новы фармат. Напрыклад, пераўтварыцца ў «канцэрт-рэквіем» па ахвярах трагедыі. Альбо ў нішавую акцыю «зялёных», якая будзе тычыцца выключна экалагічных праблемаў.
— То бок, акцыю, запачаткаваную «Народным фронтам», трэба аддаць «зялёным»?
— Для саміх сябе важна зразумець, што плюсаў у плане працы з грамадствам мы ад гэтай акцыі не атрымліваем, і наўрад ці калі атрымаем. Аб’ектыўна, акцыя згубіла яснае разуменне свайго фармату. Размова — не пра «аддаць», а пра «пераасэнсаваць», бо мы маем сыходзіць з сучасных рэаліяў, а не з таго, што адбывалася ў 1990-х гадах. Ёсць гісторыя, а ёсць сённяшні дзень са сваімі выклікамі і патрэбамі.
— Сёлета БНФ святкуе 30-годдзе… Ці змяняецца «Народны фронт», і што зараз бачыць сярод сваіх прыярытэтаў?
— На працягу гэтага часу партыя выконвала не толькі вузкапалітычную функцыю, але і місію: быць таранам супраць саўковай свядомасці. Ёсць рэчы і тэмы, якія мы будзем уздымаць, няважна, гатовае грамадства сёння гэта ўспрыняць ці не — яны наўпрост маюць быць агучанымі. Разам з тым, мы клапоцімся аб тым, каб нашыя базавыя каштоўнасці былі грамадствам прынятыя, каб людзі зразумелі карысць і важнасць ад незалежнасці і беларускай Беларусі.
— Незалежна ад сітуацыі з правамі чалавека ці свабоднымі выбарамі?
— Свабодныя выбары будуць азначаць прыход БНФ да ўлады, як мы можам быць супраць? Але мы разумеем, што ў сучаснай сістэме свабодныя выбары будуць не пачаткам, а лагічным завяршэннем палітычных пераменаў. І да гэтага лёсавызначальнага моманту мы можам падыйсці альбо з беларусацэнтрычным грамадствам, альбо — з «ватным», поўным нянавісці да свайго-роднага, завязаным на расійскую інфапрастору.
— Калі свабодныя выбары адбудуцца зараз, калі вялікі адсотак выбарцаў глядзяць расійскае тэлебачанне альбо чапляе ў машынах георгіеўскія стужкі, каго ж тады абяруць?
— Так, гэта праблема. Расія апошнімі гадамі кладзе шмат высілкаў і рэсурсаў на стварэнне ў Беларусі сваёй інфраструктуры, якая будзе падпарадкоўвацца не Лукашэнку, а непасрэдна Маскве. Наўпрост уявіце, што гэтыя людзі ў момант пераменаў актыўна ўключацца ў палітычны працэс, будуць любым коштам праводзіць сваіх. А што мы? Ці маем годную альтэрнатыву? Альбо ўсе нашы здабыткі за шмат гадоў зводзяцца адно да лозунгу: «Усё дрэнна, даеш рэвалюцыю!» Каб такога не было, мы імкнёмся працаваць з людзьмі сёння.
Адной з мэтаў беларусафобаў ва ўладных структурах заўжды было паказаць, што нацыяналісты — гэта маргіналы і лузеры, у іх ніколі нічога не атрымліваецца. Дзе яны — там праблемы, аўтазакі, дэградацыя. Сёлетні фармат 25 сакавіка ламае гэты стэрэатып. Свята незалежнасці апынулася падзеяй, на якой хочацца быць, дзе крута, пра якую хочацца распавесці сябрам. Вяртанне вышыванкі, нацыянальнай сімволікі, пашырэнне сферы ўжытку беларускай мовы — гэта паспяховыя і ўдалыя праекты, да якіх людзям хочацца далучацца. Для гэтага БНФ і ствараўся, гэта мы і робім. І калі ты гэтым займаешся, паверце, часу на тое, каб абарочвацца на цяўканне і нараканні з бакоў, наўпрост не застанецца.