Як пазбегнуць маштабнага канфлікту ва Усходняй Еўропе?
У Мінску пачаў працу форум, які паспрабуе намацаць новую сістэму бяспекі ва Усходняй Еўропе. Лагічны працяг высілкаў ініцыятывы «Мінскі дыялог» выліўся ў глабальную канферэнцыю «Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх».
Нагадаем, экспертная ініцыятыва «Мінскі дыялог» пачала працаваць у сакавіку 2015 года. Фактычна, гэта была пляцоўка для розных разумных людзей, дзе яны абмяркоўвалі міжнародныя адносіны і сістэму бяспекі ва Усходняй Еўропе, а таксама прыватныя і асобныя аспекты гэтых пытанняў, кшталту вайны ва Украіне. Ад пачатку заснавання ініцыятары гэтай пляцоўкі разлічвалі на шчырыя выказванні ў яе межах, з-за чаго, для большай разняволенасці экспертаў, журналісты на некаторыя пасяджэнні не дапускаліся
За тры гады «Мінскі дыялог» правёў 11 канферэнцый і вялікую колькасць тэматычных дыскусій, у якіх прынялі ўдзел прадстаўнікі мноства дзяржаў і міжнародных арганізацый. «Мы вырашылі, што да дзяржаўных высілкаў трэба дадаць голас экспертаў, бо эксперты менш звязаныя пазіцыяй сваіх дзяржаў і могуць генераваць больш крэатыўныя ідэі», — патлумачыў Прэйгерман
Цяперашні Форум «Мінскага дыялогу» — гэта і падсумаванне зробленага, і, як мяркуюць яго арганізатары, стане наступным крокам у развіцці ініцыятывы. Прынамсі, пакуль плануецца праводзіць яго штогод.
На брыфінгу, абвяшчаючы пра правядзенне гэтай падзеі, адзін з арганізатараў форума і кіраўнік «Мінскага дыялогу» Яўген Прэйгрман адзначыў, што «новая Ялта ўжо немагчымая». «Сістэма міжнародных адносін, якая склалася пасля заканчэння халоднай вайны, працягвае назапашваць супярэчнасці і ўразлівасці. Стабільнасць і прадказальнасць, заснаваныя на эфектыўных інстытутах і даверы, зніжаюцца на фоне старых і новых канфліктаў. Супрацоўніцтва ўсё больш саступае месца аднабаковым дзеянням», — адзначыў ён.
А між тым, Беларусь знаходзіцца якраз пасярэдзіне новых канфліктаў. «Калі ветры нестабільнасці і эскалацыі будуць працягвацца, Беларусь будзе першай, каго гэтыя ветры здуюць», — эмацыйна абмаляваў будучыню Прэйгерман.
А паколькі Беларусь у гэтых вятрах не зацікаўлена, то, па словах Прэйгермана, у супрацьстаянні ім «мы павінны працаваць».
Таму і паўстала ідэя зрабіць пляцоўку для абмеркавання пытанняў бяспекі, перш за ўсё, з пункту гледжання не глабальных гульцоў, а малых краінаў, якія, па сутнасці, становяцца закладнікамі гульняў, у якія гуляюць тыя, хто лічыць сябе супердзяржавамі.
Больш за тое, на думку Прэйгермана, эрозія правілаў міжнародных паводзінаў адбываецца ва ўмовах адсутнасці дыялогу. «Сёння няма экспертных пляцовак, на якіх адбываюцца дыскусіі. Большасць нават вядомых пляцовак, якія закліканы шукаць агульныя падыходы і вырашэнні праблем, ператвараюцца ў частку інфармацыйна-прапагандысцкай вайны паміж захадам і Усходам. І гэта, на наш погляд, вялікая праблема, бо калі на пляцоўках эксперты перастаюць весці дыялог і спаборнічаюць ва ўзаемных абвінавачваннях, то з светам нешта не тое. А паўнавартаснай дыскусіі аб сучаснасці і будучыні рэгіёну не адбываецца», — адзначыў ён.
Усе гэтыя хібы і павінен выправіць форум «Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх».
Пад час брыфінгу было агучана, што ў форуме прыме ўдзел больш за 350 удзельнікаў, з іх больш за 200 — міжнародныя эксперты з 40 краін свету. А сесію «Як зрабіць Усходнюю Еўропу рэгіёнам супрацоўніцтва, а не канфрантацыі?» адкрые не хто іншы, як Аляксандр Лукашэнка. Што даволі ўнікальна: бо мерапрыемства арганізаванае не праўладнай арганізацыяй.
Некаторыя каментатары ў сувязі з гэтым нават пачалі меркаваць, што «Мінскі дыялог» перахоплівае ўладную ініцыятыву «Хельсінкі-2». Аднак самі арганізатары форуму пра такія амбіцыі не кажуць, хаця і падкрэсліваюць: Мінск мае жыццёвы інтарэс у тым, каб не дапусціць новага вялікага канфлікту ва Усходняй Еўропе.
Ці здолеюць зрабіць гэта эксперты? Наўрад ці. Але данесці сваё бачанне да ўладаў дзяржаў і хаця б паспрабаваць гэта зрабіць яны павінны.