ICAO будзе расследаваць здарэнне з самалётам Ryanair у Беларусі да верасня
Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі працягнула расследаванне інцыдэнта 23 мая 2021-га з самалётам Ryanair у Беларусі да верасня. Яна вырашыла сабраць дадатковую інфармацыю ад краін і арганізацый, якія маюць дачыненне да тых падзей. Пра гэта паведамляе Міністэрства транспарту і камунікацый Літвы. У панядзелак Савет ICAO заслухаў папярэдні даклад пра інцыдэнт. Пакуль невядома, ці будзе ён апублікаваны.
Падчас пасяджэння былі нараканні, што з Беларусі атрымалі шмат дакументаў на рускай мове. Таму для іх перакладу патрэбны час.
У верасні будзе праходзіць сесія Савета ICAO і на ёй могуць
прадставіць вынікі расследавання.
23 мая ў мінскім аэрапорце прызямліўся пасажырскі
самалёт, які ляцеў з Грэцыі ў Літву, былі затрыманыя Раман Пратасевіч і Сафія
Сапега. Улады Беларусі заявілі, што быццам атрымалі паведамленне пра бомбу на
борце самалёта Ryanair і паведамілі пра
гэта экіпажу. Аднак з'явілася інфармацыя, што адбылося гэта раней, чым насамрэч
быў атрыманы ліст ад «салдат ХАМАС».
Пасля інцыдэнта з самалётам Ryanair Еўрасаюз, Украіна
закрылі сваё неба для беларускіх авіякампаній.
Паводле«Еўрарадыё».