Гельмут Шміт: Беларусь мусіць рабіцца больш прывабнай
22 верасня адбудуцца выбары ў Бундэстаг — нямецкі федэральны парламент. У рамках падрыхтоўкі да іх Берлінская школа журналістаў зладзіла шэраг сустрэчаў з вядомымі палітыкамі і палітолагамі.
Адной з самых цікавых сустрэчаў, якая адбылася ў Гамбургу, была размова з былым канцлерам Германіі, сацыял-дэмакратам Гельмутам Шмітам, які восем гадоў (1974–1982) ачольваў урад краіны, быў адным з бліжэйшых паплечнікаў і сяброў свайго папярэдніка, славутага канцлера Вілі Брандта.
Гэтаму слыннаму палітыку, які стаўся пятым федэральным канцлерам у найноўшай гісторыі ФРГ, 23 снежня 2013 года споўніцца 95 (!) гадоў. Але Гельмут Шміт і сёння застаецца вельмі ўплывовай асобай на палітычным полі ФРГ. Ён пастаянна ўдзельнічае ў подыюмных дыскусіях, выступае ў тэлепраграмах, дае свае ацэнкі, часта вельмі жорсткія, таму, што адбываецца ў Германіі і ў свеце.
А яшчэ ён амаль бесперапынна паліць. Прычым, у Германіі нават існуе негалоснае правіла, што Гельмуту Шміту дазваляецца «дыміць» там, дзе ён захоча.
Экс-канцлер гутарыў з намі ў офісе вядомай газеты «ZEIT» дзве гадзіны, практычна не выпускаючы з рук цыгарэту і час ад часу пацягваючы багата разбаўленую малаком каву. Прапаную некаторыя моманты з той гутаркі. Пытанні задавалі ўсе прысутныя журналісты, і на ўсё Шміту было што адказаць.
— Ці магчыма, што пасля гэтых выбараў у Германіі з’явіцца новы канцлер і ФРГ можа змяніць свой палітычны курс?
— Я не прарок, каб даваць такія прагнозы. Але ўсё ў гэтым жыцці магчыма. Хоць галоўнае — у іншым. Сёння ні дзеючы ўрад, ні апазіцыя не гатовыя да таго, чаго чакаюць ад Германіі іншыя ўдзельнікі Еўрасаюза, — плаціць. І тыя, і другія баяцца прызнацца выбарцам, што Германіі давядзецца плаціць за еўрапейскую ідэю, да чаго большасць выбаршчыкаў не гатовая. Але гэта ўсё роўна давядзецца рабіць, і нікуды ад гэтага не падзецца.
Што тычыцца праблемных рэгіёнаў, то, я мяркую, ім будуць спісаныя запазычанасці, з чаго пацерпяць банкі і страхавыя кампаніі. Гэта будзе яшчэ вельмі доўгі працэс, працэс няпростых стасункаў паміж Германіяй, іншымі краінамі-донарамі і тымі краінамі, якія маюць высокую запазычанасць.
— Некаторыя краіны ЕС, напрыклад, Балгарыя, маюць пэўную занепакоенасць перад уваходжаннем у еўразону. Як вы ацэньваеце перспектыву еўра і будучае развіццё еўразоны?
— Еўразона — гэта зона, якая зараз напалову грунтуецца на невыкананні абавязацельстваў. Калі еўра пачало нараджацца, адразу былі здзейсненыя спробы стварыць інстытуцыі, якія б займаліся агульнай фінансавай палітыкай. Насамрэч сёння існуе толькі адна інстытуцыя, якая створана для еўра, — гэта Еўрапейскі цэнтральны банк. Але не існуе свайго парламента для еўразоны. Мы таксама не маем выканаўчых структураў для еўразоны. У нас ёсць Еўрапейскі парламент, які створаны для ўсяго Еўрасаюза. У нас ёсць таксама Еўракамісія ў Брусэлі, якая таксама створана для ўсяго Еўрасаюза. Але няма асобнай інстытуцыі для зоны еўра, хоць гэта зараз вельмі неабходна.
Што да імкнення Балгарыі стаць сябрам зоны еўра, то гэтае жаданне мне падаецца пакуль што заўчасным. Пачакайце яшчэ некалькі гадоў, пакуль не будуць створаны тыя інстытуцыі для зоны еўра, пра якія я казаў.
— Хто можа стаць агульнаеўрапейскім лідарам? Ці можа ім быць, да прыкладу, Ангела Меркель?
— Я ўвогуле выступаю супраць таго, каб хтосьці з немцаў прэтэндаваў на ролю правадыра ў Еўропе. Не важна хто — спадарыня Меркель, спадар Штайнбрук ці хто-небудзь яшчэ.
— Чаму?
— З прычыны забойства немцамі шасці мільёнаў еўрапейскіх габрэяў. І хоць прайшло ўжо больш за шэсцьдзесят гадоў з тых падзеяў, але гэта цяжарыць і маё пакаленне, і будзе абцяжарваць нават тыя пакаленні, якія яшчэ не нарадзіліся.
— Якой вы бачыце ролю Германіі ў Еўрапейскім саюзе ў найбліжэйшыя 10–15 гадоў? Будуць новыя саюзы, альянсы, пошукі новых партнёраў?
— ХХ стагоддзе пакінула нам прыклады неверагодных і шмат у чым вельмі дзіўных змяненняў у свеце. Насельніцтва Зямлі ў ХХ стагоддзі павялічылася ў чатыры разы, прычым пачынаючы з 1950-х гадоў выключна па-за межамі Еўропы. ХХ стагоддзе пакінула нам аўтамабілі, самалёты, яно пакінула нам бомбы, якія можна скідваць з самалётаў і забіваць людзей, у тым ліку і атамныя бомбы. Гэтае стагоддзе пакінула нам велізарныя адкрыцці ў электроніцы і магчымасці спалучаць электронныя прылады ў адну сетку з дапамогаю спадарожнікаў.
Гэтае стагоддзе пакінула нам і ўспаміны пра дзве жахлівейшыя сусветныя вайны, яно пакінула нам халакост, Аўшвіц (Асвенцым). Яно пакінула нам і сканчэнне «халоднай вайны», што выклікала шмат энтузіязму, безліч захапленняў, але не ўключыла мазгі. І цяпер мы мусім ламаць галаву, як выпраўляць усе тыя недахопы і памылкі, якія былі зробленыя ў Маастрыхце. Я не выключаю, што і Германія будзе рабіць свой унёсак па выпраўленні гэтых памылак, але не хачу казаць, што гэта мусіць быць нейкая кіруючая, асноўная роля. Гэта маё прыватнае меркаванне.
— Якія існуюць перспектывы супрацоўніцтва паміж Еўропай, канкрэтна Германіяй і Беларуссю на чале з Аляксандрам Лукашэнкам?
— Мне не вельмі прыемна адказваць на гэтае пытанне, бо я не ўпэўнены ў мудрасці спадара Лукашэнкі. Гісторыя Беларусі — вельмі складаная гісторыя. У свае часы Беларусь як дзяржава займала нашмат большыя тэрыторыі, чым сёння. А потым на некалькі стагоддзяў Беларусь апынулася спачатку пад рускімі царамі, потым пад Сталіным, а потым пад Гарбачовым. А сёння вы хочаце паляпшаць стасункі, набліжацца да Еўропы. На самай справе, для вас самае важнае — гэта капітал, грошы. І сёння Беларусь гатовая збліжацца з любым, хто прапануе ёй капітал. Але цяперашняя Беларусь — малапрывабная. У Мінску мусяць вырашыць, як стаць больш прывабнымі, але дзеля гэтага амаль нічога не робіцца.
— Наколькі маюць рацыю тыя, хто называе Лукашэнку апошнім дыктатарам Еўропы?
— Я нічога не магу сказаць з гэтай нагоды. Я ніколі не быў у Беларусі, і я не знаёмы з Лукашэнкам асабіста.
Фота аўтара