Фэйкавыя выбары і падтрымка палітвязняў: ЕС рыхтуе новую рэзалюцыю па Беларусі

Адным з вынікаў міжпартыйнага форуму «8+100», які прайшоў у Еўрапарламенце (Брусель) 6 снежня, стане новая рэзалюцыя аб палітвязнях у Беларусі. 

2018_03_27_07.03.55_1_logo_1_logo_1_1.jpg

Пра гэта заявіў Анатоль Лябедзька, былы лідар АГП, а цяпер — дарадца дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкім супрацоўніцтве, паведамляе «Позірк».

У відэа, апублікаваным прэс-службай Ціханоўскай 10 снежня, Лябедзька падвёў вынікі форуму.

Рэзалюцыю, удакладніў палітык, Еўрапарламент прадставіць на наступным тыдні, «у яе аснове будзе сітуацыя вакол [лідара незарэгістраванай партыі «Народная Грамада» палітвязня] Мікалая Статкевіча», пра якога няма інфармацыі каля дзевяці месяцаў.

Лябедзька разлічвае, што ў дакуменце таксама «будзе пункт аб стварэнні міжнароднага фонду для падтрымкі беларускіх палітвязняў».

Глядзіце таксама

«Другая тэма — гэта фэйкавыя выбары ў Беларусі ў лютым 2024 года. Форум выразна заявіў, што гэта падман людзей і гэта не можа быць прызнана міжнароднай супольнасцю», — сказаў дарадца Ціханоўскай.

Па выніках працы форуму 6 снежня была выпушчаная рэзалюцыя з асуджэннем ліквідацыі ўладамі Беларусі «дэмакратычных палітычных партый». Заяўлялася, што выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і мясцовыя саветы, якія пройдуць 25 лютага 2024 года «без удзелу дэмакратычных палітычных партый», з’яўляюцца «імітацыяй, несумяшчальнай з дэмакратычнымі традыцыямі і каштоўнасцямі», — такім чынам, яны не могуць лічыцца легітымнымі.

Глядзіце таксама

Беларусь на міжпартыйным форуме «8+100» прадстаўлялі Аб’яднаная грамадзянская партыя, Партыя БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада», Беларуская партыя «Зялёныя», Рух «За Свабоду» (ліквідаваныя ўладамі), аргкамітэты па стварэнні партый «Разам» (каманда прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта, палітвязня Віктара Бабарыкі), «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», «Народная Грамада» (не былі зарэгістраваныя).

Пра намер удзельнічаць у форуме заяўлялі прадстаўнікі ста еўрапейскіх партый.


Глядзіце таксама