Журналіст звярнуўся на прамую лінію Карпянкова з пытаннем пра палітвязняў. Што пачуў у адказ?

Пра многіх вядомых палітвязняў (Віктара Бабарыку, Марыю Калеснікаву, Мікалая Статкевіча і іншых) нічога не вядома ўжо амаль год. Журналіст «Люстэрка» пад выглядам неабыякавага грамадзяніна патэлефанаваў на прамую тэлефонную лінію намесніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Карпянкова — і спытаў, што з палітвязнямі і чаму няма ніякай інфармацыі. Вось што там адказалі.

Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч

Сам Карпянкоў да тэлефона не падышоў. Званок прыняла яго памочніца.

— Чаму вы лічыце, што няма інфармацыі пра гэтых людзей? Дзе павінна быць інфармацыя? — пацікавілася яна.

— Дык нідзе няма! Я спрабаваў і лісты адпраўляць: лісты не даходзяць, на іх ніхто не адказвае. У калоніі на пытанні не адказваюць. У публічным полі ніякай інфармацыі няма.

— А якая інфармацыя вас цікавіць? У Беларусі ёсць людзі, якія адбываюць пакаранне ў адпаведнасці з Крымінальным кодэксам — мы ж не пра кожнага з іх гаворым.

— З людзьмі, якія знаходзяцца ў турмах, звычайна можна сустракацца і перапісвацца. Напрыклад, да Бабарыкі і Калеснікавай ніякая інфармацыя не даходзіць. Сустрэцца з імі нельга, перапісвацца — таксама. Ужо амаль год. Хацеў бы даведацца чаму.

— Мы ж не можам вам адразу сказаць. Мы не ведаем сітуацыю. Каб разабрацца ў вашым запыце, нам неабходны час. Пакіньце свой нумар — вернемся да вас з вынікам.

— Няўжо цяпер не можаце хаця б нешта расказаць?

— Вы патэлефанавалі ва ўнутраныя войскі (Мікалай Карпянкоў з'яўляецца намеснікам міністра ўнутраных спраў і па сумяшчальніцтве ўзначальвае ўнутраныя войскі). У нас іншая падведамнасць. Трэба час, каб разабрацца.

— І колькі часу вам спатрэбіцца, каб разабрацца?

— Калі будзе праведзена ўсебаковая праверка і разбіральніцтва па вашай заяве.

— Колькі гэта можа працягнуцца?

— Так я вам сказаць не магу. Гледзячы якія абставіны.

— То-бок цяпер вы ўвогуле нічога не можаце сказаць пра людзей у турмах?

— Вядома, не. Пакіньце нумар — камандуючаму ўнутранымі войскамі будзе даведзена ваш зварот. Тады ён зможа праводзіць праверкі і разбіральніцтва.

— Усё ж такі я хацеў бы прама цяпер хоць нейкую інфармацыю ад вас атрымаць. Куды пісаць, куды тэлефанаваць, каб даведацца пра стан людзей?

— Наогул калоніі — гэта Дэпартамент выканання пакаранняў. Можаце звярнуцца туды з пісьмовай заявай.

— Мне здаецца, нічога я не даб'юся гэтай заявай.

— Паспрабаваць жа варта.

— Ды я ўжо спрабаваў — і не я адзін. На жаль, ніякая інфармацыя не паступае і нічога не вядома пра людзей у турмах. Мне здаецца, гэта ненармальная сітуацыя для нашай краіны.

— Ну, гэта вашае меркаванне.

— А вы так не лічыце?

— Я так не лічу.

— То-бок лічыце нармальным, што ў турмах сядзяць людзі, якія ўдзельнічалі ў палітычным працэсе?

— Калі яны адбываюць пакаранне, значыць, іх віна была даказаная. Гэта ўсё, што я магу сказаць.


Глядзіце таксама

Што адбываецца з палітвязнямі

Улетку гэтага года сваякі Віктара Бабарыкі змаглі пагутарыць з адміністрацыяй папраўчай калоніі нумар 1 у Наваполацку, дзе адбывае пакаранне палітвязень. Яны даведаліся, што Віктара змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Туды адпраўляюць за парушэнні і на пэўны тэрмін. З тых часоў пра яго нічога не вядома. Вядома, што ў красавіку Бабарыка трапіў у бальніцу. Крыніца праваабарончага цэнтра «Вясна» паведамляла, што былы кандыдат у прэзідэнты быў збіты.

Сувязь з Марыяй Калеснікавай перапынілася ў лютым 2023 года. За месяц да гэтага Марыя таксама апынулася ў бальніцы з-за праблем са страўнікам.

Пра Мікалая Статкевіча вестак няма больш за 300 дзён. 9 снежня экс-кіраўнік Мінабароны і Міністэрства аховы здароўя Літвы Юозас Алекас запатрабаваў ад беларускіх уладаў «неадкладна даць інфармацыю пра яго месцазнаходжанне і самаадчуванне».

Таксама больш за 300 дзён няма інфармацыі і пра Максіма Знака.

Па стане на 9 снежня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі зняволенымі 1484 чалавекі.