Джо Байдэн выступіў з нагоды развароту самалёта «Ryanair» у Мінск і арышту Рамана Пратасевіча
ЗША лічаць прамым парушэннем міжнародных норм «прымусовае перанакіраванне камерцыйнага рэйса "Ryanair"» у Беларусь, а таксама зняцце з самалёта і наступны арышт беларускага журналіста Рамана Пратасевіча. Тэкст з'явіўся на сайце Белага дома, адзначае TUT.BY.
Амерыканскі прэзідэнт падкрэсліў, што ЗША самым рашучым чынам асуджаюць тое, што здарылася, а таксама лічаць абуральным «відэа, якое, верагодна, Пратасевіч зрабіў пад прымусам». ЗША назвалі інцыдэнт у Беларусі «ганебным нападам як на палітычнае іншадумства, так і на свабоду прэсы».
Джо Байдэн заклікаў вызваліць Рамана Пратасевіча, а таксама
сотні іншых палітычных зняволеных у Беларусі, і падтрымаў заклікі правесці
міжнароднае расследаванне, каб высветліць усе абставіны справы.
«Я вітаю навіну аб тым, што Еўрапейскі саюз заклікаў да
кропкавых эканамічных санкцый і іншых мер, і я папрасіў маю каманду
распрацаваць адпаведныя варыянты прыцягнення да адказнасці вінаватых — у цесным
супрацоўніцтве з Еўрасаюзам, іншымі саюзнікамі і партнёрамі, міжнароднымі
арганізацыямі», — заявіў Байдэн.
Амерыканскі прэзідэнт дадаў, што на працягу многіх месяцаў
беларусы заяўляюць аб сваім патрабаванні дэмакратыі, павагі правоў чалавека і
захавання фундаментальных свабод у краіне.
«Я апладзірую мужнасці і рашучасці беларусаў, якія
змагаюцца за асноўныя правы, уключаючы такіх журналістаў, як Раман Пратасевіч,
і лідараў апазіцыі, такіх як Святлана Ціханоўская і яе муж Сяргей Ціханоўскі.
Злучаныя Штаты працягнуць падтрымліваць народ Беларусі ў яго барацьбе», — дадаў Байдэн.