Данкверт адказаў на пагрозы Лукашэнкі новымі прадуктовымі санкцыямі

Кіраўнік Рассельгаснагляду раіць узбуджаць крымінальныя справы не ў дачыненні да чыноўнікаў, а ў дачыненні да прадпрыемстваў, якія незаконна гандлююць санкцыйнай прадукцыяй.

140729181831.jpg


Патрабаванне Аляксандра Лукашэнкі завесці крымінальную справу ў дачыненні да Сяргея Данкверта «за падрыў пазіцый беларускіх вытворцаў дзеля ўласных бізнэс-інтарэсаў» кіраўнік Рассельгаснагляду расцаніў як націск не толькі на яго асабіста, але і на ўсё ведамства ў цэлым.
«Гэта сур'ёзны націск, прычым не толькі на пазіцыю кіраўніка, але і на ўсю службу ў цэлым. Незразумела, пра якую шкоду можа ісці гаворка, калі статыстыка кажа пра тое, што за апошнія гады Беларусь сур'ёзна павялічыла пастаўкі харчавання і сельгаспрадукцыі ў Расію. А калі пакутуюць асобныя прадпрыемствы, то на гэта ёсць прычыны», — заявіў Данкверт.
Новыя прадуктовыя санкцыі супраць Беларусі Рассельгаснагляд уводзіць з 6 лютага: пад часовыя абмежаванні на пастаўкі ў Расію патрапілі ялавічына і ялавічныя субпрадукты з усіх прадпрыемстваў Мінскай вобласці.
Ведамства, у прыватнасці, сумняецца ў праўдзівасці беларускага паходжання прадукцыі, што адгружаецца прадпрыемствам СТАА «Георгій і сыны» (Мінская вобласць). Пры правядзенні ветэрынарнага кантролю беларускай прадукцыі Рассельгаснагляд, як паведамляецца на яго афіцыйным сайце «з зайздроснай сталасцю» фіксуе сляды паўторнай пераўпакоўкі і сляды першаснай маркіроўкі (перамаркіроўкі тавараў), а таксама сляды зрэзаў ветэрынарных клеймаў.
Нагадаем, Лукашэнка 3 лютага падчас сустрэчы «Вялікая размова з кіраўніком краіны» заявіў, што ён даручыў міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу «вывучыць пытанне» і завесці крымінальную справу «на Данкверта».
Лукашэнка абвінаваціў Сяргея Данкверта ў падрыве пазіцый беларускіх вытворцаў дзеля ўласных бізнэс-інтарэсаў. З-за таго, што ўзнікаюць праблемы з пастаўкамі беларускіх прадуктаў на расійскі рынак, наша дзяржава атрымала значныя страты.
Таксама ён адзначыў, што «гэтыя Данкверты — людзі зацікаўленыя». Нярэдка яны з'яўляюцца вытворцамі пэўных прадуктаў і не могуць канкураваць з беларускімі аналагамі па якасці і цане. Таму і ўсталёўваюцца бар'еры для беларускіх прадуктаў, лічыць Лукашэнка.
Паводле eurobelarus.info