Даля Грыбаўскайтэ: Суседства з Расіяй і Беларуссю — «выклік і пагроза»

Мілітарызацыя Калінінградскай вобласці, суседства з Беларуссю і Расіяй і выкарыстанне беларускай тэрыторыі для «агрэсіўных гульняў, накіраваных супраць Захаду» — выклікі і пагрозы, якія стаяць сёння перад Літвой, на думку яе прэзідэнта Далі Грыбаўскайтэ.

Фота: DELFI

Фота: DELFI

Пра гэта яна заявіла 5 чэрвеня ў інтэрв'ю тэлекампаніі LRT перад сваім візітам у Эстонію.

 — Эстонія, як і Латвія, а таксама Польшча для нас вельмі важныя, бо гэта ўсходняя мяжа NATO, таму выклікі і пагрозы — тыя ж. Гэта — знаходжанне Расіі і Беларусі каля нашых усходніх межаў. Вядома, гэта і мілітарызацыя, якую мы назіраем у Калінінградзе, выкарыстанне тэрыторыі Беларусі для розных эксперыментаў і агрэсіўных гульняў, накіраваных супраць Захаду. Сярод іх — і маючыя адбыцца вайсковыя вучэнні [ «Захад–2017»], — адзначыла Грыбаўскайтэ.

Вучэнні «Захад–2017» пройдуць у верасні, у іх плануецца задзейнічаць каля 3000 расійскіх вайскоўцаў і 280 адзінак ваеннай тэхнікі.

Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ раней заяўляла, што расійска-беларускія вучэнні дэманструюць падрыхтоўку краін да вайны з Захадам.

У краінах Балтыі і Украіне асцерагаюцца, што пасля заканчэння вучэнняў расійскія войскі могуць застацца ў Беларусі.

Міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў назваў падобныя заявы «істэрыяй асобных «экспертаў». Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што вучэнні не нясуць пагрозы, і запрасіў на іх назіральнікаў NATO.

 Паводле TUT.BY