«Дай закурыць, а грошай?»: правакацыя супраць лідара берасцейскіх пратэстаў
Аляксандр Кабанаў быў маторам пратэстаў супраць дэкрэта №3 у Брэсце 26 лютага і збіраўся ўдзельнічаць у арганізацыі наступнай акцыі пратэсту, запланаванай на 5 сакавіка.
Сёння ж ён двойчы аказваўся ў бярозаўскай міліцыі пры даволі дзіўных абставінах.
«Недзе а палове на сёмую выйшаў пакурыць, бачу, ля пад’езда нейкі дзіўны мужчына. — расказаў Кабанаў. — Убачыў мяне і сышоў у цень. Я назад у дзверы — ён з ценю. Пасля я зноў выйшаў, і сітуацыя паўтарылася. А ў мяне вокны ў адваротны ад пад’езда бок — дык там, бачу, міліцэйская машына стаіць. Пры тым што там увогуле машын ніколі не паркавалі!».
Аляксандр меўся ехаць у Івацэвіцкі райвыканкам па пытаннях Дэкрэту №3, таму напачатку восьмай раніцы выйшаў на вуліцу. Чалавек, што яго пільнаваў, кінуўся наўздагон.
«Спытаў у мяне закурыць, я адмовіў. Разумею, што нешта пачынаецца, а машына за мной яшчэ не прыехала. Падыходжу да міліцыі — кажу, вунь нейкі дзівак да мяне чапляецца. А яны мне — вам здаецца, можа? А той насупраць стаіць і па тэлефоне «гаворыць». Пасля ўжо канкрэтна да мяне падыходзіць і кажа: «Можа, грошай тады дасі?». Я адмаўляю, пасля чаго ён пачынае на мяне кідацца, абражаць, брудна лаяцца», — сказаў Аляксандр.
Пазбягаючы канфлікту, мужчына звярнуўся да міліцыянераў, што сядзелі ў машыне і не выказвалі цікаўнасці да сітуацыі.
«Я кажу ім — чаго вы сядзіце? Прыбярыце яго. А яны ўсміхаюцца, маўляў: вы ж самі дасцё рады, калі што [Кабанаў — у мінулым трэнер па рукапашным боі]. А я кажу, што, канечне, спраўлюся, але дзе я апынуся потым? У выніку выклікалі міліцыю, нас завезлі ў пастарунак. Там узялі тлумачэнні з мяне, пратакол не складалі і адпусцілі».
Пасля гэтага Кабанаў выпіў кавы ў знаёмага, выйшаў на вуліцу — а там зноў стаіць міліцэйская машына. Супрацоўнікі запрасілі праехаць з імі, маўляў, «вас чакаюць».
Кабанава завезлі назад у пастарунак, паставіўшы перад фактам, што той правакатар напісаў на яго заяву з абвінавачаннем у абразах, лаянцы і «парушэнні парадку».
«У мяне пасля гэтага адабралі ўсе рэчы, кінулі ў камеру. Праз нейкі час павезлі ў суд, але я папрасіў сабе абаронцу. Суддзя задаволіў хадайніцтва, і суд перанеслі», — сказаў Аляксандр.
На ягоную думку, такія брудныя правакацыі маюць на мэце запалохаць яго як лідара пратэсту «дармаедаў».
«Але запалохаць мяне не атрымаецца. Але што прыкра — я ж там большасць міліцыянераў трэніраваў, ведаю іх. А яны мяне вядуць другі раз у пастарунак, вочы апускаюць у ніз, кажуць, маўляў, «ты ж усё разумееш, такая сітуацыя». Брыдка», — расказвае Кабанаў.
Дэкрэт №3 Кабанава непасрэдна не чапае — ён мае сваю гаспадарку. Але калі актывіст балатаваўся ў Палату прадстаўнікоў, у адным з пунктаў праграмы абяцаў падняць пытанне адмены дэкрэта. Гэта людзі запомнілі і, калі прыпякло, пачалі звяртацца па дапамогу.
«Можа, я і не лідар увогуле — гэта людзям вырашаць. А пачалося ўсё са збору подпісаў, пасля прыйшло разуменне, што патрэбныя і вулічныя акцыі. Будзем змагацца!» — казаў раней Аляксандр.
Вось відэа з Брэста:
Паводле Нашай Нівы