«У пытанні дэкрэта №3 ўлады, падобна, канчаткова пераблыталі педалі»

У Гомелі і Брэсце рыхтуюцца суды над удзельнікамі «маршаў недармаедаў».

Аляксандр Сямёнаў і Леанід Судаленка. Фота: БелаПАН

Аляксандр Сямёнаў і Леанід Судаленка. Фота: БелаПАН

Як паведаміў прававы інспектар прафсаюза РЭП Леанід Судаленка, за ўдзел у акцыі пратэсту супраць «падатку на дармаедства» у Гомелі 19 лютага склалі пратаколы на яго і яшчэ 9 чалавек.
Пасля перамогі ў справе Аляксандра Сямёнава, якога вызвалілі ад выплаты збору, праваабаронца ўзяўся дапамагчы адстаяць правы ў судзе яшчэ двум гамяльчанам, але пасяджэнняў па іх справах яшчэ не адбыліся.
Ацэньваючы заяву кіраўніка дзяржавы аб тым, што акцыі пратэсту «дармаедаў» могуць выкарыстоўваць у сваіх інтарэсах ворагі беларускай дзяржавы, Леанід Судаленка адзначыў: «Складваецца ўражанне, што ў пытанні дэкрэта №3 ўлады канчаткова пераблыталі педалі».
У Брэсце, як паведаміў прававы інспектар прафсаюза РЭП Уладзімір Малей, пачата адміністрацыйная вытворчасць у дачыненні да як мінімум дваіх удзельнікаў акцыі пратэсту 26 лютага.
Члена прафсаюза РЭП Наталлю Папкову выклікалі ў Ленінскі РАУС і паведамілі, што ў пятніцу будзе вынесена рашэнне: скласці на яе пратакол або спыніць адміністрацыйную справу.

Фота са старонкі Наталлі Папковай «Вконтакте»

Фота са старонкі Наталлі Папковай «Вконтакте»

У міліцыі быў таксама дапытаны мясцовы жыхар, які выйшаў на акцыю з лозунгам «Баста».
Па некаторай інфармацыі, берасцейцы займаюцца самаарганізацыяй і гатовыя зноў выйсці на «Марш недармаедаў», калі дэкрэт №3 не будзе ў бліжэйшы час адменены.
Паводле praca-by.info