Чыя рэальнасць больш рэальная?

Калі інтэлектуалаў адхіляюць ад удзелу ў палітычным жыцці, яны асуджаныя на распрацоўку абстрактных тэорый.



str_4_vazon.jpg

Ужо не першы артыкул мне даводзіцца пачынаць з цытавання культуролага Андрэя Пеліпенкі: «Ва ўсялякай культуры ёсць зрэзы рэальнасці, якія асэнсаваны найбольш глыбока, менш поўна ці не бачныя зусім».
Чаго не бачыць «зусім» айчынная палітычная культура? Яна не бачыць (амаль не бачыць) грамадства. Рэакцыя на апытанні НІСЭПД ілюструе гэта сцвярджэнне. Як толькі з’яўляюцца вынікі чарговага апытання, прафесійныя і напаўпрафесійныя каментатары пачынаюць «гвалтом кричать». Прашу прабачэння ў адзінага беларускага палітыка (АП) за выкарыстанне яго фразеалагізму.
Пра што крычаць? Як правіла, з нагоды рэйтынгу АП, які, на думку крыкуноў, завышаны. Далей ідзе стандартны набор аргументаў, што за два дзясяцігоддзя не зведаў сур’ёзнай змены. Тут і фактар страху, і прадажнасць сацыёлагаў, і — як апагей асэнсавання — сцвярджэнне пра немагчымасць правядзення сацыялагічных апытанняў у аўтарытарнай краіне.
Адказы на ўсе іншыя пытанні, якія ў сваёй сукупнасці дазваляюць асэнсоўваць прыроду беларускага грамадства, апанентаў не цікавяць. Усю сваю энергію яны канцэнтруюць на адным пытанні. Рэакцыя на апошняе апытанне ў гэтым сэнсе сталася стандартнай, адрозненне толькі ў тым, што «гвалтом кричать» гэтым разам пачалі з нагоды яўкі.
Д’Аламбер у ролі Рабесп’ера
Асноўная ўласцівасць кожнай культуры — здольнасць супраціўляцца зменам. Колькі было ахвочых за апошнюю палову стагоддзя ўвайсці ў «элитный клуб высокоразвитых стран», але толькі пяцёра здолелі справіцца з гэтай задачай. Усе яны — прадстаўнікі далёкаўсходняй цывілізацыі (паводле Тойнбі). Пералічу: Японія, Рэспубліка Карэя, Ганконг, Тайвань і Сінгапур. Астатнія б і хацелі, ды культурная каляіна не пускае. На мове істытуцыянальных эканамістаў гэта называецца «past dependency problem».
Прыгледзімся ўважлівей да тых, хто «гвалтом кричит». Гаворка, зразумела, ідзе не пра персаналіі. Іх сацыяльны статус цалкам можа быць вызначаны як «інтэлігенцыя». Гістарычна да гэтай групы ў межах айчыннай каляіны прылічалі, па-першае, людзей свабодных прафесій, якія былі адносна незалежнымі ад дзяржавы; па-другое, тых, хто верыў у магчымасць рацыянальнай перабудовы свету за кошт фармавання новага (рацыянальнага) тыпу чалавека.
У рускую, а затым і ў беларускую мову слова «intelligence» патрапіла з Францыі ў 1840-х гадах. У Еўропе гэты тэрмін неўзабаве выйшаў з ужытку, у Расіі ж, наадварот, добра прыжыўся. Ім абазначалі тых, хто выступае ад імя «нямой большасці». «У краіне, дзе «грамадства» не мела выхаду на палітычную арэну, з’яўленне апісанай групы было непабежнае», — сцвярджае амерыканскі гісторык Рычард Пайпс. Тэрмін «інтэлігенцыя», такім чынам, дазваляе адрозніваць сацыяльна актыўных «інтэлектуалаў» ад пасіўных.
Каб рухацца далей, звернемся па дапамогу да французскага мысляра XIX стагоддзя Алексіса Таквіля. У краінах, дзе інтэлектуалы не адхіленыя ад удзелу ў палітычным жыцці, «тыя, хто піша пра тэорыю кіравання, і тыя, хто сапраўды кіруе, узаемадзейнічаюць паміж сабой: першыя — развіваючы свае тэорыі, другія — удасканальваючы ці падпарадкоўваючы іх практычным запатрабаванням». Калі ж інтэлектуалаў адхіляюць ад удзелу ў палітычным жыцці, узнікае сітуацыя, калі «тэорыя і практыка стаяць паасобку і знаходзяцца ў руках дзвюх цалкам адасобленых груп». Адна з гэтых груп ажыццяўляе рэальнае кіраванне, у той час як іншая развівае абстрактныя прынцыпы і не задумваецца пра іх практычнае ўжыванне. Адна група фармавала ход грамадскіх спраў, іншая — грамадскую думку. Так паралельна з рэальнай грамадскай сістэмай у свядомасці людзей паўстае ўяўнае грамадства, дзе ўсё проста і пануе адзінства.
Да якіх наступстваў можа прывесці адхіленне інтэлектуалаў ад рэальнага кіравання, паказаў французскі гісторык Агюст Кашэн на прыкладзе Вялікай Французскай рэвалюцыі. Пошук якабінскага радаводу прывёў яго да грамадскіх і культурных гурткоў (да «малога народу»), якія ўтварыліся ў Францыі ў 60-я і 70-я гады XVIII стагоддзя. Гэтыя гурткі сваё галоўнае прызначэнне бачылі ва ўсталяванні аднадумства. Адзінства яны дамагаліся тым, што жорстка навязвалі гурткам свае ідэі, шальмуючы ўсіх, хто думаў інакш: «Крываваму тэрору 1793-га года, — піша Кашэн, — папярэднічаў «бяскроўны» тэрор 1765–1780 гадоў у «літаратурнай рэспубліцы», дзе Энцыклапедыя адыгрывала ролю Камітэта грамадскага выратавання, а Д’Аламбер быў Рабесп’ерам. Адна гэтак жа вынішчала добрыя імёны, як той адсякаў галовы».
Што ў сухой астачы?
Так працуе механізм фармавання ўласнай рэальнасці інтэлектуаламі, якіх у дадзеным выпадку правільней называць інтэлігентамі. У лютым 1917 года з прадстаўнікоў ліберальнай інтэлігенцыі (г. зн. бліскуча адукаваных для свайго часу людзей, але цалкам пазбаўленых адміністрацыйнага досведу) быў сфармаваны Часовы ўрад. У тым, што ўрад апынуўся часовым, дзівіцца не даводзіцца. У імперыі, насельніцтва якой на 85% складалася з сялян, што па ўзроўні культуры мала чым адрозніваліся ад сваіх далёкіх продкаў часоў прышэсця варагаў, у лібералаў не было ніякіх шанцаў захаваць уладу.
Ім на змену прыйшлі інтэлігенты, здольныя будаваць палітыку «ад жыцця». Абвешчаны іх лідарам лозунг-трыпціх («Мір народам!», «Зямля сялянам!», «Фабрыкі працоўным!») падтрымалі мільёны, занятыя на той момант і без падказкі «чорным перадзелам».
Пасля лістападаўскага рэферэндуму 1996 года абмен кадрамі паміж уладнай і апазіцыйнай элітамі ў Беларусі цалкам спыніўся. У тагачасных умовах, інтэлектуалам, адхіленым ад практычных спраў, нічога больш не заставалася, як выбудоўваць уласную (гэтым разам віртуальную) рэальнасць. Зноў даю слова Агюсту Кашэну: «Калі ў рэальным свеце суддзёй усякай думкі выступае доказ, а мэтай — вынік гэтай думкі, то ў гэтым свеце суддзёй выступае меркаванне пра яе іншых, а мэтай — яе прызнанне... Усялякая думка, усялякая інтэлектуальная дзейнасць магчымыя тут, толькі калі знаходзяцца ў згодзе з іх думкай. Тут перакананні вызначаюць існаванне… Думка, якая падпарадкоўваецца гэтым правілам, спачатку губляе цікавасць да рэальнага, а затым — паступова — і пачуццё рэальнасці».
Што застаецца ў сухой астачы? Толькі тыя ўяўленні і схемы, якія падтрымліваюць сярод выціснутых у апазіцыйнае гета палітыкаў іх надзеі на здабыццё (для кагосьці паўторнае) месца ў кіроўнай эліце. Такія ўяўленні і схемы па вызначэнні не могуць быць складанымі. Адсюль не проста нулявая цікавасць да любых даследаванняў, якія адлюстроўваюць складанасць рэальнага свету, але і імкненне ўсяляк дыскрэдытаваць і зняважыць іх аўтараў. Адсюль і барацьба ва ўласных шэрагах за статус адзінага носьбіта адзінага варыянту праўды.
Калі на стадыі фармавання інтэлігенцыі яе першыя неафіты былі ангажаваныя ідэяй фармавання новага чалавека, то іх сучасныя паслядоўнікі ўпэўнены, што патрэбны тып людзей у Беларусі ўжо сфармаваны, прычым у неабходнай для паспяховага пераходу ад аўтарытарызму да дэмакратыі колькасці. Папросту праз інфармацыйны, а часам і сілавы ціск з боку дзяржавы ён не можа сябе праявіць. Таму з такой лёгкасцю робяцца заявы наконт разбурэння сацыяльнага кантракту паміж уладай і грамадствам, як толькі пачынаюць збірацца хмары на эканамічным гарызонце.
Сацыялогія і закон паступовай страты прыбытковасці
Між тым, у апошнім апытанні НІСЭПД і без асаблівых інтэлектуальных высілкаў (было б жаданне) апаненты ўлады змаглі б знайсці для сябе шмат пазітыўнай інфармацыі. Спынюся толькі на індэксах, якія дазваляюць вымяраць сацыяльную тэмпературу. Усе яны (індэксы матэрыяльнага становішча, чакання і правільнасці курсу) так і не выйшлі з адмоўнай зоны. А тым часам сярэдняя зарплата ў доларавым эквіваленце ўпэўнена набліжаецца да запаветнай лічбы 500.
Нагадаю, што фактычна пры тым жа ўзроўні сярэдняй зарплаты ў канцы 2010 года ўсе сацыяльныя індэксы былі дадатнымі. Такім чынам, можна казаць пра ўніверсальнасць закона паступовай страты прыбытковасці, добра знаёмага студэнтам эканамічных каледжаў: кожны наступны бюджэтны трыльён на ўваходзе прыносіць усё меншую сацыяльна-палітычную аддачу на выхадзе. Гэта плата за эканамічны папулізм.
За няпоўны 2012 год сярэдняя зарплата ў доларавым эквіваленце павялічылася ў 1,4 раза. Працягваць вальсаваць у тым жа тэмпе ўлада ўжо не ў стане, што і пацвердзіў Белстат, які паведаміў пра скарачэнне рэальнай зарплаты ў верасні на 1%. Нескладана здагадацца, як гэта адаб’ецца на сацыяльных індэксах і электаральным рэйтынгу АП, які, дарэчы, за трэці квартал дадаў усяго 1,9 працэнтных пункты пры памылцы выбаркі ў 3%.
Але пяройдзем ад азбукавых ісцін паліталогіі да ісцін арыфметычных. Не выключана, што з іх дапамогай мы зможам хоць бы часткова зменшыць прорву паміж дзвюма сацыяльнымі рэальнасцямі: той, якая даецца назіральнікам у адчуваннях, і рэальнасцю, сфармаванай сацыёлагамі падчас агульнанацыянальнага апытання.
Усе мы ведаем, што вялікая колькасць патэнцыйных беларускіх выбарцаў (ад 0,5 да 1 мільёна) у наш час працуюць за межамі краіны. Які іх унёсак у вышэйзгаданыя сацыяльныя рэальнасці?
Разгледзім скрайні выпадак: усё дарослае насельніцтва Беларусі за выключэннем 1,5 тысячы чалавек (менавіта столькі апытваюць сацыёлагі) выехала за мяжу. Дапусцім, што кожны з тых беларусаў, хто застаўся, быў апытаны. У выніку сацыёлагі атрымаюць дакладна такое ж значэнне яўкі, якое яны зафіксавалі ў верасні. Што да назіральнікаў, дык большасць з іх наогул не ўбачаць выбарцаў на ўчастках, бо колькасць участкаў значна большая за 1,5 тысячы.
Дык чыя ж рэальнасць будзе больш рэальная? Мой адказ — сацыёлагаў. Яны фіксуюць яўку ад рэальнай колькасці выбарцаў, у той час як назіральнікі — ад спіскавай, г.зн. яўку, заніжаную не апатыяй выбарцаў, а іх эканамічнай актыўнасцю.