Ціханоўская: Літва на ўрадавым узроўні не дапусціць дыскрымінацыйных законаў супраць беларусаў
Паводле Святланы Ціханоўскай, яе офісу ўдалося дамовіцца што на парламенцкім і ўрадавым узроўнях у Літве не будуць прымаць дыскрымінацыйныя рашэнні ў дачыненні да беларусаў і што будзе створаны адмысловы трыбунал па выкрадзеных і забітых апанентах Лукашэнкі.
Святлана Ціханоўская заявіла: "Як і вы, я кожны дзень чытаю навіны і бачу ўсе тыя праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы ў розных краінах. Ужо два гады рэжым пазбаўляе пачуцця бяспекі беларусаў унутры краіны. Але стаўшы саагрэсарам у вайне супраць Украіны, ён паставіў пад пагрозу і беларусаў па ўсім свеце.
Апошнія месяцы мы шмат працуем над тым, каб іншыя народы і дзяржавы падзялялі рэжым і беларусаў, якія супраць яго. Каб беларусы не сутыкаліся з праблемамі легалізацыі, паступлення ў універсітэты, дазволу на працу і атрымання віз.
Учора мой прадстаўнік па парламенцкай працы Анатоль Лябедзька падзяліўся вынікамі сваёй працы з Соймам Літвы. Яму ўдалося дамовіцца аб тым, што на парламенцкім і ўрадавым узроўнях у Літве не будуць прымаць дыскрымінацыйныя рашэнні па адносінах да беларусаў і што будзе створаны адмысловы трыбунал па выкрадзеных і забітых апанентаў Лукашэнкі. Гэта важны крок, і я дзякую Літву за прамую дапамогу беларусам. Нашаму народу зараз вельмі важна адчуваць такую падтрымку дружалюбных краін".
Нагадаем, днямі прэс-служба Ціханоўскай паведаміла пра дасягненне дамоўленасці з чэшскімі ўладамі аб выключэнні Беларусі з закона, які зрабіў бы міграцыю беларусаў у Чэхію немагчымай.
У пачатку сакавіка Чэхія спыніла прыём і апрацоўку заяў на атрыманне віз (за выключэннем гуманітарных) і дазволаў на доўгатэрміновае і пастаяннае пражыванне для грамадзян Беларусі з-за падтрымкі беларускімі ўладамі расійскага ўварвання ва Украіну.