Ці пасябруе Лукашэнка з Абамам?

Чаму Лукашэнка робіць стаўку на адносіны са Злучанымі Штатамі.



lukarp.jpg

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з намеснікам памочніка міністра абароны ЗША Майклам Карпентэрам / president.gov.by

Кіраўнік беларускай дзяржавы разлічвае, што пазітыў, які намеціўся паміж Беларуссю і ЗША, стане новым этапам адносін. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з намеснікам памочніка міністра абароны ЗША Майклам Карпентэрам.

Кіраўнік беларускай дзяржавы аказаўся цяпер у такой сітуацыі, калі ён хоча спадабацца ўсім, лічыць палітолаг Алесь Лагвінец.

— Але яго рэальныя дзеянні паказваюць, што наўрад ці ён будзе рабіць рэальныя крокі насустрач, — кажа палітолаг. — Лукашэнка разумее, што ЗША, магчыма, зацікаўлены ў супрацоўніцтве з незалежнай Беларуссю, таму і раздае кампліменты і абяцанні.

Эксперт не выключае, што дзеянні Лукашэнкі накіраваны на тое, каб падняць свае стаўкі ў Маскве і ўскосна дыверсіфікаваць свае адносіны ў глабальным сусветным маштабе.

— Больш за тое, ён зацікаўлены, каб усялякія адносіны будаваліся менавіта праз яго гарантыі, а не праз інстытуцыйныя заангажаванасці Беларусі, — звяртае ўвагу Алесь Лагвінец.

А навошта гэта амерыканцам?

— ЗША — глабальнае дзяржава, якая мае інтарэсы ўсюды. І калі ёсць хоць мізэрная магчымасць палепшыць адносіны з Беларуссю, то яны ў гэтым зацікаўлены, — лічыць Алесь Лагвінец.

Нават у самы горшы перыяд узаемаадносін паміж Беларуссю і ЗША, калі існавалі вялікія спісы санкцый, Беларусь не спыняла супрацоўніцтва па шэрагу праграм, якія тычацца, у прыватнасці, ядзернай зброі, транзіту НАТА праз тэрыторыю краіны.

Меліся палітычныя аспекты, у якіх адносіны былі фактычна на нулі. А ў практычнай вобласці, калі гаворка ішла аб праблемах сусветнай бяспекі, гэтае супрацоўніцтва не спынялася, — падкрэслівае палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі.

Эксперт звяртае ўвагу: для сусветнай бяспекі цяпер уяўляе цікавасць, ці будзе ў Беларусі размешчана новая расійская вайсковая база.

Беларускае кіраўніцтва і на ўзроўні Аляксандра Лукашэнкі, і на ўзроўні Уладзіміра Макея публічна выказваецца пра тое, што база не патрэбна. Напэўна, гэта з'яўляецца яшчэ адным з авансаў Беларусі ў бок ЗША, — лічыць палітычны аглядальнік.

Разам з тым, дадае Паўлюк Быкоўскі, беларускае кіраўніцтва, хутчэй за ўсё, выкарыстоўвае візіт Майкла Карпентера як традыцыйныя геапалітычныя арэлі, дзе ўлада супрацьпастаўляе наладжваць супрацоўніцтва з Захадам адносінам з Расіяй.

Ужо некалькі гадоў беларускія дыпламаты распавядаюць заходнім партнёрам, што калі не дапамагчы беларускаму рэжыму цяпер, то Беларусь упадзе ў абдымкі Расіі. І гэты аргумент знаходзіць сваіх слухачоў, — адзначае Паўлюк Быкоўскі.

На яго думку, з улікам таго, што ЗША ў бліжэйшы час будуць прымаць рашэнне адносна сваёй палітыкі да Беларусі, візіт намесніка памочніка міністра абароны ЗША мае вялікае значэнне.

Паводле Заўтра тваёй краіны