Ці паедзе Румас на работу ў Маскву? Пытанне пакуль адкрытае
Былы прэм'ер Сяргей Румас вылучаны кандыдатам у назіральную раду «Рассельгасбанка» — адпаведны спіс кандыдатаў падпісаў расійскі прэм'ер-міністр Міхаіл Мішусцін. Але ці варта чакаць ад'езда Румаса ў Маскву? Гэтае пытанне пакуль выглядае нявырашаным.
Як стала вядома «Нашай Ніве» з крыніц у акружэнні ў Румаса,
гэтае прызначэнне ўзгаднялася яшчэ восенню, да эміграцыі былога
прэм'ер-міністра. Але асаблівасць бюракратыі ў тым, што працэс расцягнуўся
амаль на паўгода.
Уключэнне ў спіс назіральнай рады не патрабуе штодзённай
працы — хутчэй гэта кансультатыўная нагрузка, якая ў банкаўскай сферы
традыцыйна высока аплачваецца.
Цяперашняе рашэнне стала нечаканасцю для Румаса, які
раздумвае, ці варта аддаваць цяпер сябе ў рукі рускіх, якія ва ўмовах
заведзенай крымінальнай справы ў Беларусі могуць распарадзіцца яго лёсам згодна
са сваімі, а не яго інтарэсамі.
Сам Румас сітуацыю не каментуе.
Калі ён пагодзіцца на атрыманне пасады, а Мінск палічыць
гэта сваеасаблівым запрашэннем на палітычныя «сматрыны», то можа чакаць хвалю
дыскрэдытацыі былога прэм'ера і раздзьмування пакуль што ціхай «справы сяброў
Румаса».