Цапкала: Лукашэнка цалкам адарваўся ад жыцця, не ведае, чым жыве народ
У свеце адбыліся тэхналагічная і інфармацыйная рэвалюцыі, адбылася рэвалюцыя ў свядомасці людзей, а ў Беларусі ва ўлады ніякіх зменаў, піша «Еўрарадыё».
Аляксандр Лукашэнка цалкам адарваўся ад жыцця, не ведае, чым жыве народ. Пра гэта ў інтэрв'ю расійскаму выданню "Коммерсантъ" заявіў патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты, былы кіраўнік беларускага Парка высокіх тэхналогій Валерый Цапкала. Ён лічыць, што прычынай такога становішча, у якое трапіў кіраўнік дзяржавы, з'яўляецца яго 26-гадовае знаходжанне ва ўладзе.
Цапкала і Лукашэнка падчас выбарчай кампаніі рэгулярна абменьваюцца гучнымі заявамі. Кіраўнік дзяржавы згадвае пра "кампрамат", які ёсць на экс-кіраўніка ПВТ, расказвае, як той прадаў свой дом, прапануе яму расказаць людзям, за што быў звольнены. Пры гэтым не называе прозвішча патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты.
У свеце адбыліся тэхналагічная і інфармацыйная рэвалюцыі, адбылася рэвалюцыя ў свядомасці людзей, а ў Беларусі ва ўлады ніякіх зменаў, кажа Валерый Цапкала ў згаданым інтэрв'ю. "Не мяняецца рыторыка, манеры паводзін, — працягвае ён. — ...Лукашэнка кажа адно і тое ж больш за чвэрць стагоддзя, але грамадства стала іншым, яно стала па-іншаму ўспрымаць усю гэтую рыторыку".
Таксама Цапкала выказаў меркаванне, што прычына імавернага падзення рэйтынгу Лукашэнкі можа быць звязана з яго "невысокім узроўнем асабістай культуры", з абразамі і паліваннем брудам апанентаў улады. "У выніку такіх заяў яе [улады] рэйтынг становіцца яшчэ ніжэй", — кажа палітык. І такая сітуацыя нервуе ўладу, лічыць ён.