Чаму мядзведзік не стаў коцікам?
Леташняя «мядзьведжая бамбардзіроўка» ідэальна адпавядала ўсім канонам стратэгіі негвалтоўнага супраціву.
Плюшавы атамны выбух
Нечакана? А то не. Асабліва для беларускіх СПАшнікаў, як высьветлілася. Крэатыўна? Плюспіцот, як пішуць на інтэрнэт-жаргоне. Сьмела? Надзвычай, калі справа пайшла б інакш,
швэдзкія пілёты маглі б атрымаць тэрмін, а ў горшым выпадку нават кулю. Была яскравая акцыя швэдаў саркастычнай поўхай дыктатуры, што паводле Джына Шарпа і іншых гуру негвалтоўнага супраціву
— ўдар па ёй самы моцны, перад чым яна безабаронная? Была, і праўда ж было сьмешна: ў адказ на пачварную сур’ёзнасьць — жарт, пераварочваньне сэнсаў у стылі постмадэрну,
бамбаваньне, але цацкамі. Словам, клясыка.
Ну і што? Ну і нічога. «Не пракаціла», як гаворыцца ў вядомым анэкдоце. І напачатку нібыта зачапіла, у народзе пра тое пагалоска пайшла, насельнікі сацыяльных
сетак пачалі гуляцца з падзеяй і сымбалем. Але пагуляліся і кінулі. Прычым усе.
Спадзявацца, што пра «дэсант» будуць доўга памятаць у заводзкім цэху ці на калгасным полі, неяк ад пачатку не выпадала. Але ж забылі і актывісты, і тыя самыя
«жыхары» сацыяльных сетак. Мядзьведзік ня стаў коцікам.
І не сказаць, каб справа была ў нейкім надзвычай пісьменным адказе беларускай улады. Яна адрэагавала так, як ад яе і чакалі: спачатку наагул хлусіла, маўляў, не было дэсанту, ролік у Польшчы скляпалі, потым ўсё ж прызнала, пачала грозна варушыць вусамі, рассыпаючы пагрозы і праклёны.
З дэсанту атрымаўся тэст на прымальную, прывабную для беларусаў палітычную стылістыку. Не ўспрымае грамадзтва постмадэрн, прынамсі, постмадэрн як спосаб гаварыць пра палітыку. Тут ня толькі ўлада
пачварна сур’ёзная, тут і грамадзтва не прымае сьцёб, іронію, «прыкол» у палітычнай сфэры.
Што дамовы палітыка з коцікам, што пэрфомансы Фэмэна, што мядзьведжае бамбардаваньне — гэтыя і падобныя акцыі пакідаюць беларусаў абыякавымі, не кладуцца на душу, выклікаюць зьдзіўленьне — а што сказаць хацелі?
Ёсьць, зразумела, і больш пэсымістычнае ўяўленьне — што пакуль народ знаходзіцца ў стане апатыі, сьпіць, то яго нічога не разбудзіць, ані постмадэрн, ані мадэрн, ані дамадэрн. Надзвычай
сур’ёзныя прамовы палітычных лідэраў таксама ня надта натхняюць.
Але ўсё ж, здаецца, урок «мядзьведжага дэсанту» варта запомніць на будучыню — ня ўсе тэхналёгіі негвалтоўнага супраціву, якія выдатна працавалі ў іншых краінах,
спрацуюць у Беларусі.
Палёт швэдзкіх рэклямшчыкаў стаў тэстам і ў іншым сэнсе. Пры пэўнай схільнасьці да кансьпіралёгіі можна нават разьмяшчэньне у Беларусі расейскай авіябазы ўбачыць як простае наступства таго
дэсанту.
Дэсант паказаў слабасьць беларускай СПА — расейцы вырашылі яе ўмацаваць, як умеюць (і як даўно хацелі). Пры моцнай схільнасьці да ўсялякіх тэорыяў змоваў можна ўбачыць за сьпінай удалых
швэдаў злавесную руку Масквы: калі наступствы нечага выгадныя некаму, то гэта нехта тое нешта і арганізаваў.
Хаця тут абодвум сылягізмам бракуе дакладнасьці: чалавечая дурасьць мацнейшая за самыя вытанчаныя інтрыгі. Як казаў Бісмарк, «найлепшае, што можа зрабіць дзяржаўны муж, — гэта ўважліва прыслухацца да крокаў Бога, ўхапіцца за край Яго плашча і прайсьці зь Ім некалькі крокаў шляху». «Жалезны канцлер» не спадзяваўся, што спрыяльныя магчымасьці можна ствараць, збольшага імі можна толькі карыстацца.
Зь іншага боку, і выхад з ладу значнай часткі беларускай баявой авіяцыі, і перадысьлякаваньне амэрыканскіх зьнішчальнікаў зь Італіі ў Польшчу — усе гэта адбывалася не ў сувязі зь
«мядзьведзіроўкай», і было больш важкімі чыньнікамі для разьмяшчэньня базы. Да таго ж, як пра гэта гаварылася адразу пасьля «плюшавага дэсанту», СПА і не зусім
прыдатная для апазнаваньня і перахопу такіх мэтаў. Ну яўвім сабе, што база расейскіх самалётаў у Лідзе была б яшчэ год таму. І што б гэта зьмяніла ў лёсе швэдзкіх пілётаў? Самалёты і гэлікоптары, каб
перахапіць самалёт швэдаў, і год таму ў беларускім войску былі. Хіба што расейскія лётнікі не адзначалі б напярэдадні беларускі Дзень Рэспублікі так грунтоўна, як іх беларускія калегі. Хаця і гэта
сумнеўна.
Але псыхалягічны фон для расейскіх рашэньняў наконт базы палёт швэдаў зрабіць, зразумела, мог: тое, гэтае, ды яшчэ і гэтае — нейкая пацанва на самалёціку даляцела ледзь не да рэзыдэнцыі
Лукашэнкі. Трэба прымаць захады.
Наступствы «мядзьведжага дэсанту» — яскравая ілюстрацыя таго, шлях куды часам брукаваны добрымі намерамі.
Юры Дракахруст, svaboda.org