Брэст. Міліцыя зацікавілася эсдэкамі

Прадстаўнікі праваахоўных органаў склалі пратакол апытання на старшыню Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП (Грамада) Ігара Маслоўскага.



brest_pershamaj_2014.jpg

Як паведаміў сам лідэр мясцовых сацыял-дэмакратаў, міліцыянты завіталі ў партыйны офіс і пажадалі атрымаць тлумачэнні адносна таго, як брэсцкая суполка БСДП (Грамада) ладзіла інфармацыйную кампанію напярэдадні 1 мая і віншавала жыхароў горада.

“Я патлумачыў, што мы дзейнічалі ў рамках беларускага заканадаўства і адзначалі Першамай, які застаецца ў нашай краіне дзяржаўным святам, — паведаміў Ігар Маслоўскі. — Але мы таксама адзначылі яго, як Міжнародны дзень салідарнасці працоўных у барацьбе за свае правы. Тое, што з гэтай нагоды распаўсюджвалі віншаванні і партыйныя бюлетэні, таксама не забаронена заканадаўствам”.

Ігар Маслоўскі лічыць дзіўнай сітуацыю, калі праваахоўныя органы шукаюць нейкія парушэнні пасля таго, як мінула амаль два тыдні пасля падзей. Ён таксама нагадаў, што гарадскія ўлады сёлета забаранілі сацыял-дэмакратам ладзіць у Брэсце першамайскую дэманстрацыю, спаслаўшыся на тое, што дазвол на масавае мерапрыемства ў гэты дзень ужо атрымала Брэсцкае абласное аб’яднанне прафсаюзаў.

Паводле словаў Маслоўскага, такі адказ варта лічыць дыскрымінацыяй па палітычных і сацыяльна-эканамічных падставах, бо дэманстрацыя была дазволена тым, хто меў намер правесці святочнае шэсце, і забаронена тым, хто вылучае сацыяльна-эканамічныя патрабаванні.
 

spring96.org