Адказнасць за экстрэмізм узмоцняць па просьбе КДБ

 Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон, які ўводзіць крымінальную адказнасць за экстрэмізм, удзел у баявых дзеяннях у іншых краінах.

Фота з сайта imgator.ru

Фота з сайта imgator.ru


Дакумент 22 красавіка апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Праект закона "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь" 4 красавіка быў прыняты ў двух чытаннях Палатай прадстаўнікоў і ў той жа дзень ухвалены Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу.
"Асноўная мэта праекта закона — зніжэнне ўзроўню рызык і пагроз у галіне процідзеяння экстрэмізму. Яго актуальнасць абумоўлена бягучай дынамікай сітуацыі ў сферы забеспячэння нацыянальнай бяспекі, а таксама міжнароднымі абавязацельствамі краіны", — заявіў, прадстаўляючы праект закона, старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі Валерый Вакульчык.
Заканадаўства дапоўнена шэрагам нормаў па трох блоках. Гэта тычыцца процідзеяння дзейнасці экстрэмісцкіх фарміраванняў, папярэджання ўдзелу беларускіх грамадзян ва ўзброеных канфліктах за мяжой і недапушчэння выкарыстання ў антыграмадскіх і злачынных мэтах так званых кактэйляў Молатава.
Законам Крымінальны кодэкс Беларусі дапаўняецца артыкуламі "Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання" і "Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання".
За стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо кіраўніцтва такім фарміраваннем або структурным падраздзяленнем, якое ў яго ўваходзіць, прадугледжана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўлення волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў. Тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна або службовай асобай з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў, плануецца караць абмежаваннем волі на тэрмін ад трох да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад шасці да дзесяці гадоў.
Уводзіцца адказнасць за перавозку матэрыялаў, якія змяшчаюць заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуюць такую дзейнасць.
Прадстаўляючы законапраект, старшыня КДБ Валерый Вакульчык падкрэсліваў, што крымінальная адказнасць за экстрэмізм распаўсюджваецца выключна на кіраўнікоў і фінансістаў экстрэмісцкай дзейнасці, "якія ў поўнай меры разумеюць грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў".
Пашырана адміністрацыйная адказнасць за распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці. Новая рэдакцыя арт. 17.11 КоАП уводзіць адказнасць за тыражаванне экстрэмісцкіх матэрыялаў, у тым ліку не ўключаных у рэспубліканскі спіс.
Закон прадугледжвае, што ўдзел грамадзяніна Беларусі ці асобы без грамадзянства, якая пастаянна пражывае ў рэспубліцы, на тэрыторыi замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні адного з супрацьлеглых бакоў, а таксама ўдзел ва ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях без ўпаўнаважання дзяржавы і пры адсутнасці прыкмет злачынства, прадугледжанага артыкулам 133 КК "Наёмніцтва", караецца абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў.
Вярбоўка, навучанне, іншая падрыхтоўка альбо выкарыстанне беларускіх грамадзян або асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Беларусі, для ўдзелу ва ўзброеным фарміраванні, узброеных канфліктах і ваенных дзеяннях на тэрыторыi замежнай дзяржавы, а таксама фiнансаванне цi iншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці пры адсутнасці прыкмет злачынства, прадугледжанага артыкулам 132 КК "Вярбоўка, навучанне, фінансаванне і выкарыстанне наёмнікаў", караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці да дзесяці гадоў.
Закон набывае моц праз дзесяць дзён пасля яго афіцыйнага апублікавання.
БелаПАН