Больш за тысячу супрацоўнікаў мозырскага НПЗ заклікалі да адстаўкі Лукашэнкі і Ярмошынай

Нязгодныя з вынікамі выбараў і абураныя жорсткасцю сілавікоў работнікі ААТ «Мозырскі НПЗ» напісалі калектыўны ліст у адрас кіраўніцтва завода. Яны патрабуюць іх пачуць і адкрыта абмеркаваць падзеі апошніх тыдняў у краіне. Пад лістом падпісалася 1186 чалавек.

17_0816_0129_nkhp_ulgk_eksterer_1_.jpg


Работнікі выступаюць за адстаўку Лукашэнкі і Лідзіі Ярмошынай, за правядзенне новых выбараў, асуджаюць гвалт з боку сілавікоў у дачыненні да мірных грамадзянам і патрабуюць сумленнага расследавання ўсіх выпадкаў гвалту з прыцягненнем да адказнасці ўсіх вінаватых.

Таксама рабочыя патрабуюць падачы дэпутацкіх запытаў па фактах затрымання працаўнікоў завода сілавымі структурамі і растлумачыць абгрунтаванасць затрымання актывіста суполкі «Краіна для жыцця», работніка ААТ «Мозырскі НПЗ» Руслана Парфёнава.

Падпісанты работнікі акцэнтуюць увагу на тым, што не могуць далучыцца да агульнанацыянальнай забастоўкі, бо не хочуць рызыкаваць эканамічнай стабільнасцю прадпрыемства.

Зварот быў складзены такім чынам, каб улічыць меркаванне работнікаў па кожным пытанні асобна — пад кожным з пунктаў можна паставіць адказы «за» і «супраць».

Падпісанты настойваюць на правядзенні сустрэчы з максімальна магчымай колькасцю работнікаў прадпрыемства для тлумачэння пытанняў, адлюстраваных у адкрытым звароце. Вынікі сустрэчы патрабуюць апублікаваць у адкрытым доступе.

Ад генеральнага дырэктара ААТ «Мозырскі НПЗ» людзі патрабуюць забяспечыць свабоднае выказванне сваіх пазіцый, як грамадзянскіх, так і працоўных у калектывах, спыніць ціск кіраўніцтва на работнікаў пры прыняцці рашэння аб выхадзе або ўступленні ў прафсаюзы.

Адкрыты ліст работнікі перадалі ў прыёмную генеральнага дырэктара Віталя Паўлава на мінулым тыдні. Адказу пакуль не было.

Паводле Радыё Свабода