Беларусь рашуча асуджае ўсе праявы тэрарызму — МЗС
МЗС Беларусі выказвае спачуванні ў сувязі з тэрактам у Ніцы і кажа пра неабходнасць «жорсткай кансалідаванай рэакцыі сусветнай супольнасці».
"У Рэспубліцы Беларусь з глыбокім болем успрынялі паведамленне аб тэракце ў Ніцы ноччу 14 ліпеня. У выніку гэтага жахлівага злачынства загінулі каля 80 чалавек, больш за сотню параненых, сярод іх шмат дзяцей, — гаворыцца ў заяве Міністэрства замежных спраў Беларусі, змешанай 15 ліпеня на афіцыйнай старонцы. — Асабліва цынічны характар таму, што адбылося надае тое, што бесчалавечны акт тэрарызму здарыўся ў дзень святкавання французскім народам свайго Нацыянальнага свята.Беларускі бок рашуча асуджае ўсе праявы тэрарызму і лічыць, што акты гвалту ў дачыненні да грамадзянскага насельніцтва, якія пачасціліся ў апошні час, не могуць мець апраўдання і не павінны заставацца без жорсткай кансалідаванай рэакцыі сусветнай супольнасці".
Беларусь выказвае спачуванні сем'ям і блізкім загінулых, а таксама жадае найхутчэйшага выздараўлення ўсім пацярпелым, адзначае МЗС.
Нагадаем, увечары 14 ліпеня грузавік заехаў на вялікай хуткасці ў натоўп і працягваў рух каля двух кіламетраў. Кіроўцу застрэлілі паліцыянты. Згінулі мінімум 84 чалавекі, больш за сотню параненых.
МЗС Беларусі высвятляе, ці ёсць сярод загінулых і пацярпелых беларускія грамадзяне.
У пасольстве Францыі ў Мінску адкрыта кніга спачуванняў у сувязі з тэрактам у Ніцы. Пра гэта БелаПАН паведамілі ў прэс-службе французскай дыпмісіі.
Кніга будзе адкрыта сёння, 15 ліпеня, з 11.00 да 15.30 і 18 ліпеня з 10.00 да 17.30.