Беларусь-ЕС: Актыўнасць — ёсць, прагрэсу па палітычна знакавых перамовах — няма
Нарастанне кантактаў і праектнага супрацоўніцтва пры адсутнасці прагрэсу па палітычна знакавых перамовах у адносінах па лініі Беларусь-ЕС, атрымалі сваё адлюстраванне ў апошнія месяцы.
Ключавыя тэндэнцыі апошніх гадоў — нарастанне кантактаў і праектнага супрацоўніцтва пры адсутнасці прагрэсу па палітычна знакавых перамовах — атрымалі канцэнтраванае адлюстраванне ў ходзе мерапрыемстваў у гонар 10-годдзя «Усходняга партнёрства». Таксама ў траўні-чэрвені адбывалася паступовае ўзмацненне кантактаў і супрацоўніцтва з фінансавымі інстытутамі ЕС і дзяржаў-членаў. Акрамя таго, мерапрыемствы ў гонар 10-годдзя «Усходняга партнёрства» і Другіх Еўрапейскіх гульняў, што прайшлі ў Мінску, абумовілі некалькі большую інтэнсіўнасць кантактаў, чым звычайна. Такія трэнды зафіксавалі эксперты Савета па міжнародных адносінах «Мінскі дыялог» у новым выпуску «Мінскага барометра», які быў прэзентаваны на днях у беларускай сталіцы.
Эксперты звяртаюць увагу, што травень і чэрвень апынуліся асабліва насычанымі падзеямі па лініі Беларусь-ЕС. Галоўным чынам гэта было звязана з шэрагам мерапрыемстваў, прысвечаных 10-годдзю «Усходняга партнёрства» (УП) і, у меншай ступені, правядзеннем у Мінску Другіх Еўрапейскіх гульняў, якія наведаў шэраг высокапастаўленых прадстаўнікоў дзяржаў-членаў ЕС.
Цэнтральнае месца ў перыяд маніторынгу займалі мерапрыемствы ў Брусэлі, прысвечаныя дзесяцігоддзю «Усходняга партнёрства». Удзел Беларусі ў іх можна ацаніць дваіста. З аднаго боку, у Брусэлі і многіх сталіцах краін-чальцоў ЕС было негатыўна ўспрынята рашэнне А. Лукашэнкі не ехаць на мерапрыемства, нягледзячы на атрыманае асабістае запрашэнне. Многія інтэрпрэтавалі гэта як чарговы знак таго, што Беларусь, нягледзячы на рыторыку, не мае ў рэальнасці сур’ёзных намераў пашыраць і паглыбляць адносіны з ЕС. Мінск жа рашэнне прэзідэнта патлумачыў тым, што адносіны Беларусі і Еўрасаюза пакуль не дасягнулі даволі высокага ўзроўню.
Паводле слоў У. Макея, «прыйдзе час, прыедзе і кіраўнік дзяржавы. Пакуль у нашых адносінах захоўваюцца нейкія абмежаванні. Шчыра жадаю сказаць, што пакуль мы не бачым, што ў рамках нават сённяшніх мерапрыемстваў мы атрымалі б нейкую стоадсоткавую аддачу ад такога візіту. Візіт павінен быць максімальна выніковым і насычаным».
Мяркуючы па ўсім, гаворка не толькі і нават не столькі аб захаваных, хай і сімвалічных, санкцыях ЕС у дачыненні да Беларусі. А аб працяглай ужо некалькі гадоў адсутнасці магчымасці падпісаць пагадненне аб прыярытэтах партнёрства, а таксама аб рэадмісіі і візавай фасілітацыі.
З іншага боку, удзел беларускай дэлегацыі ў мерапрыемствах усяляк падкрэсліваў зацікаўленасць Мінска ў развіцці УП і больш прадуктыўных адносінаў з ЕС. Кіраўнік дэлегацыі МЗС заклікаў не зацыклівацца на негатыўных нюансах і шукаць «нешта агульнае, якое аб’ядноўвае, каб выйсці на паступальны прынцып развіцця».
Як адзначаюць эксперты «Мінскага дыялогу», мерапрыемства ў Брусэлі, як і можна было чакаць, сталі падставай для шматлікіх заяваў па перспектывах як УП, так і двухбаковых адносін з ЕС. Беларускі міністр выказаў намер дамагчыся ў канчатковым выніку падпісання прыярытэтаў партнёрства, праца над якімі прыпыненая з-за бескампраміснай пазіцыі Літвы. Аднак складана прагназаваць, як хутка гэта можа стаць рэальнасцю.
Больш адчуваныя чаканні былі выказаны ў дачыненні да двух іншых пагадненняў, перамовы па якіх таксама працягваюцца непрыстойна доўга — пагадненням па рэадмісіі і спрашчэнні візавага рэжыму. Тут Мінск чакае, што кропка можа быць пастаўлена да канца года, так як усе праблемныя моманты былі знятыя.
Такія ж чаканні і ў Бруселя. Па словах еўракамісара Ёханэса Хана, справа застаецца за вызначэннем даты і месца падпісання дакумента. І хоць падобныя аптымістычныя заявы ўжо гучалі як ад кіраўніцтва МЗС Беларусі, так і ад Хана, у гэты раз, верагодна, падпісанне дакументаў сапраўды стане фактам ужо ў бліжэйшыя месяцы. Пры гэтым наступныя два месяцы — сезон адпачынкаў, таму можна чакаць сезоннага зніжэння інтэнсіўнасці кантактаў.
Малаверагодна, што ў гэты час адбудуцца нейкія знакавыя падзеі для адносінаў Беларусі і ЕС, прагназуюць аўтары «Мінскага барометра». Да таго ж, у гэтым годзе сезон «зацішша» супаў з перыядам фарміравання новага складу Еўрапарламента і Еўракамісіі, з-за чаго бліжэйшы час Брусэль будзе заняты кадравымі пытаннямі. Таксама кадравае пытанне закране і Дэлегацыю ЕС у Мінску. Пасол Андрэа Віктарын пакіне Беларусь ужо ў жніўні, а яе зменшчык прыбудзе восенню.
Паводле thinktanks.by