Байдэн даў Украіне дазвол біць ATACMS па тэрыторыі Расіі. Ці зменіць гэта ход вайны?
Амерыканская дальнабойная зброя цяпер можа «наведваць» расійскія гарады. ЦІ дапаможа гэта Украіне атрымаць перавагу на фронце і заняць больш выйгрышную пазіцыю для будучых перамоў?
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн пад самы канец свайго тэрміну зрабіў тое, пра што яго ўжо шмат месяцаў прасіў Кіеў: зняў забарону на ўдары балістычнымі тактычнымі ракетамі ATACMS па тэрыторыі Расіі. Пра гэта паведамілі некалькі амерыканскіх газет і тэлекампаній, спаслаўшыся на ананімных суразмоўцаў у адміністрацыі Байдэна.
Першымі пра гэтае рашэнне Байдэна ў нядзелю паведамілі газеты «The New York Times» і «The Washington Post», затым гэтую ж інфармацыю па сваіх каналах атрымалі, у прыватнасці, тэлекампанія «CNN» і партнёр «Бі-бі-сі» ў ЗША — тэлекампанія «CBS».
Ананімныя суразмоўцы газет сказалі, што Байдэн прыняў гэтае рашэнне ў адказ на адпраўку паўночнакарэйскіх вайскоўцаў на дапамогу Расіі ў Курскую вобласць.
«Адзін чыноўнік сказаў, што гэты крок збольшага накіраваны на тое, каб утрымаць Пхеньян ад адпраўкі новых частак. Кіраўнік Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын павінен зразумець, што адпраўка першых частак была памылкай, якая дорага абыдзецца, сказаў гэты чыноўнік», — піша «The Washington Post».
ATACMS («Army Tactical Missile System») — гэта тактычныя балістычныя ракеты, якія запускаюцца, у прыватнасці, з установак «HIMARS». Розныя іх мадыфікацыі маюць розную далёкасць, максімальная — каля 305 км.
Дагэтуль Вашынгтон тлумачыў нежаданне даваць дазвол на ўдары сваімі ракетамі па тэрыторыі Расіі тым, што асцерагаецца эскалацыі. Аглядальнік «CNN» тлумачыць, што Расія, на думку ЗША і іншых краін NATO, магла б адказаць, напрыклад, дыверсіямі на іх тэрыторыі.
Мяркуючы па тым, што сказалі суразмоўцы амерыканскіх газет, гэтыя асцярогі захоўваюцца. Паводле слоў аднаго з іх, менавіта таму наступствы прымянення ракет з дазволу Байдэна будуць «вельмі канкрэтнымі і абмежаванымі».
«Я не думаю, што гэта [дазвол] будзе вырашальным», — сказаў «Бі-бі-сі» заходні дыпламат у Кіеве, які пажадаў застацца ананімным.
«Гэта сімвалічнае рашэнне, каб падняць стаўкі і прадэманстраваць ваенную падтрымку Украіне, якое даўно трэба было прыняць. Гэта можа падвысіць кошт вайны для Расіі», — дадаў дыпламат.
Ваенны эксперт фонда Карнэгі Майкл Кофман сказаў «The Washington Post», што дазвол на ўдары ракетамі ATACMS дасць магчымасць украінцам больш упэўнена абараняць частку Курскай вобласці, якую яны захапілі ў жніўні.
Як пішуць карэспандэнты «Бі-бі-сі» ў ЗША, Адміністрацыя Джо Байдэна паведамляе Украіне, што дапаможа ёй утрымліваць маленькі кавалак расійскай тэрыторыі, які яна цяпер займае, як моцны козыр на будучых магчымых перамовах.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўчора ўвечары заявіў: «Сёння шмат хто ў медыя гаворыць пра тое, што мы атрымалі дазвол на адпаведныя дзеянні. Але ўдары наносяць не словамі. Такія рэчы не анансуюць. Ракеты самі за сябе скажуць. Абавязкова».
Курт Волкер, былы пастаянны прадстаўнік ЗША пры NATO і былы спецпрадстаўнік па Украіне ў першай адміністрацыі Дональда Трампа, сказаў «Бі-бі-сі»: «Абмежаваўшы далёкасць, на якую Украіна можа ўжываць амерыканскую зброю, ЗША аднабакова ўвялі неабгрунтаваныя абмежаванні на самаабарону Украіны».
Волкер мяркуе, што пастанова абмежаваць ужыванне ATACMS была «цалкам адвольнай і прынятай праз страх "справакаваць" Расію». «Аднак, гэта памылка — публічна заявіць пра падобную змену [палітыкі]. Гэта загадзя паведамляе Расіі пра магчымыя будучыя ўдары Украіны», — мяркуе ён.
Масква навіны пра ATACMS пакуль не каментавала.
Прэзідэнт Расіі Пуцін некаторы час таму сказаў, што ўдары ракетамі ўглыб тэрыторыі Расіі будуць азначаць, што NATO наўпрост удзельнічае ў вайне.
Паводле логікі Пуціна, гэты прамы ўдзел будзе выяўляцца ў тым, што такія ракеты патрабуюць спадарожнікавага навядзення, а ўласных спадарожнікаў ва Украіны няма — ракеты будуць наводзіцца на цэлі ў Расіі пры дапамозе спадарожнікаў краін NATO.
Многія ваенныя аглядальнікі лічаць, што дазвол на ракетныя ўдары па тэрыторыі Расіі пералому падчас вайны не прынясе, хоць можа дапамагчы Украіне трымаць абарону.
Аглядальнік «CNN» мяркуе, што ЗША проста не дадуць украінцам столькі ракет, каб змяніць ход вайны. Пра гэта ж гаворыць і Эвелін Фаркас, якая пры Бараку Абаме курыравала адносіны ЗША з Расіяй і Украінай у Мінабароны ЗША.
«Вядома, галоўнае пытанне заключаецца ў тым, колькі ў іх будзе ракет. Як мы чулі, Пентагон ужо папярэдзіў, што ЗША можа даць Украіне не так ужо і шмат гэтых ракет», — сказала Фаркас «Бі-бі-сі».
З тым, што ATACMS не стануць панацэяй, згодны і кіраўнік украінскага «Цэнтра бяспекі і супрацоўніцтва» Сяргей Кузан. «Гэта не зменіць ход вайны, але, я думаю, у большай ступені ўраўняе нашы сілы», — сказаў ён «Бі-бі-сі».
На думку Кузана, дазвол Байдэна дапаможа адбіваць вялікі наступ расійскіх і паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у захопленай частцы Курскай вобласці, якога ўкраінскія вайскоўцы чакаюць з дня на дзень.
Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства ЕС Жазэп Барэль тым часам выказаў спадзеў, што члены ЕС змогуць пагадзіцца дазволіць Украіне выкарыстоўваць дальнабойную зброю для удараў па тэрыторыі Расіі.
«Я ўжо не раз гаварыў, што Украіна павінна мець магчымасць выкарыстоўваць зброю, якую мы ёй далі, каб не толькі спыняць стрэлы, але і паражаць лучнікаў», — сказаў Барэль перад сустрэчай з міністрамі замежных спраў краін ЕС у Брусэлі.
«Я па-ранейшаму лічу, што гэта тое, што трэба зрабіць. Я ўпэўнены, мы абмяркуем гэта яшчэ раз. Спадзяюся, дзяржавы-члены ЕС пагодзяцца з гэтым», — дадаў кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі.