Атамны покер Пуціна
Адзіная рэальная сіла Расіі — гэта 8,5 тысячы ядзерных боегаловак. Пуцін, у адрозненне ад заходніх лідараў, не будзе вагацца, каб іх ужыць, кажа расійскі палітолаг Андрэй Пянткоўскі ў інтэрв'ю тыднёвіку "Newsweek".
"Калі Уладзімір Пуцін паслухае „крамлёўскую партыю вайны” ды вырашыць пра канфрантацыю з NATO, то ягонай мэтай будзе поўная капітуляцыя альянсу, то бок прызнанне расійскай зоны ўплыву па ўсёй Еўропе. Гаворка ідзе пра самаліквідацыю Паўночнаатлянтычнага пакту і парванне атлантычных сувязяў.
Усё ж, Расія не ў стане дасягнуць гэтага пры дапамозе традыцыйнай зброі", — лічыць палітоляг.
Ён нагадвае, што расійская ваенная прамысловасць спынілася на этапе 80-х гадоў XX стагоддзя ды „праспала” інфармацыйную і тэхнічную рэвалюцыі. Гэта звязана з адмоўным станам расійскай эканомікі і сур’ёзнай карупцыяй.
Менавіта таму адзінай рэальнай сілай Расеі з'яўляюцца ядзерныя боегалоўкі. Гэты арсенал таксама старэе, і перавага Расіі паступова змяншаецца. Аднак яшчэ цягам бліжэйшага дзесяцігоддзя расейцы могуць палохаць свет ядзернай зброяй.
"Зразумела, Пуцін — не самагубца. Ён не пачне татальнай атамнай вайны, то бок, вайны з ЗША. Аднак, калі ён загразне ва Украіне, то можа правакаваць канфлікт з адной з Балтыйскіх краінаў, напрыклад, Латвіяй ці Эстоніяй”, — лічыць Пянткоўскі.
У сітуацыі рашучай рэакцыі NATO, то бок, калі альянс накіруе ў Эстонію свае войскі — Масква можа адказаць тактычнай зброяй.
„Ідэальнай мэтай будзе адзін з гарадоў Цэнтральна-Усходняй Еўропы, гэта значыць, Варшава альбо Вільня (…) Гэта быў бы падарунак для расійскіх радыкалаў, якія лічаць Польшчу і Балтыйскія краіны здраднікамі”, — кажа Андрэй Пянткоўскі.
Палітолаг нагадвае, што апрача „партыі вайны”, у Крамлі дзейнічае таксама „партыя міру”. Ейнымі прадстаўнікамі з'яўляюцца, перш за ўсё, алігархі, частка дзяржчыноўнікаў і былых функцыянераў спецслужбаў, якія зараз кіруюць буйнымі дзяржаўнымі канцэрнамі, як „Газпром” ці „Роснефть”. Партыя міру настойвае, каб Пуцін закончыў вайну ва Украіне і абвясціў сябе пераможцам.
Тым часам людзі з партыі вайны пераконваюць Пуціна пачаць чацвёртую сусветную вайну. „Калі браць пад увагу старую, халоднаваенную тактыку абмену ядзернымі ўдарамі паміж Захадам і Расіяй, то пасля ўдару па Варшаве хоць бы адной атамнай боегалоўкаў, Захад павінен адказаць тым жа самым (…) Тым часам маскоўскія аналітыкі дайшлі да высновы, што Захад не адкажа на магчымую атаку на Варшаву пад уплывам буйнога прэсінгу грамадстваў заходніх краінаў. Таму лідары, замест таго, каб адказаць, спрабуюць дамовіцца з Расіяй”, — лічыць расійскі палітолаг.
У ягонай ацэнцы, каб спыніць Пуціна, Захад павінен падрыхтаваць канкрэтную прапанову для „партыі міру” і праводзіць з ёй перамовы рознымі шляхамі. Па-другое, трэба выцесніць Расію з Украіны. Па-трэцяе, трэба ўзмоцніць пагрозу атамным адказам Захаду, то бок, пераканаць расейцаў, што памылковым з'яўляецца меркаванне, што Захад не адкажа на магчымы ўдар па Варшаве ці Вільні, кажа расійскі палітолаг Андрэй Пянткоўскі ў размове з тыднёвікам „Newsweek”.