Аргкамітэт кангрэса дэмсіл заявіў пра далучэнне да кампаніі «Права выбару»

Пытанні кансалідацыі дэмакратычных сіл абмяркоўваліся 27 студзеня на пасяджэнні аргкамітэта па правядзенні кангрэса дэмсіл. Пра гэта паведаміў адзін з удзельнікаў аргкамітэта, былы кандыдат у прэзідэнты і экс-палітвязень Мікалай Статкевіч.



kds_121213.jpg

Правядзенне кангрэса дэмсіл з мэтай кансалідацыі апазіцыі ініцыявала 17 снежня група вядомых грамадскіх дзеячаў Беларусі. На наступны дзень Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Станіслаў Шушкевіч абвясцілі пра стварэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы кангрэса. Зараз апроч названых палітыкаў у склад аргкамітэта ўваходзяць Зміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў, Генадзь Фядыніч і Міхаіл Пастухоў, нагадвае БелаПАН.

Раней меркавалася, што на сённяшнім пасяджэнні аргкамітэт удакладніць парадак дня будучага кангрэса, але гэтага не адбылося.

«Мы вымушаныя былі прытармазіць з прыняццем рашэнняў, бо чакаем адказаў адносна ўдзелу ў кангрэсе іншых арганізацый, — расказаў Статкевіч інфармацыйнаму агенцтву. — Мы хочам ведаць, з кім будзем ісці побач. Мы не хацелі б апынуцца ў сітуацыі, калі прымем рашэнне аб парадку вылучэння дэлегатаў кангрэса, а потым наша працэдура будзе выкарыстаная ў якасці аргументу для адмовы ад удзелу ў ім».

Паводле слоў Статкевіча, на сённяшнім пасяджэнні было прынята рашэнне аб тым, што арганізацыі, прадстаўленыя ў аргкамітэце кангрэса, далучаюцца да кампаніі назірання «Права выбару» (кампанія ствараецца перыядычна для назірання за выбарчымі кампаніямі). У гэтую кампанію ўваходзяць рух «За Свабоду», Аб'яднаная грамадзянская партыя, Партыя БНФ, аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і яшчэ шэраг арганізацый, якія пакуль не прынялі рашэння адносна ўдзелу ў кангрэсе. «Пакуль ствараецца адчуванне, што яны зацягваюць з адказам. На жаль, гэта крадзе час для падрыхтоўкі кангрэса», — сказаў Статкевіч.

Паводле яго слоў, далучыўшыся да кампаніі «Права выбару», аргкамітэт кангрэса мае намер «паказаць прыклад кансалідацыі». «Такім чынам мы дэманструем адказнае стаўленне да адзінства дэмакратычных сіл без усялякіх прагматычных матываў», — падкрэсліў Статкевіч.

Плануецца, што кангрэс дэмсіл пройдзе вясной гэтага года.