Акцыі ў рэгіёнах: ад 3 да 7 тысяч чалавек, затрыманая Таццяна Севярынец

Розныя СМІ па-рознаму ацэньваюць колькасць удзельнікаў сённяшніх акцый пратэсту ў Баранавічах, Віцебску, Бабруйску ды Брэсце — ад 3-х да 7-мі тысяч чалавек. Найбольш усіх здзівіў Віцебск.

Здымак «Нашай Нівы»

Здымак «Нашай Нівы»


Каля 300 чалавек прынялі ўдзел у «Маршы недармаедаў» у Берасці. Пратэстоўцы сабраліся на плошчы Леніна, памітынгавалі каля аблвыканкаму і прайшліся шэсцем па пешаходнай вуліцы Савецкай.«Не — дэкрэту нумар 3!», «Лукашэнка, сыходзь!», «Баста!» — асноўныя лозунгі, якія гучалі сёння на акцыі ў Берасці. 
У Баранавічах на аналагічную акцыю сабралася каля 300 чалавек. Удзельнікаў мясцовай акцыі пратэсту прыехаў падтрымаць старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Ён паведаміў, што людзі, у тым ліку моладзь, актыўна выступалі на мітынгу, выказвалі сваю нязгоду з эканамічнай палітыкай уладаў. «Відаць, што гэта новыя людзі, якія раней наўрад ці ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту», — сказаў ён.
У Бабруйску ўдзел у акцыі на плошчы Леніна ўзяло да 1.000 чалавек. Удзельнікі мітынгу скандавалі: "Ганьба", "Лукашэнка, сыходзь", "Працу!" Да мегафона, у які гаварылі выступоўцы, сабралася цэлая чарга. З вядомых палітыкаў і грамадскіх дзеячаў на мітынгу прысутнічалі сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі і актывіст прафсаюза РЭП Андрэй Стрыжак. Наступная акцыя прызначана ў Бабруйску супраць дэкрэта № 312 сакавіка каля плошчы Перамогі.
Самай шматлюднай атрымалася акцыя ў Віцебску, на якой прысутнічала каля 2 тысяч чалавек. Арганізатараў у гэтага маршу не было — людзі прыйшлі на плошчу Перамогі, дзе афіцыйныя ўлады праводзілі Масленіцу. Пратэстоўцы вырашылі не замінаць народным гулянням і пайшлі калонай да плошчы Леніна. Удзельнікі акцыі выкрыквалі лозунгі “Не — дэкрэту №3”, “Лукашэнка, сыходзь”, “Жыве Беларусь”. У натоўпе былі бел-чырвона-белыя сцягі.
Пасля акцыі затрымалі грамадскую актывістку Таццяну Севярынец. Спадарыня Таццяна ехала дадому з акцыі супраць дэкрэта №3 , яна была адной з тых, хто выступаў перад людзьмі.
Недалёка ад дома яна зайшла ў краму за прадуктамі. Па выхадзе ж яе затрымалі. Цяпер Таццяна Яўгенаўна знаходзіцца ў Кастрычніцкім РУУСе Віцебска.
Паводле БелаПАН, Нашай Нівы, Радыё Свабоды, Еўрарадыё