Афіцэры апазыцыі. Ад Статкевіча і Захаранкі да Казлова і Сахашчыка

У шэрагах дэмакратычнай апазыцыі Беларусі ўвесь час былі асобы, якія мелі высокія афіцэрскія званьні. Мы згадаем палкоўнікаў і генэралаў — тых, чый гучны голас яскрава адбіваў рытм часу і працягвае гучаць у нашай палітыцы.

hryb_2_2.jpg

Генэрал-палкоўнік Павал Казлоўскі (нар. 1942)



kazlouski_1.jpg

Другі міністар абароны Беларусі (1992-1994), які не стаў супрацоўнічаць з лукашэнкаўскім рэжымам, і не трапіў у новы ўрад пад кіраўніцтвам Міхаіла Чыгіра. Пэўнай іроніяй зьяўляецца тое, што і Казлоўскі і Чыгір пазьней сталі паплечнікамі па Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Генэрал Казлоўскі падчас міністэрскай працы быў адказны за звальненьне з арміі жаўнераў, якія ўваходзілі ў Беларускае Згуртаваньне вайскоўцаў – арганізацыю, што стварыў Мікола Статкевіч дзеля абароны правоў салдатаў і афіцэраў нашай арміі. Павал Казлоўскі, па асабістым прызнаньні, стаў тым, хто «абараніў» дзень 23 лютага ў якасьці дня вайсковай славы, у чым яго падтрымаў іншы генэрал з нашай падборкі — другі кіраўнік Беларусі Мечыслаў Грыб. Дарэчы, сын Казлоўскага і дачка Грыба пабраліся шлюбам у 1990-х.

Міністар Казлоўскі ўзгадваў, што з атрыманьнем незалежнасьці на тэрыторыі краіны знаходзілася 250 тысячаў вайскоўцаў, якія былі перападначаленыя міністэрству абароны Беларусі. На працягу двух гадоў іх колькасьць была скарочаная да 100 тысячаў жаўнераў. Цікавы факт зь яго біяграфіі — у 1993 напярэдадні вайны быў у Джахара Дудаева ў Ічкерыі, пасьпеў выпіць каньяку. Там, у Грозным, памёр баявы сябра Казлоўскага, на пахаваньне якога і прыляцеў міністар абароны Беларусі.

У 2001 Павал Казлоўскі ўваходзіў у лік 5 кандыдатаў ад аб'яднанай апазыцыі на выбарах прэзідэнта. Хадзілі чуткі, што гэтае рашэньне ён прыняў пасьля паездкі ў Маскву, дзе Генштабам расейскай арміі кіраваў былы намесьнік Казлоўскага — Анатоль Квашнін, зь якім яны нават разам навучаліся. Нібы старыя сувязі і сяброўства маглі паўплываць на «выбар Масквы». Тым не менш тады сярод пяцёркі свой шанец пазмагацца атрымаў Уладзімер Ганчарык. Пасьля гэтага генэрал амаль адышоў ад публічнай палітыкі, у 2010 падтрымліваў Андрэя Саньнікава.



Падпалкоўнік Мікола Статкевіч (нар. 1956)

Ужо мала хто ўзгадае, што палітвязень і былы кіраўнік сацыял-дэмакратаў, былы кандыдат на прэзідэнта ў 2010 зьяўляецца падпалкоўнікам. Менавіта Мікола Статкевіч быў заснавальнікам Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў у 1991. Гэты рух атрымалася арганізаваць з суполак вайскоўцаў, якія ўваходзілі ў Таварыства Беларускай Мовы з 1989.

Пра Міколу Статкевіча днямі мы падрыхтавалі асобны артыкул:



Генэрал-лейтэнант Мечыслаў Грыб (нар. 1938)

Вячаслаў Кебіч і Мечыслаў Грыб

Вячаслаў Кебіч і Мечыслаў Грыб

Другі кіраўнік незалежнай Беларусі, спадар Грыб стаў старшынём Вярхоўнага Савета ХІІ скліканьня ў студзені 1994, пасьля адстаўкі Станіслава Шушкевіча. Да моманту свайго абраньня ў парлямэнт у 1990, ён працаваў у органах міліцыі Віцебскай вобласьці. У Вярхоўным Савеце Грыб узначаліў камісію па пытаньнях нацыянальнае бясьпекі, абароны і барацьбы са злачыннасьцю. Менавіта подпіс Мечыслава Грыба стаіць пад першай канстытуцыяй Беларусі 15 сакавіка 1994. Як неаднаразова потым заяўляў генэрал, «Я мог пастарацца не дапусьціць усяго гэтага бязладзьдзя. Трэба было дамагчыся, каб першы прэзыдэнт абіраўся Вярхоўным Саветам. Лукашэнка ніколі ня быў бы парлямэнтам абраны прэзыдэнтам. Ніколі. У яго ніякага аўтарытэту не было».

У 1999 стаў намесьнікам старшыні партыі БСДП (Народная Грамада). У 2006 узначальваў штаб кіраўніка сваёй партыі Аляксандра Казуліна. На сёньня Мечыслаў Грыб, якому з 1996 не дазволілі працаваць (звальненьні з калегіі адвакатаў і ўнівэрсытэту), жыве на міліцэйскую пэнсію. Пэнсія кіраўніка дзяржавы, як і Шушкевіча, у Мечыслава Грыба не індэксавалася, і зараз складае каля капейкі.


Генэрал-маёр Юры Захаранка (1952-1999)

zaharanka.jpg

Міністар унутраных справаў, які працаваў у камандзе Лукашэнкі, але з сярэдзіны ўбачыўшы нутро дыктатара, не пагадзіўся выконваць злачынныя загады, і быў адпраўлены ў адстаўку ў кастрычніку 1995.
Гэта быў афіцэр, якога паважалі не толькі падначаленыя, але і цывільныя, звычайныя беларусы. Адзначым таксама той факт, што падчас працы міністрам акурат яго падначаленымі быў зьдзейсьнены напад на дэпутатаў БНФ у Вярхоўным Савеце, калі іх жорстка зьбілі і вынесьлі з залі паседжаньняў. Пасьля адстаўкі Юры Захаранка займаўся стварэньнем Саюза афіцэраў (арганізацыі, якая па сваіх мэтах была падобнай да Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў, заснаванага Міколам Статкевічам). Генэрал увайшоў у кіраўнічыя органы АГП. 7 траўня 1999 Юры Захаранка быў выкрадзены і забіты — імаверна асобамі, якія адносяцца да «эскадронаў сьмерці» на чале з Дзьмітрыем Паўлічэнкам. Паводле словаў Алега Алкаева, адказнага за «расстрэльны пісталет» у Валадарцы, існуе нават відэазапіс забойства Юрыя Захаранкі.



Капітан другога рангу Валеры Шчукін (1942-2020)

szczukin.jpg

Шыкоўная барада капітана была безьліч разоў заўважаная на мітынгах апазыцыі, у пастарунках карных органаў, а таксама ў парлямэнце — Валеры Шчукін быў дэпутатам Вярхоўнага Савета ХІІІ скліканьня. Чалавек, які сумяшчаў, падаецца, цяжка сумяшчальнае: сябар Камуністычнай партыі Беларусі і актыўны праваабаронца. Аднапартыйцы-калякінцы ў 1998 выключылі яго з ПКБ.
Валеры Шчукін распавядаў аб сваёй першай адседцы: «Вось у свой час, калі я яшчэ першы раз на Акрэсьціна сеў, там лыжкі адломвалі. І давалі гэтыя абломкі, якія пальцам бярэш і гэтак ясі. Я сказаў, што есьць гэтак не буду. Але зноў-такі: мне пэрсанальна лыжку давалі, астатнія працягвалі есьці так. Але яны маўчаць, іх гэта цалкам задавальняе». У гэтым увесь капітан другога рангу Валеры Шчукін.
Таксама ён зазначаў: «Я — салдат. Я 27 гадоў вучыўся ваяваць. Умець ваяваць — гэта ня значыць умець страляць альбо запускаць ракеты. Гэта гатовасьць ісьці пад кулі, калі вобразна казаць. Дзе небясьпечна, туды ідзеш. Я за гэта грошы атрымліваў. Ты можаш баяцца, хавацца, але калі трэба туды ісьці й там небясьпечна, дык я ня маю права хавацца. Я павінен ісьці, пакуль хаваюцца астатнія, несалдаты. З Лукашэнкам трэба як Хрушчоў: выходзіць на трыбуну, і ботам: «Я табе пакажу кузькіну маць!» Зь ім толькі так трэба размаўляць. Па-іншаму немагчыма».

Генэрал-маёр Валеры Фралоў (1947-2014)

fralou_1.jpg

Палітычная дзейнасьць Фралова распачалася ў 2000 годзе, калі яго прызначылі ў прарэжымную палату прадстаўнікоў — орган, які імітаваў парлямэнцкую працу. Нечакана генэрал стварыў дэпутацкую групу «Рэспубліка», што стала апазыцыйнай у лукашэнкаўскім стэрыльным псэўдапарлямэнце. Гэты быў сур'ёзны ўчынак.
У 2004 ён нават арганізаваў дэпутацкую галадоўку пратэсту супраць палітыкі Лукашэнкі, тым самым нагадаўшы пра падобны легендарны ўчынак апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце ХІІ скліканьня ў 1995. Галадоўка была распачатая ў выніку неўнясеньня падрыхтаванага дэпутацкай групай законапраекту аб унясеньні зьменаў у выбарчае заканадаўства, а таксама адмовы рэжыму выпусьціць палітвязьня Міхаіла Марыніча (першага мэра Менску). Валеры Фралоў выступаў за скасаваньне зьменаў у канстытуцыю, паводле якіх Лукашэнка атрымліваў магчымасьць балятавацца на трэці тэрмін.

У 2004 генэрал Фралоў далучыўся да БСДП (Народная Грамада), якую тады ўзначальваў Мікола Статкевіч. Пасьля быў абраны намесьнікам старшыні сацыял-дэмакратаў і меў намер удзельнічаць у выбарах прэзыдэнта 2006. Аднак Валеры Фралоў не змог назьбіраць патрэбнай колькасьці подпісаў і далучыўся да каманды свайго боса, новага старшыні БСДП (Грамада) Аляксандра Казуліна.

Напярэдадні выбараў 2015 генэрал зноў выказваў жаданьне «сур'ёзна падыйсьці да вылучэньня». Ягоныя паплечнікі па партыі сьцьвярджалі, што Фралоў меў нейкую падтрымку ў Маскве і меўся сустрэцца з Пуціным. У лістападзе 2014 Валеры Фралоў памёр у здымнай кватэры. Уласную кватэру ў Горадні ён прадаў, каб раздаць паплечнікам сродкі за дапамогу ў мінулых кампаніях.


Падпалкоўнік Мікалай Казлоў (нар. 1967)



Фота Паўла Хадзінскага

Фота Паўла Хадзінскага

Кіраўнік АГП, які на сёньняшні час знаходзіцца ў засьценках. Яго лёс перакруціўся ў 2008 — на шараговым, як здавалася, мерапрыемстве: Мікалай Казлоў ахоўваў грамадзкі парадак падчас выбараў у так званы парлямэнт і стаў сьведкам супрацьзаконных дзеяньняў з боку старшыні выбарчай камісіі, калі тая разам з іншымі асобамі ўкідвала бюлетэні ў скрыню для галасаваньня. Для Мікалая Казлова гэта стала адкрыцьцём. Верагодна раней, на яго думку, выбары адбываліся па народным волевыяўленьні. Падпалкоўнік напісаў пра гэта рапарт міліцэйскаму кіраўніцтву. Пасьля таго, як адказу не дачакаўся (сюрпрыз-сюрпрыз), Казлоў паведаміў пра гэтае здарэньне ў мэдыях. У хуткім часе на аднаго падпалкоўніка ў міліцыі стала менш. Мікалай Казлоў увайшоў у АГП, а ў 2018 стаў старшынём адной з найстарэйшых партыяў Беларусі.


Падпалкоўнік Валеры Сахашчык (нар. 1964)



b8b530bfa39d6b31f359eacb97527499_1.jpg

Зорка падпалкоўніка толькі пачынае зьзяць, і куды сягне бляск афіцэра ў будучыні — залежыць ад яго самога. Акрамя былых падначаленых па дэсанту ў Берасьцейскай вобласьці да пачатку 2022 Валеры Сахашчык быў невядомы грамадзтву. Зараз жа ён — чалец Аб'яднанага пераходнага кабінэта Сьвятланы Ціханоўскай па пытаньнях абароны і нацыянальнай бясьпекі. Амаль роўня Паўлу Казлоўскаму з пачатку нашага матэрыялу. Валеры Сахашчык валодае харызмай, яго зварот да беларускіх вайскоўцаў пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны, дзе падпалкоўнік заклікаў не нападаць на нашую краіну-суседку, выклікаў шырокі розгалас.

«Расейцы проста сталі ахвярамі сваіх прапагандыстаў, якія паабяцалі, што народ Украіны сустрэне іх хлебам і сольлю, як вызваліцеляў. Ніякіх прававых падставаў у беларускіх вайсковых сілаў урывацца ва Ўкраіну няма. Гэта наўпрост забараняе дзейная Канстытуцыя. Гэта не нашая вайна. Вы не будзеце абараняць сваю радзіму, дом ці сям'ю і не атрымаеце славы — толькі ганьба, зьнявага і сьмерць», — казаў Валеры Сахашчык.  

Зараз, пасьля канфэрэнцыі ў Вільні, увага беларускага грамадзтва да яго ўзрасла стакроць.  Адчуваецца рашучы падыход падпалкоўніка да справы, у якой ён яшчэ мусіць сябе паказаць. Нечаканым было і прызнаньне Валерыя Сахашчыка годным і сумленным чалавекам ад Зянона Пазьняка, які звычайна не раскідваецца падобнымі словамі.