Адносінам Беларусі з Захадам патрабуецца дарожная карта
Любы крызіс, у тым ліку міжнародны — гэта не толькі пагроза, але і акно магчымасцяў. Беларусь паспрабавала па максімуму скарыстацца крызісам вакол Украіны, каб палепшыць свае міжнародныя пазіцыі. Разам з тым, пакуль адносіны з Захадам будуюцца на хісткай каньюнктурнай глебе.
Любы крызіс, у тым ліку міжнародны — гэта не толькі пагроза, але і акно магчымасцяў. Беларусь паспрабавала па максімуму скарыстацца крызісам вакол Украіны, каб палепшыць свае міжнародныя пазіцыі. Разам з тым, пакуль адносіны з Захадам будуюцца на хісткай каньюнктурнай глебе.
Падпісанае ў Мінску 5 верасня пагадненне аб перамір'і паміж варожымі бакамі ва Украіне выконваецца далёка не ідэальна. Афіцыйны Кіеў паведаміў аб гібелі шасці ўкраінскіх вайскоўцаў падчас перастрэлак. Але ўсё ж поўнамаштабныя баявыя дзеянні спыненыя, пачаўся абмен палоннымі.
У той жа час канфлікт паміж Расіяй і Захадам па ўкраінскім пытанні абвастраецца. Каб прымусіць Маскву адмовіцца ад умяшальніцтва ў справы Украіны, ЕС і ЗША ўвялі новыя эканамічныя санкцыі ў дачыненні да прадпрыемстваў ВПК, нафтавых кампаній, вядучых банкаў РФ. У адказ Расія на некаторы час скараціла пастаўкі газу ў Польшчу і Славакію. Масква таксама пагражае спыніць імпарт некаторых відаў прадукцыі з заходніх краін.
Мяркуючы па ўсім, гэта супрацьстаянне паміж Расіяй і Захадам зацягнецца і будзе ў бліжэйшай будучыні вызначаць ўсю архітэктуру міжнародных адносінаў.
І гэта значыць, што ўсім дзяржавам, асабліва размешчаным у рэгіёне Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, трэба неяк адаптавацца да новых рэалій, самавызначацца, выбудоўваць сістэму ўзаемаадносін з глабальнымі гульцамі гэтай геапалітычнай канфрантацыі.
У афіцыйнага Мінска пакуль атрымліваецца віртуозна балансаваць у дачыненні да расійска-украінскага канфлікту. Не выклікаўшы адкрытай незадаволенасці Расіі, Аляксандр Лукашэнка здолеў наладзіць супрацоўніцтва з новым кіраўніцтвам Украіны. Інакш кажучы, за час ўкраінскага крызісу Беларусь змагла не толькі прэзентаваць сябе як нейтральную дзяржаву, але і сфармаваць вобраз краіны-міратворца. Больш за тое, Мінск скарыстаўся момантам і гэтым новым міжнародным іміджам, каб размарозіць адносіны з Захадам.
У пэўным сэнсе беларускае кіраўніцтва паўтарае досвед 2008 года. Тады пасля расійска-грузінскай вайны адносіны паміж Расіяй і Захадам таксама абвастрыліся. А Мінск, дыстанцыяваўся ад Масквы, адмовіўшыся прызнаць незалежнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, пачаў дыялог з Захадам, які цягнуўся да 19 снежня 2010 года — дня разгону Плошчы ў Мінску і пачатку масавых рэпрэсіяў супраць апанентаў рэжыму.
Зразумела, любыя гістарычныя аналогіі ўмоўныя. Бо тады, у 2008 годзе, маштаб канфрантацыі паміж Расіяй і Захадам быў значна менш. Гэта быў чыста палітычны канфлікт, ён фактычна не распаўсюджваўся на эканоміку, ваенную сферу.
Але, тым не менш, папярэдні досвед паказвае, што падчас вострага геапалітычнага супрацьстаяння, абвастрэння адносін паміж Захадам і Расіяй на першы план у міжнародных адносінах выходзяць пытанні геапалітыкі, а пытанні каштоўнасцяў (правоў чалавека, дэмакратыі, палітзняволеных) некалькі адсоўваюцца ў бок. Менавіта на гэта і разлічвае афіцыйны Мінск.
Акрамя таго, на фоне вайны ва Украіне, пагрозы транзіту расійскага газу ў краіны ЕС праз украінскую тэрыторыю беларуская стабільнасць падвышаецца ў цане не толькі для саміх беларусаў, але і для нашых заходніх суседзяў.
Яшчэ адзін момант. Беларускі палітычны рэжым на кантрасце і з Украінай, і з Расіяй стаў выглядаць у вачах Еўропы і ЗША не такім адыёзным, як раней. У Беларусі хоць і саджаюць у турму за палітычную дзейнасць, але не страляюць, з 2000 года апазіцыйныя палітыкі і журналісты не знікаюць. На фоне штодзённых ахвяр вайны ва Украіне гэта ацэньваецца па-новаму. І ў параўнанні з Уладзімірам Пуціным беларускі прэзідэнт стаў выглядаць не самым "дрэнным хлопцам".
Акрамя ўсяго іншага, беларускае кіраўніцтва небеспадстаўна спадзяецца, што Захад аддзячыць Мінску за, скажам так, асаблівую пазіцыю па ўкраінскім пытанні.
І увогуле, працэс размарожвання стасункаў Беларусі з Захадам хоць і павольна, але пайшоў. 26 жніўня ў Мінску Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком знешняй палітыкі ЕС Кэтрын Эштан. Міністр замежных спраў Уладзімір Макей ўпершыню за шмат гадоў ажыццявіў візіт у Польшчу — краіну, з якой у Мінска самыя складаныя адносіны з усіх дзяржаў Еўрасаюза. Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч прыбыла ў Беларусь з афіцыйным візітам.
На мінулым тыдні Мінск наведала даволі прадстаўнічая дэлегацыя ЗША. Прайшлі перамовы з прадстаўнікамі МЗС, міністэрстваў эканомікі, абароны, адукацыі.
Зразумела, што беларускі палітычны рэжым у вачах ЗША і ЕС не ператворыцца ўраз з гадкага качаняці ў прыгожага лебедзя. Але першыя прыкметы дыялогу ў наяўнасці.
Пэўным момантам ісціны ў гэтым сэнсе стане пытанне аб эканамічных і візавых санкцыях, уведзеных Еўрасаюзам у дачыненні да беларускіх службовых асоб і буйных бізнесменаў. Тэрмін дзеяння санкцый заканчваецца ў кастрычніку, і ЕС павінен будзе прымаць рашэнне ці аб іх працягу, альбо аб адмене, альбо пра мараторый на прымяненне гэтых "абмежавальных мер".
Акрамя тэмы палітвязняў і парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, ёсць яшчэ дзве праблемы, якія будуць перашкаджаць нармалізацыі адносін паміж нашай краінай і Захадам.
Па-першае, Беларусі, якая апынулася ў самым цэнтры нарастаючага на вачах глабальнага супрацьстаяння паміж Расіяй і Захадам, будзе нялёгка манеўраваць паміж гэтымі міжнароднымі цэнтрамі сілы.
Масква будзе вельмі хваравіта рэагаваць на любыя спробы заляцання Мінска з ЗША і ЕС. У адказ на рашэнні НАТА пра ўзмацненне ваеннай прысутнасці ў нашым рэгіёне Расія пачне прадпрымаць дзеянні ў адказ, у тым ліку і з тэрыторыі Беларусі.
Можна меркаваць, што моцна актывізуецца імкненне Масквы размясціць тут сваю ваенную авіябазу. І калі Расія паставіць пытанне рубам, то Мінску будзе цяжка адкруціцца. Зразумелая справа, гэта не выкліча захаплення ў нашых заходніх суседзяў.
Па-другое, узнікае пытанне аб парадку дня гэтага дыялогу паміж Беларуссю і Захадам. Безумоўна, на першае месца выходзіць праблема вырашэння ўкраінскага крызісу і ролі ў гэтым працэсе Беларусі. Падчас візіту Макея ў Варшаву менавіта гэтая тэма афіцыйна вылучалася на першы план.
Ёсць яшчэ пытанне аб супрацоўніцтве ў транзіце і перапрацоўцы ў Беларусі прадуктаў харчавання і сельскагаспадарчай сыравіны з краін ЕС для наступнага продажу ў Расіі. Гэтая тэма актыўна абмяркоўваецца на перамовах Беларусі з Польшчай, краінамі Балтыі.
Але гэта ўсё хутчэй часовыя, кан'юнктурныя, бягучыя пытанні. На іх складана будаваць трывалую аснову адносін. А патрэбна доўгатэрміновая парадак дня, дарожная карта. Так, ідуць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму. Але гэтага мала. Дыялог аб мадэрнізацыі — тэма зусім штучная і несур'ёзная. Пытанні аб дэмакратыі і правах чалавека фактычна вынесеныя за дужкі дыялогу. Што яшчэ?
У любым выпадку нясмелая спроба дыялогу паміж Беларуссю і Захадам — гэта новы выклік для абодвух бакоў.
Валерый КАРБАЛЕВІЧ, эксперт аналітычнага цэнтра "Стратэгія" — для БелаПАН.