Барацьба сістэмы з часам. Няспынны дзень сурка АДКБ

Ці адлюстроўвае самая салідная газета краіны рэальнасць? Адлюстроўвае — і статыстыка гэта пацвярджае. Калі ў 2021 годзе пошукавік налічыў 418 публікацый, якія змяшчаюць абрэвіятуру АДКБ, то ў наступным годзе — аж 972! 

Ілюстрацыйная выява, створана пры дапамозе нейрасеткі

Ілюстрацыйная выява, створана пры дапамозе нейрасеткі

Растлумачыць 132-працэнтную прыбаўку нескладана. Па-першае, 2022 год пачаўся з масавых пратэстаў у Казахстане, а па-другое — 24 лютага наступіла... 24 лютага. Мяркую, гэтая таўталогія не мае патрэбы ў тлумачэнні.

Калі падзяліць 972 публікацыі 2022 года на 12, мы атрымаем 81 публікацыю  на месяц. Аднак у студзені «залатыя пёры» выдалі на-гара 286 публікацый — і перакрылі сярэднямесячную норму больш чым у тры разы.

Такая вось статыстыка, і яна адлюстроўвае рэальнасць, сфарміраваную ў галовах тых, хто займае вышэйшыя ўзроўні ўладнай вертыкалі. Што тычыцца «залатых пёраў», то яны граюць як умеюць — і граюць па нотах метадычак.

Вялікае бачыцца на адлегласці

АДКБ, калі хто забыўся, — гэта арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бяспецы. У цяперашні момант арганізацыя налічвае шэсць чальцоў: Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан.

Згодна з артыкулам 4 Дамовы аб калектыўнай бяспецы, падпісанай 15 траўня 1992 года, «калі адна з дзяржаў-удзельніц падвергнецца агрэсіі (узброенаму нападу, які пагражае бяспецы, стабільнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту), то гэта будзе разглядацца дзяржавамі-ўдзельніцамі як агрэсія (узброены напад, які пагражае бяспецы, стабільнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту) на ўсе дзяржавы-ўдзельніцы гэтай Дамовы».

У тым, што Казахстан у першых днях студзеня 2022 года падвергнуўся ўзброенаму нападу звонку, у кіраўнікоў АДКБ сумненняў не ўзнікла. Вось як прычына масавых пратэстаў бачылася з Мінска: 

«Мы разумеем, што падзеі ў брацкай нам рэспубліцы — чарговая спроба знешняга ўмяшання ва ўнутраныя справы незалежных дзяржаў, а пагрозы, з якімі сутыкнуўся Казахстан, з'яўляюцца агульнымі для большасці дзяржаў на постсавецкай прасторы.

Казахстан падвергнуўся ўзброенай агрэсіі добра скаардынаваных тэрарыстычных груп. Яны прайшлі спецыяльную падрыхтоўку і маюць баявы вопыт, атрыманы ў розных гарачых кропках».

Паводле першага радка Евангелля ад Яна, «спачатку было слова». А што потым? На жаль, у нашай культуры справы ідуць за словам не вельмі часта. Зразумела, калі гаворка не ідзе пра ўтрыманне асабістай улады. Ужо 7 студзеня на самалётах ваенна-транспартнай авіяцыі ў Казахстан сталі прыбываць падраздзяленні Паветрана-дэсантных войскаў Расіі. Да іх далучыліся і вайскоўцы астатніх краін-удзельніц АДКБ.

Вялікае бачыцца на адлегласці. Прайшоў год — і генеральны пракурор Казахстана Берык Асылаў назваў імёны галоўных арганізатараў беспарадкаў. Спіс узначаліў экс-кіраўнік Камітэта нацыянальнай бяспекі Казахстана Карым Масімаў і яго намеснік Ануар Садыкулаў.

Свой унёсак у аналіз прычын масавых пратэстаў зрабіў і прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў. У студзені 2022 года на сустрэчы з бізнесменамі ён падзяліўся разлікамі міжнародных экспертаў, згодна з якімі «паловай дабрабыту Казахстана валодаюць 162 чалавекі, у той час як у паловы насельніцтва штомесячны даход не перавышае 50 тысяч тэнге, гэта крыху больш за 1300 долараў на год». У месяц атрымліваецца 108 долараў. На думку прэзідэнта, «на такія грошы пражыць практычна немагчыма».

Кішка аказалася тонкая

Для ацэнкі аператыўнасці, прадэманстраванай у Казахстане, нам варта перамясціцца ў Нагорны Карабах. Чарговае азербайджанска-армянскае ваеннае супрацьстаянне, якое скончылася ў верасні 2023 года пераходам усёй тэрыторыі рэгіёну пад кантроль Азербайджана, не прымусіла кіраўнікоў АДКБ перайсці ад слоў да справы.

Слоў жа было сказана звышдастаткова, прычым галоўныя прагучалі з вуснаў Уладзіміра Пуціна яшчэ ў лістападзе 2020 года: «Арменія ж не прызнала незалежнасць і суверэнітэт Нагорнага Карабаха. Гэта азначала з пункту гледжання міжнароднага права — і Нагорны Карабах, і ўсе прылеглыя да яго раёны з'яўляліся і з'яўляюцца неад'емнай часткай тэрыторыі Азербайджанскай Рэспублікі. Дагавор АДКБ аб калектыўнай бяспецы прадугледжвае ўзаемную дапамогу ў выпадку агрэсіі ў дачыненні да тэрыторыі краіны-ўдзельніцы гэтай дамовы. На тэрыторыю Армянскай Рэспублікі ніхто не рабіў замах».

Глядзіце таксама

Прасцей развязаць гордзіеў вузел, чым разабрацца ў гісторыі канфлікту. Тым не менш у ХХ стагоддзі доля армянскага насельніцтва не апускалася ў Нагорным Карабаху ніжэй за 76 працэнтаў, а пасля першай Карабахскай вайны перавысіла ў 1994 годзе 99 працэнтаў.

Не АДКБ развязала канфлікт, адным з бакоў якога з'яўляецца дзяржава-ўдзельніца дамовы, але паўплываць на яго рашэнне спецыялісты па калектыўнай бяспецы не здолелі. Кішка аказалася тонкая.

Ад халоднай да гарачай

«Абсалютна ўсё, што адбываецца на вашых вачах, — тлумачыць расійскі грамадскі дзеяч Максім Кац, — гэта няроўная бітва сістэмы з часам. Натуральна, яго ход прымушае ўсё мяняцца, а сістэма з усіх сіл гэтаму перашкаджае, імкнучыся закансерваваць сябе ў нейкім дні сурка».

Алгарытм самазахавання нязменнай улады даўно выпрацаваны. Яго цэнтральным элементам з'яўляецца стварэнне выявы ворага. На гэтым і спецыялізуецца інтэграцыйная інстытуцыя, якая хаваецца за абрэвіятурай АДКБ.

Барацьба за шматпалярны свет — толькі адзін з прыкладаў намаганняў па пошуку чорнай кошкі ў чорным пакоі, у якім яе няма.

Дам слова сакратару Савета бяспекі РФ Мікалаю Патрушаву: «Ужо ў пачатку 2000-х гадоў У. У. Пуцін бачыў рашэнне шматлікіх міжнародных праблем у пабудове шматпалярнага светапарадку. Гэтаму была прысвечаная яго фундаментальная прамова ў Мюнхене ў 2007 годзе. Тады ён адзначыў, што для сучаснага свету аднапалярная мадэль не толькі непрымальная, але і наогул немагчымая. Мюнхенская прамова кіраўніка дзяржавы выклікала шок і непрыманне ў заходнім табары. Менавіта пасля яе кіраўніка расійскай дзяржавы Захад прылічыў да сваіх ворагаў, а пазней запусціў кампанію па яго персанальнай дэманізацыі».

Звярніце ўвагу на супярэчнасць унутры цытаты: прамова, накіраваная на рашэнне «шматлікіх міжнародных праблем», «выклікала шок і непрыманне ў заходнім табары».

Ці варта пасля гэтага здзіўляцца, што Мюнхенская прамова выступіла ў ролі трыгера другога выдання халоднай вайны, якая на нашых вачах пераходзіць у гарачую.