АДКБ развальваецца? Арменія адмовілася праводзіць вучэнні ў 2023 годзе

Арменія не будзе праводзіць сёлета вучэнні АДКБ на сваёй тэрыторыі. Пра гэта паведамляе РІА «Новости» са спасылкай на прэм'ер-міністра краіны Нікола Пашыняна.

cl1_710_1200_6_pic_32ratio_900x600_900x600_70246.jpg

«Я думаю, што тут ёсць неразуменне, бо Міністэрства абароны Арменіі ўжо пісьмова праінфармавала Аб'яднаны штаб АДКБ, што правядзенне ў Арменіі вучэнняў у сітуацыі, якая склалася, лічым немэтазгодным. Гэтыя вучэнні ў Арменіі, па меншай меры ў гэтым годзе, не адбудуцца», — сказаў Пашынян.

Раней Мінабароны Расіі заяўляла, што ў Арменіі правядуць сумесныя вучэнні міратворчых кантынгентаў АДКБ «Непарушнае братэрства — 2023». У Арганізацыю Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) уваходзяць Расія, Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан і Таджыкістан.

На дэмарш Ерэвана Расія пакуль уцямна не адказала.

Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што адмова Арменіі ад правядзення ў 2023 годзе на яе тэрыторыі вучэнняў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) з'яўляецца новай заявай, якую РФ збіраецца «растлумачыць».

Пяскоў падкрэсліў, што Арменія ў любым выпадку з'яўляецца вельмі блізкім саюзнікам Расіі.

«Мы будзе працягваць дыялог. Уключаючы і тыя пытанні, якія цяпер з'яўляюцца вельмі складанымі», — адзначыў прадстаўнік Крамля.

Нагадаем, што Арменія расчараваная пазіцыяй АДКБ адносна падзей у Нагорным Карабаху. У адпаведнасці з калектыўнай дамовай, арганізацыя мусіць падтрымліваць свайго чальца. Аднак па факце АДКБ, якая аб'ядноўвае ў асноўным дыктатарскія рэжымы, дыстанцыянавалася ад канфлікту і ўхілілася ад абароны дэмакратычнай Арменіі.